Дзікун звярнуў увагу, што людзей ва ўніформе з арбалетамі, духавымі трубкамі для стральбы атручанымі стрэламі і АК-47 у руках было не так і шмат: пераважна па перыметры бегавой дарожкі і паміж радамі гледачоў. Ад самага верху сценаў стадыёну да футбольнага поля ахова складалася збольшага з «чорных п'явак». А ложа Нумар Адзін, дзе засядаў Кароль, ахоўвалася выключна «чорнымі».
«А ну, давай, наяривай, гитара семиструнная, / Чего сидеть да горевать, ведь ночь такая лунная...»
«Лідар нацыі» быў адзеты ў бардовы халат з залатымі карункамі з кветак і птушак. Кароль гайдаўся ў фатэлі ў такт музыцы і паліў люльку. Да Дзікуна далятаў пах марыхуаны. А яшчэ ў ложы Нумар Адзін былі сямнаццаць кабет. Абрысы большасці ледзь счытваліся ў прыцемках у глыбіні за фатэлем. Пяць кабет завіхаліся непасрэдна вакол Караля. Дзве — масажавалі плечы, дзве — прыселі і разміналі ступакі, а адна стаяла на каленках і масажавала міжножжа.
На полі бліжэй да галоўнай ложы ўсталявалі гільяціну. На выхадах з сектараў былі бачныя аграмадныя барбекюшніцы і шашлычніцы на колах. Вуголле было добра раскачагаранае. Адразу за гільяцінай стаяў велічэзны шацёр тых жа колераў, што халат Караля. У сярэдзіне поля была разметка для ўрачыстага шыхтавання. Уся другая палова поля была агароджаная высокім плотам са сталёвых прутоў.
«Па-а-а-чынаем наша свята!.. Гільяціна — для шчасліўчыкаў, толькі раз на год злачынцам выпадае шанец атрымаць хуткую безбалесную адплату за свае антыграмадскія дзеянні. Пр-ы-ы-чым, ва ўрачыстай атмасферы. Сябры, павітаем людзей, якія хоць такім чынам схапілі ўдачу за хвост!»
Трыбуны забіліся ў істэрыцы ад захаплення. Пакуль кат наразаў галовы «шчасліўчыкаў», Дзікун разглядаў публіку. Чырванаморды з вяселля ў «Турысце» трасе масцямі «МАЗ» і «30». А вунь дзядок, які прайграў сваю пенсію ў казіно на дзесяць гадоў наперад. Здаецца, ён пры сустрэчы яшчэ сказаў, што суцешаны, бо падмануў дзяржаву: «Я, можа, менш за дзесяць гадоў пражыву». Глядзі ты — Хліпкі, той, што нападаў з нажом на Мао каля порту «Чыжоўка». Таксама тут. Ачуняў, відаць, пасля прыёму ў твар і пячонку кулаком і ботам. Скакаць яшчэ не можа, але добра свішча: пальцы да рота з выбітымі пярэднімі зубамі прыкладае зухавата. Ха! А вунь Ала Пятроўна, адміністратарка гасцініцы, — азартна адлічвае разам з усімі «раз-два-тры» перад тым, як кат секане лязом гільяціны чарговую галаву. Стоп. Гэта?.. Гэта Люцыя. Зусім побач, праз агароджу VIP-ложы. Удае захапленне. Так сабе ўдае, без энтузіязму.
«А-а-а цяпер!.. Павітаем іншых шчасліўчыкаў, дакладней, шчаслівіц, якія выйшлі ў фінал спаборніцтва за права-а-а... Стаць васямнаццатай жонкай таварышча Кара-ля-а-а!»
Дзікун выхапіў краем вока новую фігуру, якая толькі што намалявалася ў ложы Нумар Адзін: маленькага росту цыцкастую і дупастую кабетку. Мадамка падышла да Караля з бутэлькай у руках, пазяхнула, маханула з гарла і прысела побач. Тут і галовы для гільяціны скончыліся. Праз плячо мадамка нахілілася да Караля, штосьці спыталася. Атрымала гнеўны адказ, маханула яшчэ. Паспрабавала сысці, але была спыненая «чорным», вярнулася ў свой фатэль з выразам твару, які можна было расшыфраваць як «ой, бля...».
— Фурыя, — сказаў сусед па ложы. Гэта быў Мікалаіч, дырэктар МАЗу, бацька нявесты з вяселля ў «Турысце».
Мікалаіч, відаць, думаў, што яго ніхто не пачуў у рове стадыёну. Але Дзікун павярнуў галаву, дэманструючы цікавасць да рэплікі. Мікалаіч Дзікуна не пазнаў, хоць у свой час разам з натоўпам кідаўся табурэткамі ў бок няўдалага госця вяселля. Дырэктар перапрасіў: «Сусана Анатолеўна — кабета добрая, вельмі моцна дапамагае Каралю кіраваць Горадам-Героем, мы яе любім». У гэты момант Зуля ўскочыла з фатэля і падышла да парэнчаў гаўбца ложы. Пакорпалася ў кайстрачцы, выняла мініяцюрны бінокль і скіравала яго ў цэнтр футбольнага поля.
Дзеўкі выходзілі з шатра цалкам голыя. Толькі з вянкамі з валошак і кветак бульбы на галаве. І на абцасах, такіх, як у пакаёвак у «Турысце». Кожная трымала ў руках палку. Здаравушчы шост — метры з тры. На версе палак мацаваліся шыльды: «Гарадтранс», «Турыст», «Казіно», «Порт», «МАЗ», «ЦЭЦ-3», «Райаддзел», «Магазін «Крама», «ПТВ № 71», «Таможэнныя вайска», «Рыбгас», «Камбінат», «Коцікаў», «Універмаг», «Велазавод», «Школа» і нават «Свінакомплекс». «Замест «Коцікаў», відаць, мусіць быць надпіс «Гета», — падумаў сабе Дзікун, здзівіўшыся, як гэта Хрысця здолела ўпісацца ў шчыльныя рады дзяржаўных прадпрыемстваў. А шыльду «Коцікаў» трымала акурат Хрысціна.