Калі доўга вісець на «чацвёрцы», вы пражываеце большасць сваіх жыццёвых задумаў, мараў, фантазіяў. Не тое каб усе, але самыя яркія, тыя, што на паверхні свядомасці. А пасля мазгі як бы зачышчаюцца наждаком, і нырцануць у глыб свядомасці, каб пашукаць там даўно забытыя вобразы ды фантазіі, ужо немагчыма.
Дадатковы разбуральны эфект ад злоўжывання «чацвёркай» — вы губляеце інтарэс да навакольнай рэчаіснасці, у вас знікаюць якія-кольвек рэальныя жаданні, адпаведна, і планы на будучыню. Вы не будзеце рэалізоўваць сваіх колішніх задумаў, бо яны вам ужо не цікавыя. Вы іх пражылі-пракруцілі пад рэчывам. Так, напрыклад, дэградуе інстытут сям'і. Ты захапіўся кімсьці, пракруціў у фантазіі адносіны на гады наперад і згубіў інтарэс. Працяглае злоўжыванне «чацвёркі» ставіць чалавека адной нагой у «пяцёрку».
«Дару вулей пчолаў, каб ноччу джгалі і маладым спаць не давалі!
Дару маладога дугою, каб не хадзіў за другою!
Дару маладой бурака, каб не мела мужа дурака!»
5. «Пяцёрка». «Пятачок», «хрукалка», «свініна». Існуе ў выглядзе парашка як дадатак да ежы ды напояў. Ужываецца, калі чалавек сам ужо не можа выцягваць з памяці вобразы і не здатны ўспрымаць новыя. Таму тэму для фантазіі прапаноўвае спецыяльны чалавек — аператар фантазіяў. Каротка іх клічуць словам «кэп». Кэп дае табе тэматыку і ў момант прыёму рэчыва настройвае табе мазгі, як звычайна круцяць ручку ў радыёпрымачы. Толькі кэп робіць настройку, гіпнатызуючы кліента. Ад «наладчыка» патрабуецца толькі адзін штуршок, каб вашая фантазія пайшла ў патрэбным рэчышчы.
Калі ўжыць «пяцёрку» самастойна, можна сысці ў такія прыцемкі свядомасці, з якіх цяжка вярнуцца. Уласныя вобразы, назапашаныя памяццю за жыццё, робяцца заблакаванымі, таму на новую фантазію можа паўплываць што заўгодна. Праляцела міма муха, так і будзеш «лятаць» па памыйках, пакуль не адпусціць. А не адпускае доўга. Але часцей едзе дах, і справа канчаецца Свінакомплексам. «Што там адбываецца з чалавекам, мы не ведаем, са Свінакомплексу ніхто не вяртаўся. Мы думаем, што чалавек пэўны час там працуе, магчыма, сартуе гной, а пасля чалавека скормліваюць свінням».
Апроч просценькіх фантазіяў на тэму сексу і гвалту, аператары-кэпы ўплюшчваюць у галовы не відавочныя, але канкрэтныя ідэі-задачы: схадзі зрабі тое і гэтае. І пасля не дакажаш, што чалавек не сам наважыўся на нейкі крымінал. Напрыклад, у адкрытую забіў кагосьці «сільна вумнага» на думку аховы Караля.
Доза «пяцёркі» трымае чалавека ў тонусе каля месяца. Пасля трэба ізноў ісці да кэпа. Калі ў чалавека перад тым былі нейкія запасы грошай, з пачаткам «пяцёркі» іх найчасцей ужо няма. Таму аплата за рэчыва адбываецца работай. У мірны час гэта праца на градах з «дружбай», рамонтныя работы ў гушчарах «пушчы». Падчас атак каларадскіх жукоў многіх «пяцёрачнікаў» мабілізуюць, канцэнтруюць кожнага на канкрэтнай баявой задачы.
«Мы думаем, што аператары — дэ-факта куратары са спецслужбы Караля. Яны выкарыстоўваюць «пяцёрачнікаў» для сваіх сакрэтных аперацыяў. Прычым, ім не трэба нікога вербаваць. Нават з кабінета выходзіць не трэба — самі прыходзяць».
— І апошняе пра «каларадку», Дзікун. Рэчыва вядзе да нейкіх, не вядомых нам, зменаў у арганізме. Змены фіксуюць праз аналізы, якія робяць партатыўнымі машынкамі... А, ты ўжо бачыў? І бачыў, як людзей забіраюць?.. Лік зніклых на Свінакомплексе за ўсе гады ідзе на тысячы і тысячы. Але апошнія пару месяцаў, здаецца, сітуацыя пагоршылася. Людзей пачалі адлоўліваць як зайцоў.
«Горка-а-а!!!»
Дзікуну спадабалася, як цалуецца Люцыя.
— Усе ведаюць уласцівасці «каларадкі», але не лічаць іх чымсьці заганным. «Слабак» — робяць вердыкт жыхары Горада-Героя, калі бачаць, як на Свінакомплекс вязуць чарговую ахвяру бульбянога рэчыва. А яшчэ — хто не ўжывае бульбы, той «горшы за підара», — падсумавала свой расповед Люцыя.
«Трыццаты юбілейны марш да Дня Горада-Героя абвяшчаецца адкрытым!» — паведаміў дыктар з рэпрадуктараў такім тонам, нібы вось проста зараз, у гэтае імгненне, здарыцца штосьці незваротнае.