Выбрать главу

Да Дзікуна даляталі словы, якія, як пасля высветлілася, былі сакральнымі: «адраджэнне», «бальшавіцкая навалач» і «шматпакутная». З часам Дзікун дазнаўся, што з экрана вяшчаў Z — прарок. А сімвалам веры ў норнай грамады быў «сапраўдны народ».

У некаторых пытаннях — адзінства ў грамадзе не было. Адны меркавалі, што Z у патрэбны час матэрыялізуецца на градах з чароўнага клубня. Іншыя былі перакананыя, што Z спусціцца з неба. Але і тыя, і тыя верылі, што дзесьці ёсць сапраўдны народ, які з невядомых прычынаў не праяўляецца.

Маладыя не ведалі, хто такі Z, а старэйшыя ім не распавядалі. Толькі тлумачылі: Z прыйдзе, калі народ паразумнее і раскрые вочы. Калі народ будзе гатовы пачуць і ўспрыняць слова Ісціны. А служэнне царквы было ў захаванні таямніцы Ісціны. «Сектанічны труд», — падумаў Дзікун і адчуў набліжэнне нейкай вялікай з аб'ёму фізічнай небяспекі.

Алесь вывеў Дзікуна са свяцілішча.

— Ты ж бачун, я ведаю. Са знічкі зразумеў. Мы калісьці разам з Альгердычам у Супраціў пайшлі, а пасля нашы дарожкі разышліся. А ведаеш чаму? Бо супольны вораг знік.

— У сэнсе, пагроза ІІІ сусветнай вайны знікла? А Кароль, ён жа застаўся, — здзівіўся Дзікун. — Ён хіба не супольны вораг?..

— А Альгердыч твой хто? Здраднік, — рэзка змяніў тэму Алесь. — Мы з ім вучыліся разам у Акадэміі мастацтваў. Здраднік ён, уцёк ад змагання. І цябе звёў з іншымі бачунамі. А цяпер ты з намі. Надоўга. Дапамагаць будзеш. Сам не ўцячэш. Мы тут трыццаць гадоў жывем, усе хады-праходы ведаем. І валодаем суперсакрэтам — дзе іх можна закрыць.

«Папаў, — падумаў Дзікун і зноў адчуў набліжэнне страшнай сілы. — Не, не папаў!» — сам сабе ўсміхнуўся. Цяпер Дзікун не толькі адчуваў пагрозу як такую, але літаральна бачыў яе абрысы. Цяперашняя была чымсьці кшталту аграмаднага бура, які свідраваў зямлю. А яшчэ Дзікун убачыў, што будуць рабіць ягоныя новыя турэмшчыкі.

Дзікун закрычаў, каб усе ратаваліся. Сце­ны падзямелля затрэсліся. «Гэта трохгаловы крот-цмок! — закрычаў Алесь. — Уцякайце ў бакавыя праходы і там у люкі!» Прысутныя паўскоквалі і пабеглі хто куды. Але Дзікун рушыў па сваёй праграме — туды, адкуль прыйшоў: у тунэль метро. Падбег акурат у час, калі на маленькай хуткасці перад но­сам праязджаў вагон цягніка. Дзікун паспеў заскочыць.

Тым часам трохгаловы гіганцкі крот прабіў сцяну тунэлю і пыхнуў агнём услед цягніку. Дзікуна выратавала ад апёку тое, што апошні вагон паспеў завярнуць за рог. Крот быў пагнаўся за чалавечынай, але зламаў усю канструкцыю тунэлю. Сцены абрынуліся, заблакаваўшы крата завалам з бетону і ар­матуры.

Цягнік тарабаніў за сабою адзін пасажырскі і тры грузавыя вагоны. Дзікун замацаваўся на платформе апошняга, гружанага сталёвымі лістамі. Наперадзе вымалёўвалася станцыя «Купалаўская». Дзікун памятаў са школьнага курсу гісторыі, што там быў самы безгустоўны дызайн станцыяў менскага метро.

Спыніліся. З грузавых вагонаў пачалі выскокваць людзі. Адзін, два. Пяць, дзесяць... Пятнаццаць. Адкрыліся дзверы пасажырскага вагона, з яго паваліў натоўп чалавек на дваццаць. Вочы зачасаліся. «Трымайся за поручні!» Дзікун адчуў набліжэнне бойкі. Так і сталася: цераз усю платформу «Купалаўскай» двума шэрагамі стаялі паліцыянты ў абарончым рыштунку з дубінкамі ў руках і аўтаматамі за спінамі. «Магчыма, паспрабуюць прасунуцца далей па тунэлі ме­тро і пасля выбрацца праз тэхнічныя праходы», — разважаў Дзікун, назіраючы, як палі- цыянты б'юць нелегальных эмігрантаў.

Да паліцыянтаў эскалатарам бегла падмацаванне «касманаўтаў» у шаломах. Пайшлі стрэлы над галовамі. Нелегалы пападалі на падлогу, іх пачалі «пакаваць».

— А ты, бля, што тут схаваўся?!

Дзікун даў рады пазбегчы ўдару дубінкай па галаве, але не супраціўляўся, калі два паліцыянты закруцілі яму рукі за спіну. Ён ужо пралічыў сітуацыю. Адступаць не бы­ло куды, крот заваліў тунэль. Шлях наперад быў цалкам перакрыты паліцыяй. Тым ча­сам затрыманым вязалі рукі за спінамі, але на паверхню не выводзілі. А вось у чым справа: з супрацьлеглага боку тунэлю падагналі яшчэ адзін, на гэты раз менскі, цягнік. Уцекачы з Горада-Героя калі і ўбачаць Менск, то дакладна не цэнтральную частку. «Глядзі ты, не ўсе на «каларадцы» сядзяць, ці не шчыльна сядзяць, раз ім штосьці новае ў жыцці трэба», — з ухваленнем адзначыў Дзікун.