«Каларадка» — гэта рэчыва, якое ўтрымліваецца ў кожным гатунку бульбы, але толькі ў «дружбе» набывае найбольшую моц.
«Каларадка» — не наркотык у медычным сэнсе слова. Яна не робіць наўпроставай шкоды чалавечаму арганізму.
«Каларадка» ўплывае на фантазійны апарат мазгоў чалавека.
«Каларадка» ўзмацняе творчую энергію і праганяе яе ў свядомасці на паскоранай хуткасці ўхаластую. У прынцыпе, гэта самае галоўнае, далей — дэталі.
«Мы маладым у іх каханні
Гадоў жадаем маладых.
Каб іх сям’я на мель не села
І каб адчай не біў пад дых».
Стымулятары — алкаголь, а ў большай ступені наркотыкі, — робяць дэцэнтралізацыю свядомасці, пачынаюць гуляцца з ёю, кіраваць працэсамі. А пад «каларадкай» чалавек захоўвае самакантроль уласнай свядомасці. Напрыклад, цудоўна разумее, што ў корпус тэлевізара ўстаўленая статычная карцінка. Карцінка для чалавека — проста тэма для фантазіі. Уяўленне чалавека за секунды праганяе перад вачыма, напрыклад, футбольны матч.
Той самы эфект разгону фантазіі працуе на ўспрыняцце эксды інтэр'ераў, якія ў Горадзе-Героі звычайна не маюць выразна акрэсленых колераў і адценняў, а часам і формы. Але пасля ўжывання «каларадкі» набываюць канкрэтыку дзякуючы багажу памяці. Падобнае адбылося з Дзікуном на вяселлі ў «Турысце». Фантазія скарысталася з карцінак у памяці, усё наўкола зайграла фарбамі і формамі. Але паколькі Дзікун быў не падрыхтаваны і адразу ўжыў «тройку» — досыць моцную ступень «каларадкі», — атрымалася што атрымалася: хаос перад вачыма.
«Жадаю я табе, Люцыя,
Каб ты ў кожным годзе
Цвіла, як мак у агародзе.
Не адставала ты ад моды,
Нягледзячы на ўсе расходы.
Да мужа мела трохі ласкі,
А ён за гэта купіць краскі.
Малюй ты вусны, шчокі, бровы
У выгляд рознакаляровы».
Дзікуну карцела зноў ужыць «каларадку», каб паглядзець, у што аформіцца краявід, які пакуль складаўся з парэпаных і пашмальцаваных сценаў, дзвярэй ды лавак двара. Але далейшы расповед Люцыі адбіў ахвоту эксперыментаваць з бульбяным рэчывам.
«Каларадка» не проста разганяе фантазійны рэсурс чалавека да касмічных хуткасцяў. За час працяглага ўжывання рэчыва спусташае фантазійную энергію свядомасці. Чалавек робіцца не здатным на крэатыў і крытычнае мысленне. Самае галоўнае — робіцца не здатным выцягваць вобразы з памяці. Тады звонку чалавеку ў свядомасць можна закідаць для выканання якія заўгодна тэмы. Вось таму ў барчыку «Сумёт» перажывалі за Ваню, які перайшоў на «пяцёрку». А «пяцёрка» — гэта паказнік блізкага фіналу.
«Дару ніткі, каб малады не глядзеў на чужыя лыткі!
Дару трошкі медзі, каб дзеткі былі тоўсценькія, як мядзведзі!
Дару кляновы лісточак, каб першы нарадзіўся сыночак!»
Усе змены ад ужывання «каларадкі» адбываюцца паступова. Рэчыва мае пяць асноўных ступеняў уздзеяння на свядомасць.
1. «Адзінка». «Кол», «дрын». Вараная бульба гатунку «дружба». Гэта своеасаблівая трэніроўка для свядомасці. Эфект выяўляецца на гастранамічным узроўні. Усе ядуць адно бульбу, але кожны адчувае свае ўлюбёныя дадатковыя смакі: кроп, масла, алей, селядзец, скваркі, смятану, грыбы і гэтак далей.
2. «Двойка». «Пара», «дуплет». Смажаная ці печаная «дружба». У працэсе апрацоўкі выдзяляе своеасаблівы «пяршак» рэчыва «каларадкі». Эфект яшчэ не надта моцны, але ў адрозненне ад «адзінкі» дазваляе ўявіць сабе смак якой заўгодна стравы, каштаванай хоць раз чалавекам. Свіную адбіўную, чызбургер, салат аліўе, фуа-гра. Ды што заўгодна! Вось і адказ на пытанне, чаму ў Горадзе-Героі на сталах такі сціплы набор складнікаў страваў, пераважна бульба ды сала. Але людзі ведаюць, што арганізму патрэбныя розныя рэчывы кшталту вітамінаў ці фосфару, таму ловяць ягадныя кусты і час ад часу бяруць на рынку садавіну і морапрадукты.
3. «Тройка». «Трайбан», «гарыныч». Бульбяны самагон. Апроч уласна алкагольнага ўздзеяння «тройка» дае мазгам дастаткова моцную дозу рэчыва «каларадкі». Як і алкаголь ці лёгкі наркотык, тут «каларадка» трымае эфект адно некалькі гадзінаў, але на канцэнтраваным узроўні. «Тройка» дапамагае вельмі моцна засяродзіцца на патрэбнай тэме. Страляць — максімальна пацэльна, весці транспарт — максімальна паводле правілаў, фармуляваць думку — максімальна дакладна. Але пазітыўны эфект — кароткатэрміновы, бо алкаголь хутка расфакусоўвае свядомасць. Яшчэ «тройка» ўзмацняе «адзінку» і «двойку».
4. «Чацвёрка». «Квартэт», «квадрацыкл». Можа быць як у вадкім, так у цвёрдым выглядзе, звычайна гэта чыпсы і гарэлка. Вельмі моцная рэч. Рэгулярнае ўжыванне дазваляе канцэнтравацца на адной тэме, перажываць і асэнсоўваць яе з усіх бакоў. Трымае доўга. Кажуць, інжынеры МАЗу сядзяць на «чацвёрцы», прыдумляючы новыя — больш эфектыўныя — спосабы металаздабычы. Таксама кажуць, што падчас сезонных атак каларадскіх жукоў (чатыры ўраджаі — чатыры атакі на год) на палях «дружбы» на «чацвёрку» саджаюць узброеную ахову. Таксама кажуць, што рэдка хто пасля хоча адмаўляцца ад «чацвёркі», бо можна канцэнтравацца не толькі на рабоце. Можаш завісаць на тэме якога-небудзь задавальнення. Любая фантазія робіцца рэальнасцю.