Выбрать главу

«З-з-зааааа-вяршаецца першая частка ўрачыстасці! Просім гледачоў перасунуцца да сваіх сектараў на стадыёне «Трактар», пазначаных у запрашальніках. А-а-а-а-аааа васямнаццатай гадзіне пачнецца галоўная — фінальная — частка свята Дня Паў... Горада-Героя. А пакуль вы можаце пачаставацца вырабамі нашых найлепшых бульбаводаў, рыбакоў, паляўнічых і збіральнікаў. Ад гасцініцы «Турыст» і да парку 50-годдзя Акцябра ўключна працуюць выязныя крамкі нашага штогадовага фестывалю, прымеркаванага да перамогі ў Бітве за Велазавод!»

«Улетают, улетают птицы в даль / Не зовут меня с собой в свой дивный край...»

За невялікі час жыцця ў Горадзе-Героі Дзікун нырцануў у трэці з ліку карнавал. Спачатку было вяселле ў «Турысце», сёння вось Дзень Горада, а ўчора было як бы вяселле з Люцыяй — адгулялі па поўнай праграме. Дзікун пабачыў, як абсалютна цвярозыя людзі («мы ж на заданні») цалавалі «цешчы» каленку, пілі з пантофлі «нявесты» як бы гарэлку, «нявесту» выкрадалі, выкуплялі, поўзалі на жыватах і спінах, каб выканаць конкурсы, адгадвалі загадкі, а ў канцы пад грукат песень як бы лабухаў нават як бы пабіліся. Фінал быў нечаканы нават для бы­валых «вясельнікаў». «Маладых» адарылі апошнім піскам моды шлюбных рытуалаў — арандаванай саўнай на колах. Будка на грузавіку «ГАЗ-66» бадзёра дыміла і абяцала першую шлюбную ноч у зайздроснай для ўсіх тубыльцаў Горада-Героя версіі. «З заез­дам на элітны пляж у раёне вуліцы Маляўкі, не абы дзе!» Пазней Люцыя патлумачыла: «Добрая маскіроўка, каб аб'ехаць ускрайкі гораду і паглядзець, дзе якія размешчаныя патрулі і стацыянарныя пасты міліцыі».

А пачала Люцыя размову ў лазні на колах так: «Быў у мяне хлопец калісьці, які казаў што Люцыя і Люся — гэта як «Мерседэс» і «Жыгулі». Кабета цалкам распранулася і ўскараскалася на паліцу ў парылцы, перад тым жэстам паклікаўшы Дзікуна за сабою. Унутры лазні апроч уласна парылкі быў невялікі пакойчык: кухня-гасцёўня. Стол, пара крэслаў і хоць і невялікая, але двухспальная канапа (з бялізнай!).

«Дзікун, калі я табе падабаюся, мы пасля лазні зоймемся сексам. Я займаюся сексам толькі з адзінадумцамі і толькі напярэдадні акцыі. Заўтра будзе наш «гетаўскі» экшн, але без твайго ўдзелу. У нас усё даўно спланавана, і мы ведаем, што і як рабіць. Але ёсць справа, якую без бачуна мы не рэалізуем. Мы хочам схапіць Караля. Мы ведаем, што ён жыве на ЦЭЦ-3, мы ведаем падземны ход да ЦЭЦ-3, і мы не можам прайсці гэты маршрут, бо ён поўніцца пасткамі. Бачуна мы чакаем ужо амаль трыццаць гадоў. Вас усіх, яшчэ ма­лых, вывезлі з Менску. Альгердыч вывез. І тое, што вас вывезлі, сталася прадметам канфлікту ўнутры Менскага падполля... А, і так: як бачыш, саўна тут не фінская, а мокрая, то бяры венік, палі вады на вуголле і пачынай».

Дзікун паддаў пары і пачаў.

Пакуль Дзікун працаваў венікам, Люцыя адасоблена, амаль як голас-робат у тэлефоннай слухаўцы, інфармавала пра стан рэчаў. Кароль быў датычны да вынаходніцтва абсалютнай зброі. Гэта галоўнае, што было вядома. Што за зброя, якога характару — ніхто не ведаў. Амаль усю інфармацыю аб меркаванай абсалютнай зброі знёс з са­бою Альгердыч.

Люцыя была перакананая, што нейтралізаваўшы Караля, можна спыніць апрацоўку жыхароў Горада-Героя «каларадкай». А таксама выйсці праз Караля на матэрыялы аб абсалютнай зброі. Люцыя пыталася, ці не атрымаў Дзікун ад Альгердыча дадатковай інфармацыі аб прадмеце цяперашняй размовы. Люцыя не хавала скепсісу, калі Дзікун адказваў адмоўна.

Дзікун працаваў венікам ахайна, не лупцаваў, а масажаваў — так было прынята ў До­брым Месцы. Дзікун думаў: «Альгердыч, ты вучыў мяне не тое што не ўжываць, нават не думаць мацерных словаў. І вось, Альгердыч, я іх паўтараю ў думках на твой адрас. Бо я не ведаю, чаму з мяне хочуць выцягнуць інфармацыю, якая тэарэтычна мусіла б быць вядомай усім лідарам колішняга падполля. А самае галоўнае — усе робяць адну справу і мусілі б давяраць адзін аднаму».

— Люцыя, як дазнацца, хто такія «чорныя п'яўкі»?

— Толькі праз Караля.

Прыехалі на пляж. Метраў сто даўжынёй і дваццаць шырынёй агароджанай тэрыторыі. У пяску ўторкнутыя падпаленыя паходні. Наўкола нікога. У сэнсе — не бачна нікога.