Выбрать главу

Дзікун расплюшчыў вочы. Так, камера, так, краты замест адной сценкі. Трое суседзяў — на драўляным насціле над падлогай. «Даўно ляжыць». — «Не варушыцца». — «Можа, памацаць, ці не аддаў канцы?» — «Дык засьмярдзела б ужо». — «Ай, тут і так як у морге сьмярдзіць усё ўрэмя». Пераключыліся на тэ­му, якія апарнякі найлепшыя ў Горадзе-Героі. Усе пагаджаліся, што каля «ДК МАЗ» — практычна санаторый. А вось гэты — на Трактарным заводзе, ён самы горшы. Тут кормяць абы чым, слабая вентыляцыя, вільготна і пацукі сноўдаюць табунамі, калі людзі спяць.

Дзікун вырашыў не дэманстраваць, што апрытомнеў. Праз хвілінаў дзесяць у каме­ру зайшлі ахоўнікі, моўчкі ўзялі Дзікуна пад пахі і пацягнулі з камеры па калідоры. «Адзіночка», — падумаў Дзікун, калі за ім закрыліся дзверы. Бляклая лямпачка пад высокай столлю. Камера вузкая, месца хапае толькі для прыкручанага да сцяны жалезнага ложка без матраца ды дзюркі туалету, ніяк не адгароджанай ад астатняй прасторы памяшкання. Дзікуна кінулі на падлогу побач з ложкам.

Усё цела балела. Але Дзікун адчуваў неверагодны прыліў сілаў. Відаць, пакуль спаў, свядомасць адпачыла, а падсвядомасць перапрацавала каласальны аб'ём інфармацыі, атрыманы на стадыёне «Трактар». Усе гэтыя тысячы і тысячы небяспек, якія Дзікун успрыняў адначасова. Мазгі маглі разарвацца, але не, арганізм даў рады. Цяпер на белым свеце быў ужо не той Дзікун, што раней, — пракачаны Дзікун.

Дзікун думаў пра ўбачанае на стадыёне. Найперш было цікава дазнацца, хто падпілаваў люльку на пад'ёмніку. Не выключана, што гэта была помста якой-небудзь праляцелай міма фіналу красуні. А паколькі кран працаваў на вясельных гульбішчах, не было праблемы пад канец змены ўзняцца пад відам жаніха і нявесты і троху папрацаваць нажоўкай, скончыць пілаваць перад прызямленнем. Галоўнае — быць апошняй парай напярэдадні Дня Паўкабана / Дня Горада-Героя / Гадавіны Бітвы за Велазавод. Чаму не?

Дзікуна ўразіла жорсткасць, з якой «чорныя п'яўкі» пачалі падаўляць паніку. Выглядала, што лепш хай сабе людзі пазадушваюцца на трыбунах, чым выберуцца вонкі стадыёну. Ну і Зуля, калі гэта была яна. Цягам усяго шоу яна паводзілася, быццам ходзіць у сябе па спальні, не ведаючы, чым заняцца, нават калі пачалося душылава.

— Э, мужык, ты жывы?

Голас пачуўся проста побач. Дзікун павярнуў галаву і ўбачыў, што частка падлогі пад ложкам прыадкрылася, у праёме ледзь бялеў чыйсьці твар.

— Як цябе зваць? — спытаў твар.

— Дзікун. Афіцыйна Станіслаў.

— Станіслаў... Добрае імя, наскае, спрадвечнае. Ты часам не гей?

— Не.

— Траўкі не паліш?

— Не.

— «Купалінку» ведаеш?

— Так.

— А заспявай.

— Купалінка-купалінка, цёмная ночка,

Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка,

Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка.

Мая дочка у садочку ружу, ружу поліць,

Ружу, ружу поліць, белы ручкі коліць,

Ружу, ружу поліць, белы ручкі коліць...

— Малайчына. «Ад панядзелка да панядзелка» можаш?

— Ад панядзелка да панядзелка

                                 дробны дождж ідзе,

Сабралася бедна басота ды гарэлку п'е.

Сабралася бедна басота ды гарэлку п'е.

П'ем мы гарэлку, п'ем мы вішнёўку,

                                 будзем піць віно,

А хто прыйдзе, з нас насмяецца —

                                 будзем біць таго,

А хто прыйдзе, з нас насмяецца —

                                 будзем біць таго.

Вось ідзе дзядзька, дзядзька багаты,

                                 насміхаецца,

Скуль жа, скуль жа бедна басота

                                 напіваецца?

Скуль жа, скуль жа бедна басота

                                 напіваецца?

Ой жа ты, дзядзьку, дзядзьку багаты,

                                 ты ня смейся з нас,

Вазьмі ў руку чарку гарэлкі —

                                 выпі ты за нас.

Вазьмі ў руку чарку гарэлкі —

                                 выпі ты за нас.

Рад бы я выпіць, рад бы я з'есці,

                                 рад бы закусіць,

Ёсць у мяне сто рублёў грошай —

                                 шкода размяніць.

Ёсць у мяне сто рублёў грошай —

                                 шкода размяніць.

Адзін за ручку, другі за ножку,