Санітары не паспявалі выносіць з поля параненых і забітых. Першую хвалю нападнікаў затаптаў Кабан. Больш хітрыя «трактарысты» кідалі свае пікі праз галовы тых, хто лупіўся адзін з адным, каб прабіцца ў першыя шэрагі і там загінуць пад капытамі. Сярод палеглых у бітве за Кабана было шмат тых, хто «мог паўтарыць» на пачатку шэсця. Што да іншых, як і прадказваў каментатар, на фініш выйшла не так шмат удзельнікаў свінабітвы. Пераможцы паўфіналу — тыя, хто ўпэўнена стаў на нагах, на некаторы час згуртаваліся, каб выканаць першапачатковую місію: забіць свінамонстра. Жывёла ўжо слаба варушылася, але ўсё яшчэ намагалася адбівацца. Байцоў, здатных трымаць зброю, засталося ўсяго крыху болей за дзесяць.
Яшчэ трошкі, і Кабан упадзе з адчайным рыкам. Тады пачнецца апошняя бітва: за права атрымаць суперпрыз — кабаноў пятак. Гэты трафей на ўсё жыццё зробіць пераможцу паважаным чалавекам, увахожым на ўсе імпрэзы Караля. А яшчэ традыцыйна фіналісты змогуць узяць сабе столькі мяса, колькі здолеюць пацягнуць на сабе. Калі ўлічыць, што большасць з іх параненыя, асноўная маса тушы застаецца на полі. Таму да перасоўных шашлычніц і барбекюшніц ужо пачалі выстройвацца чэргі — рэшту забяруць сабе гледачы.
Дзікун убачыў, як яшчэ некалькі байцоў палеглі, змардаваныя празмерным фізічным і псіхічным напружаннем. Перад заваленым, але яшчэ жывым Кабаном стаялі на нагах, на каленях, а іншыя дык на ўсіх чатырох. Хто з іх наважыцца адрэзаць пятак? Кожны «трактарыст» сачыў адзін за адным. Найменшы рэзкі рух мог справакаваць апошнюю бойку. І бойка мусіла адбыцца. Гульцы са смерцю ў барацьбе за славу цягнулі час, каб адпачыць.
Раптам Люцыя ўзнялася са свайго месца і рашуча пабегла ў бок поля. Проста па галовах людзей. Ачмурэлыя ад самагону і адрэналіну, гледачы не абураліся паводзінамі маладой кабеты. Хтосьці з мужчынаў нават даў рады пляснуць Люцыю па азадку. Ухвальна так, з падтрымкай, маўляў, малайчына, давай дзівоснічай.
Люцыя прабегла міма «чорных» без перашкодаў. Магчыма, інструктажу на падобныя выпадкі «п'яўкі» не мелі. Люцыя мінула знясіленых «трактарыстаў-тарэадораў», пагладзіла пысу Кабана, падабрала з зямлі адну з пік, засадзіла жывёліне вастрыё ў вобласці сэрца, падышла да аднаго з байцоў, які ляжаў на зямлі і глядзеў на дзяўчыну разгубленымі вачыма, выняла ў яго з рукі мачэтэ, адсекла некалькімі ўдарамі пятак і прадэманстравала яго стадыёну. Публіка зараўла рыкам падтрымкі.
У гэты момант Люцыя тры разы маханула рукой, і стадыён, дакладней, трыбуну насупраць ложы Нумар Адзін, накрыла аграмадным плакатам «Стоп бульба!». Пад надпісам мясцілася выява перакрэсленага чырвонай лініяй караняплода.
Што ўявілі сабе людзі пад эфектам «каларадкі» розных ступеняў, калі ўбачылі плакат? Мегамонстра, які іх усіх зжарэ? Канец свету?.. Як бы там ні было, сямнаццаць з лішкам тысяч прысутных на стадыёне «Трактар» гледачоў хаатычна пабеглі да выхадаў, заціскаючы адзін аднаго, а іншыя — караскаліся на сцены стадыёну, апанаваныя жывёльным страхам. Некаторыя нават палезлі на асвятляльныя мачты. «Чорныя» спачатку стралялі па сектары, дзе вывесілі плакат, а пасля тупа расстрэльвалі ўсіх людзей, з адной мэтай: адкінуць усіх назад у бок футбольнага поля. Гільзы адстраляных патронаў фантанамі ляцелі з затвораў аўтаматаў.
Дзікун упрысядкі і пятляючы, нібы заяц, дабег да Люцыі, якая ўвесь час масакры з пераможным выглядам трымала пятак Кабана, узняўшы правую руку над галавой. «Чуйка» бачуна малявала маршрут адступлення. Права, лева, наперад, назад, скокнуць, падскокнуць, зігзагам, аббегчы, перабегчы... Дзікун трымаў Люцыю за руку і цягнуў да аднаго з тэхнічных выхадаў са стадыёну. Да непрыкметных дзвярэй, дзе не было валтузні і страляніны. «Давай!» — апошняе, што сказаў Дзікун, выштурхоўваючы Люцыю ў бок парку 50-леція Акцябра, перад тым як згубіць прытомнасць. «Мурашы» небяспек накрылі свядомасць.
18
«...Паліцічаскі, — праскрыпеў голас аднекуль з паўцемры. Дзікун ляжаў на бетоннай падлозе, чуняў. — Ахраньнік сказаў, што ён памог убяжаць цірарыстке», — працягваў голас. «Як жа я эціх змагароў нінавіжу, — адгукнуўся іншы голас. — З-за іх мянты мочаць усіх». «Дык можа нада ненавідзіць тых, хто мочыць?» — далучыўся да размовы трэці голас. «А іх за што? Ані дзелают сваю работу», — катэгарычна праскрыпеў першы.