Выбрать главу

Марыя Апанасаўна распавяла, што па суседніх вёсках анкалогія пайшла — страшна сказаць. «А гэтыя, шчытай, у самым пекле былі, каля самай радзівацыі жылі паўтара года — і цалёханькія». І сам стары Бабровіч Іван, і жонка ягоная Тэкля, і тры сыны іх з жонкамі ды дзецьмі — усе здаровыя як ва­лы. І пачалі Бабровічы лекаваці людзей. Усіх лекавалі. Бульбай! Але насенне той бульбы нікому не давалі. Калгасны тэхнолаг Валянціна Бужко скрала неяк адну бульбіну і павезла ў Менск у інстытут бульбаводства. «Валька з камандзіроўкі ў Менск не вярнулася. Затое прыехалі людзі ў гражданскім і запхалі Бабровічаў — усю сям'ю — у аўтобус «ЛАЗ». Больш мы Бабровічаў ня бачылі». Марыя Апанасаўна сказала, што Бабровічы адзін раз прыслалі паштоўку, нібы жывуць у Менску. «Але хто там праверыць, ці праўда».

«Дык штой-то я. Бабровічаў калі грузілі, Іван — які старэйшы — з кішэні бульбінку ма­ленькую выкінуў і ў мой бок нагой штурхануў. А я яе ціхенька за хатай пасадзіла, а яна і вырасла і клубні дала... за два месяцы!

Так я невялікі кусочак агароду і дзяржу пад тую бульбу. Колькі мне гадоў? Думаеш, семдзесят? Сто чатыры ўжо! Ні хваробы, ні знямогі. І ты не хварэй».

— У нас у Горадзе-Героі людзі не старэюць. — Працягвала Люцыя. — Колькі мне гадоў, я не скажу, але павер, што адчуваю сябе на дваццаць пяць. У нас на ўвесь Горад-Герой засталося ўсяго тры лекары — тры траўматолагі. У выпадку неабходнасці, напрыклад, масавай бойкі ці празмерна вялікіх стратаў на фронце барацьбы з каларадскімі жукамі, мы запрашаем хірургаў патрэбнага профілю з Менску. Для менскіх такая дапамога — гэта кшталту гуманітарнай місіі. Наўзамен Кароль закрывае вочы на існаванне нашага «гета» ў Горадзе-Героі. Такі сабе баш на баш. Чаму людзі перасталі хварэць і старэць, мы дакладна не ведаем. Змены ў прыродзе? Хм. Я не ўжываю «каларадкі», але, як і большасць гараджанаў, трымаю ў кватэры гаршчок з раслінай буль­бы. Асабіста я перакананая, што менавіта «дружба» амалоджвае арганізм. Звесткі з Альманскага палігону, здабытыя Зуляй, — наўпроставае таму пацвярджэнне. Гэта інфармацыя пра дзіва-бульбу была вядомая ўсяму кіраўніцтву Супраціву. Альгердыч пра гэта табе не казаў?

— Не. Нас у школе толькі папярэджваюць: ні пры якіх акалічнасцях не ўжываць бульбы.

— А кветачкі ў гаршчэчках не растуць бульбяныя?

— Не.

— У кожным разе Каралю вельмі пашанцавала з «дружбай», бо ягоны галоўны дэвіз — «Мы перамаглі старасць і хваробы!». І што ты скажаш насуперак? «Не ўжывайце «каларадкі», а толькі трымайце бульбу побач у гаршках?» Раскажаш пра пабочныя эфекты ад «каларадкі»? Пра «пяцёрачку», праз якую людзі кудысьці знікаюць? Ды ўсім насраць на пабочныя эфекты! Жыццё — кайф, жыццё — амаль вечнае. Праўда, не бы­ло яшчэ магчымасці спраўдзіць, ці вечнае.

Дзікун сцісла распавёў пра тое, што ўжо быў адзін раз на вяселлі, і пра тое, што з ім адбылося пасля ўжывання бульбяной гарэлкі і дранікаў са скваркамі. А таксама пра тое, што ўбачыў у бары «Сумёт», калі людзі глядзелі статычную карцінку як відэа.

— Уся справа ў «каларадцы», — патлумачыла Люцыя. Так мы ў «гета» клічам кожны харчовы выраб з гатунку бульбы «дружба». У чым эфект «каларадкі»? Калі вобразна, у першабытным грамадстве ша­ман ведаў лепш за ўсіх «шоргат траваў». У нас Кароль, як той шаман, кіруе шоргатам фантазіяў. Не дзівіся, ключавое слова — «фантазія».

Гэта толькі для невялікай колькасці «веганаў», як клікалі тых, хто не ўжывае «каларадкі», усё наўкола было нявызначаных колераў, падрапанае, зашмальцаванае, гру­ба намаляванае, безгустоўна аздобленае. Для тых, хто ўжывае «каларадку», наваколле такое, якім яны яго сабе нафантазіявалі.

«У вяселля дзень урачысты

Наша шчырае вам пажаданне:

Хай нязгасна ў небе чыстым

Свеціць ваша зорка Кахання!»

Вяселле з Партызанскага праспекту перамясцілася за сталы ў дворыку «гета». «Жаніху» завязалі вочы і прапанавалі сярод некалькіх дзяўчат пазнаць сваю каханую навобмацак па руцэ. Акторкі, якія гралі дружак «нявесты», падышлі максімальна сур'ёзна да справы, таму падстаўлялі пад руку Дзікуна і грудзі, і сцёгны, і азадкі. «Каб хоць пасмяяцца ўжо ж!»

Люцыя сказала, што Дзікуна хутчэй за ўсё ўзялі на аловачак спэцслужбы, бо быць жаніхом дзяячкі «гета» — гэта ўжо выклік уладам. «Зрэшты, вясельны стол — ідэальнае месца для канфідэнцыйнай размовы», — падумаў Дзікун.

Праз эксперыменты на сабе, хімічныя аналізы, а найперш — тэхнічную дакументацыю, здабытую Зуляй, пра «каларадку» сёння было вядома наступнае.