— Дзіверсія, — рашуча канстатаваў дырэктар МАЗу Мікалаіч. Сказаў нібыта сабе пад нос, але так, каб чулі прысутныя. А ў VIP-ложы былі і міліцэйскія чыны, і вайсковыя, і «людзі ў цывільным». — У нас на мехдвары кантроль качэства стопрацэнтны. А тым больш для такога празьніка.
Хрысцю звезлі з поля на каталцы. Кароль паказаў на Таццяну-пакаёўку. (Пасля адміністратарка Ала Пятроўна скажа на банкеце работнікаў гасцініцы «Турыст» з нагоды перамогі прадпрыемства ў спаборніцтве за права прадставіць новую жонку Каралю: «Бачыце, і ніякае «пласкажопіе» не паўліяла. В жэншчыне глаўнае — глаза». Следам Ала Пятроўна паправіць свой бязмежны бюст.) Новую жонку Караля правялі доўгім шляхам праз усе ўваходы-выхады па дзясятку лесвіцаў. Давялося крыху пачакаць. Свята відавочна скінула абароты. Урэшце Кароль пацалаваў маладую жонку на радасць стадыёну. Пасля дзелавіта заламаў Таццяну літарай «Г» і ўзяў ззаду. Палавы акт цягнуўся нядоўга, Кароль вялікага энтузіязму не дэманстраваў, але «сужэнскі абавязак» выканаў належным чынам.
— Уууу-ррр-ааа!
Сямнаццаць жонак пашыхтаваліся, а наваспечаная «каралева», альбо «Караліха», як яшчэ казалі ў народзе, з кожнай парукалася і абмянялася чмокамі-чмокамі. Вялікія фіранкі закрылі ложу Нумар Адзін ад тысяч вачэй.
«Антракт паўгадзіны!» — абвясціў мацюгальнік.
Грымнула песня «Если нам скажут: «Ваш поезд ушёл», / Мы накроем стол и подождём другой». Людзі пацягнуліся хто да траншэі за стадыёнам, якая выконвала ролю прыбіральні, хто да палатак з самагонам і чыпсамі. Адзін з чыноў у «цывільным» шпаркім крокам рушыў з VIP-ложы ў бок ложы Нумар Адзін. А Дзікун глядзеў, як Люцыя плача, схаваўшы твар у далоні.
Рабочыя на полі прыбіралі гільяціну і шацёр. З аднаго з праходаў выйшлі «чорныя п'яўкі» і пачалі атачаць частку поля, адгароджаную плотам са сталёвых прутоў. Па радах хадзілі падлеткі і прапаноўвалі напоі і закуску. Тыя, хто застаўся на месцах, абмяркоўвалі нешчаслівы выпадак з пераможцай конкурсу нявест, а таксама давалі характарыстыкі Таццяне, што прыйшла на замену Хрысці. «Так і будзе ўсё жыццё «дублёршай». Сонца сядала, запалілі паходні. Адразу сталася горача. Хоць Люцыя сядзела зусім побач, але з VIP-зоны да яе было доўга ісці. Дый што б сказаў ёй Дзікун? Што Хрысця ачуняе? Відавочна слёзы Люцыі былі не толькі праз траўму сяброўкі. Да мары падполля дабрацца да Караля заставаліся лічаныя секунды. І раптам аблом ва ўсіх сэнсах.
Дзікун закапаў вочы. Спецыяльны такі раствор, які здымае сверб. А вочы часаліся бязлітасна. Забойства і калецтва — гэта тое, што бачун разабраў у сваіх прадчуваннях. Небяспекі набліжаліся розныя і масавыя. Яны збягаліся ў галаве Дзікуна, нібы мурашы з усіх бакоў на свежазлоўленага вусеня. Аграмадная спажыва для соцень дробных драпежнікаў, кожны з якіх паасобку — нішто і ні пра што, а ўсе разам — магутная сіла. Дзікун адчуваў сябе такім вось вусенем.
Хацеў было спыніць разносцу напояў, каб самагонам прытупіць сваю «чуйку» бачуна. Але стрымаўся. Падчас баявых дзеянняў на Талачынскай выспе, калі аддзел выведнікаў Добрага Месца атачалі банды, Дзікун навучыўся вылучаць адну — самую прынцыповую — небяспеку і пільнаваць толькі яе адну. Гэтым разам Дзікун сканцэнтраваўся на Люцыі. Вакол яе «мурашы» так і гойсалі туды-сюды.
Загулі рухавікі. Дванаццаць трактароў заехалі на стадыён. Ехалі павольна, а рухавікі раўлі надрыўна, праз сілу. Бо на таўшчэзных ланцугах цягнулі кабана. Ды што там — Кабана! З вялікай літары. Пяць метраў вышынёй у карку, восем метраў даўжынёй. Аграмадная жывёліна хрыпела, як конь, гыркала, як сабака, і спрабавала скакаць ва ўсе бакі, як малпа. Натоўп па перыметры поля, тыя самыя абраныя для параду пестуны лёсу, былі пасунуліся ў бок кабана, але іх спынілі «чорныя п'яўкі».
«Да-а-а-а заключнай часткі нашага сённяшняга свята застаюцца лічаныя хвіліны! Просьба вярнуцца на свае месцы і прышпіліць рамяні. Жарт. Проста атрымлівайце асалоду ад відовішча, якое вы чакалі цэлы год. Хто, хто той шчасліўчык, які сёлета стане ўладальнікам першага прызу — пятака Кабана?»
— Уууу-ррр-ааа!
«Трыста трактарыстаў» — так назвалі людзі ўдзельнікаў бойкі са свінамонстрам. Трыста чалавек, пераважна мужчынаў, віселі ў спісах у букмекерскіх канторах. Трыста тых самых «трактарыстаў» цяпер абляпілі з усіх бакоў плот са сталёвых прутоў.
«За-а-а-астаюцца лічаныя секунды перад пачаткам зрывабашэннага відо-о-о-овішча!»
Трактары, якія трымалі жывёлу ў цэнтры агароджанай пляцоўкі, вокамгненна адчапілі ланцугі і газанулі з арэны. «Чорныя» расступіліся, трыста «трактарыстаў» ухапіліся за плот. Сталёвыя пруты былі адначасова і пікамі. Адным вокам Дзікун сачыў за Люцыяй, другім назіраў, як свінатарэадоры мянташаць адзін аднаго, спрабуючы прабіцца да Кабана. Трыбуны шалелі ў экстазе, штосьці захоплена лямантаваў каментатар, але да Дзікуна даляталі адно асобныя фразы. «Звычайна на нагах застаецца не больш за дзясятак чалавек. .» «П'юць з конавак кроў візаві...» «Хто абярэ сабе на ноч партнёрку са ста з лішкам звышпрыгажунь?..»