Выбрать главу

Ну хоць бы кіроўцу грузавіка за танаваным шклом. Галяком скокнуць з парылкі ў ваду — проста асалода. Разам з Люцыяй. Пасля віно з дзьмухаўцоў. І вось цяпер Дзікун займаўся сексам на пляжы з паплечніцай у змаганні. У перапынках паміж сексам Люцыя загінала пальцы:

— Краіны трэба параўноўваць не квадрат­ным! кіламетрамі, а колькасцю разнастайнасці жыцця на квадраты кіламетр.

Мы хочам тут, у Горадзе-Героі, пашыраць прастору разнастайнасці жыцця.

Мы адціскаем шчасце ў лёсу.

Мы хочам наляпіць «гета», як пчаліныя соты. Хай іх будзе меней колькасна адносна агульнага насельніцтва, але гэтыя «соты» будуць і самадастатковыя і структураваныя. А значыць — трывалыя. А галоўнае — напоўненыя матываванымі і салідарнымі людзьмі. Гэтыя асяродкі будуць якасна канкураваць з большасцю грамадства. А таму — прыцягваць да сябе ўсё больш людзей. І ўрэшце з часам «гета» і станецца большасцю.

Дзікун адказаў:

— Захопім Караля. Магчыма, нейтралізуем пагрозу «п'явак», якія відавочна валодаюць надчалавечымі здольнасцямі.

Дзікун распавёў гісторыю з'яўлення «чорных» каля Новай Зямлі і працягваў:

— А далей? Знішчым плантацыі «друж­бы»? Людзі не будуць ужываць «каларадкі». Што зменіцца?

— Крэатыўна фантазіяваць будуць, з вынікам. Больш актыўна ўглядацца ў рэальнасць. Можа, для пачатку заўважаць, як брыдка выглядае Горад-Герой. Колькі тут трэба фарбаваць, рамантаваць, упрыгожваць. А далей мы зможам больш эфектыўна прасоўваць нашы ідэі «гета». Ідэі здаровага ладу ўнутранага жыцця чалавека. Нам жа яшчэ пасля сыходу вады трэба будзе грамадства наладжваць. А вада сыдзе, ты ж ведаеш гэта.

Дзікун адчуў, што дзесьці зусім побач, у засадзе, па абодва бакі Свіслачы сядзяць узброеныя людзі; адчуў, як патрулююць ваду катары; як ходзяць па недалёкай чыгунцы бронецягнікі; як гойсаюць леапарды ў недалёкім мікрараёне Чыжоўка, драпежнікі, якія распладзіліся, уцёкшы з былога заапарку; адчуў, як прытаіўся свінавасьміног у твані забалочанага колішняга вадасховішча. А яшчэ адчуў неверагодны спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, якія ішлі ад Люцыі разам з пахам жадання блізкасці. З ім — з Дзікуном.

«Аааааа... цяпер джэк-пот! У гэтым годзе супер-паратрупер-прыз выйграе-ееее. Выйгра-еееееее... Нумар MP100500!»

Дзікун ачуняў ад згадак мінулай ночы. Проста дзеля цікавасці выняў з кішэні свае рашчотныя латарэйныя білеты. Адна з купюраў мела нумар MP100500.

«Нагадваем магчымаму шчасліўчыку ці шчаслівіцы, што вы мусіце прайсці ў VIP-ложу і па прад'яўленні ахове вашай купюры ўнесці яе ў дзяржаўную касу».

17

Дзікун падзяліў для сябе жыхароў Горада-Героя на чатыры ўмоўныя касты: просты народ, народ, няпросты народ, слугі народу. У такім парадку ішлі на дэманстрацыі, а рассаджваліся на стадыёне ў адваротнай паслядоўнасці —простыя былі на самых аддаленых месцах ад ложы Нумар Адзін. Над публікай навісалі асвятляльныя мачты, дзе цяпер замест колішніх электрычных пражэктараў гарэлі аграмадныя газавыя паходні. Драбнейшыя, смаляныя, — шчыльна атачалі футбольнае поле стадыёну «Трактар».

Дзікун сядзеў у VIP-ложы, з якой быў добры агляд не толькі поля стадыёну, але і ложы Нумар Адзін. Дзікун ужо паспеў даць інтэрв'ю карэспандэнтцы «Города Мечты». Пакуль распавядаў, які ён шчаслівы выйграць у латарэю, у якім ён захапленні ад цудоўнага гораду, што ў горадзе ён упершыню, і што ўбачанае пераўзышло ўсе чаканні, мастак, які прыйшоў з карэспандэнткай, рабіў партрэт Дзікуна. Узгадалася «паліцыя сэнсаў» з ператрусам урнаў у прыбіральні «Коцікава». «Адваротны бок славы, ён такі», — зрабіў адкрыццё Дзікун.

Гук забітага пад завязку стадыёну нагадваў шамаценне ў партэры канцэртнай залы перад пачаткам выступу сімфанічнага аркестру. У Добрым Месцы былі гэткія відэазапісы. Толькі цяпер шамаценне большае ў ра­зы. І з усіх бакоў. Стэрэашушуканне тысяч вуснаў, стэрэапарыпванне тысяч сядушак, стэрэашоргат тысяч ног. Каманды на крыкі і грукат пакуль не было.

«На трыбуне — лідар нацыі, кіраўнік Горада-Героя таварыш Кароль!»

Выбуховая хваля рову захаплення як цунамі пайшла ва ўсе бакі, і, здавалася, знясе і сцены стадыёну, і прылеглыя будынкі. Кароль сеў у ложы Нумар Адзін у фатэль-гайдалку. На секунду ледзь прыўзняўся, махнуў рукою, і відовішча пачалося.

«А на том берегу незабудки цветут, / А на том берегу звезд весенний салют, / А на том берегу мой костер не погас, / А на том берегу было все в первый раз.»

Увага гледачоў была засяроджаная на ўрачыстых шыхтах, якія ўваходзілі на стадыён і размяркоўваліся па бегавой дарожцы вакол поля. Гэта былі ўжо добра знаёмыя ўдарнікі бітвы за ўраджай ды прадстаўнікі іншых пачэсных прафесіяў Горада-Героя. Публіка ўсіх вітала з не меншым энтузіязмам, чым на некалькі гадзінаў раней на Партызанскім праспекце.