Выбрать главу

Усіх удзельніц было больш за сто. Стась бачыў нумары школаў, дзіцячых садкоў, ЖЭСаў, назвы крамаў, кавярняў... Адных заводаў і фабрык было некалькі дзясяткаў. Апроч МАЗу — Шарыкападшыпнікавы завод, За­вод калёсных цягачоў, Гораджалезабетон, Гораддрэў, Горадліктэхніка, Малочны камбінат, Цацачная фабрыка, Люстэркавая фабрыка... Дзікун заўважыў назвы навукова-даследчых і навукова-праектных арганізацыяў. «Відаць, распрацоўваюць інавацыйныя метады дэмантажу абсталявання заводаў». А яшчэ склады, а яшчэ пару транспартных кантораў. Шыльда з надпісам «Метро»! Хм, Дзікун не чуў пра тое, што ме­тро тут, у горадзе, функцыянуе тым ці іншым чынам. Яшчэ назвы, яшчэ...

Усе жадалі парадніцца з Каралём. Перамога абяцала павелічэнне акладаў, шалёныя прэміі, а таксама пуцёўкі ў «Турыст» і на ку­рорты ЦЭЦ-3. А начальства яшчэ моцна разлічвала на камандзіроўкі ў Менск.

«Сто адзінаццаць прыўкрасных дам перамаглі ў адборачных конкурсах на сваіх прадпрыемствах. Сто адзінаццаць сэрцаў, напоўненых любоўю, сто адзінаццаць спадзеваў!.. Прывітаем, сябры, нашых фіналістак!»

Пачаліся танцы вакол шастоў. Дзікун убачыў сапраўдную мастацкую акрабатыку.

З аднаго боку, трэба было ўтрымаць высо­кую і цяжкую палку. Ды яшчэ трымаць максімальна роўна. З іншага боку, трэба было танчыць, прычым арыгінальна, з творчай за­думай, а пры гэтым яшчэ і з аганьком, з задорам.

Большасць удзельніц адсеялася цягам першых дваццаці хвілінаў — не далі рады ўтрымаць шасты. Цяпер на полі перад ложай Нумар Адзін завіхаліся пару тузінаў аголеных кабет. Хрысця трымалася зухавата. Дзікун заўважыў яшчэ пару знаёмых абліччаў: Таццяну з «Турыста» і сваю суседку на вяселлі, тую самую, што ператварылася ў «гаварашчы корч».

Кароль прыўзняўся з фатэля і схіліўся галавой да Зулі. Сусана Анатолеўна Шубзда штосьці жарсна казала і тыцкала пальцам у кабет на полі. Калі ўлічыць, што «Трактар» змяшчаў крыху больш за 17 тысяч гледачоў, і што цяпер быў забіты пад завязку, і што мужчынаў і жанчын было прыблізна палова на палову, можна дапусціць, што вось проста цяпер Зулі пасылалі промні нядобразычлівасці каля васьмі з паловай тысяч жанчын. Зуля нахабна на вачох ва ўсіх дыктавала партнёру са свайго ложка, каго ўзяць чарговай жонкай.

Жарсцяў дадаваў той факт, што Зуля не бы­ла афіцыйнай жонкай Караля. Дзікун ужо наслухаўся ад сваіх суседзяў, якія шапталіся гучней, чым крычаў стадыён: галоўная версія была ў тым, што Зуля выбірала новых кабет для сябе, а не для Караля. Выбірала для ўласнай спачывальні.

На полі заставаліся ўсяго сем фіналістак. Хрысця зламала адзін абцас і цяпер скака­ла басанож. У пакаёўкі Таццяны туш з веек заліла вочы, таму рухі танца сталіся хаатычнымі. Бландзінцы з вяселля хапала сілаў адно трымацца за шост. Прадстаўніца магазіну «Крама» дзіка смяялася. Удзельніца ад «Таможэнных войск» Сняжана, імя якой было напісанае на пілотцы, рабіла толькі адну фігуру: паварочвалася то перадам, то задам да Караля. Канкурсантка ад «Гораддрэву» стаяла на месцы, але спрабавала круціць грудзямі, як прапелерам. А прадстаўніца порту «Чыжоўка» выкарыстала канструкцыйныя асаблівасці свайго цела і віхляла задніцай, нібы грудзямі.

Кароль знакам рукі спыніў танцатрэс сямі канкурсантак, узяў мікрафон:

— Дарагія саацечасьцьвеньнікі! Друзья. Мы пражылі з вамі яшчэ адзін непрасты год. Заўтра мы перавернем лісток календара і пачнем новы трудавы дзень. Новы трудавы год. Хтосьці возьме ў рукі зброю і пойдзе бараніць нашы бульбяныя палеткі ад жукоў. Хтосьці стане на варту нашых граніц, на ахову нашых багацьцяў, нашых прыродных рэсурсаў — заводаў і фабрык. Хтосьці пойдзе на тыя прадпрыемствы, каб цяжкім трудом, часта рызыкуючы жызьнью, дабываць для Горада-Героя такія важныя дары завадскіх нетраў. Хтосьці пойдзе вучыць дзяцей, хтосьці — працаваць у сьферы сервісу, абісьпечываць усім трудзяшчымся дастойны отдых. А сіводня я хачу паблагадарыць вас за празьнік. За тое, што не забываеце мяне, за тое, што прышлі сюды на стадыён. Асабліва хачу паблагадарыць нашых мілых дам, якія ізыскалі час на падгатоўку і ўчасьціе ў гэтым велікалепным прадстаўленьні. У гэтым празьніку нежнасьці і грацыі.

Кароль паказаў на Хрысцю. Дзікун павярнуўся ў бок Люцыі, якая акурат у гэты момант зрабіла жэст «Yes!». З-пад брылька ложы Нумар Адзін выехаў грузавік з пад'ёмнікам на платформе. Гэта быў той самы МАЗ, які ўздымаў маладажонаў да скульптуры вершніцы на зубры. Хрысця з гонарам зайшла ў люльку, якая павольна пачала ўздымацца, але дзесьці на вышыні двух з паловай метраў над зямлёй рэзка пахілілася, а праз секунду адвалілася ад крана. Стадыён адначасова выдыхнуў: «О-о-о...» Секунда — і цела Хрысці знерухомела на зямлі. Да дзяўчыны кінулася брыгада хуткай. «Відаць, той самай, якую запрашаюць з Менску».