Выбрать главу

— А гэтага дайце мне!

«Касманаўт» з капітанскімі пагонамі павёў Дзікуна па сходах на паверхню. Па выхадзе са станцыі ў падземным пераходзе падняў забрала свайго шалому.

— Арцём!

— Дзікун!

Арцём, той самы белабрысы з баржы, развязаў Дзікуну рукі.

Яшчэ сходы, яшчэ, і вось ён, Менск!

Частка ІІІ. Праспект Незалежнасці

19

— А я б у ружовы пафарбаваў! Увесь праспект!

— Добра, што няма ў Менску столькі фарбы, колькі ты хочаш.

Кумпанія за суседнім столікам засмяялася.

— Наш модны ўрбаніст, — патлумачыў Арцём.

Адзін з выхадаў з метро выводзіў на праспект Незалежнасці недалёка ад гастраному «Цэнтральны», каля якога стаялі летнія столікі.

— Наўпроставае народаўладдзе? Ты хочаш пахаваць наш Менск?

За іншым столікам ішла палітычная баталія.

— Калі б рашэнні, як вонкава змяніць Менск, прымаліся на рэферэндумах, гэта быў бы самы выродлівы горад за ўсю гісторыю чалавечай цывілізацыі. Рашэнні мусяць прымаць эксперты. Інстытут дэпутацтва хоць бы змяншае эфект базару-вакзалу суіснавання людзей у супольнасцях.

— Столікі каля «Цэнтральнага» — гэта наш «Фэйсбук», «Тўітэр» і «Інстаграм» ра­зам, — пажартаваў Арцём. — Тут прызначаюць і дзелавыя сустрэчы, і амурныя спатканні.

«Як пасля складзецца, не ведаю, але пакуль што фармальна ты, Дзікун, затрыманы». Арцём дазволіў Дзікуну паўгадзіны адпачыць. Таму вось цяпер пілі каву на легендар­ных століках, вядомых аматарам гісторыі Менску з літаратуры і кіно. Людзі, коні, ровары, часам машыны мільгалі перад вачыма. А яшчэ было шмат дрэваў. Дрэвы, дрэвы і дрэвы ўздоўж бясконцай шырокай вуліцы. «І галоўнае, што не рухаюцца тыя дрэвы», — Дзікун радаваўся адсутнасці лішаёў ды кустоў-хадуноў.

— Можна інакш, — працягваў урбаніст. — Трэба зрабіць конкурс на кожны дом. Хай зробяць непаўторна. Кожны будынак.

— Дык гэта ж парушыць цэласнасць кампазіцыі.

— Кожная кампазіцыя ці сама складаецца натуральным шляхам, ці спачатку неяк адмыслова задумваецца. З нейкімі сэнсамі і падсэнсамі. Вось Верхні Горад: ад Сярэднявечча складаўся, складаўся, яго руйнавалі пажары, часам бомбы, часам чыноўнікі, а ён выстаяў... Такі розны. А вось побач праспект, які нічога не выстойваў і які быў задуманы як узлётная паласа ў паднябессе камуністычнага раю, шэрага і змрочнага. Для цябе гэтая цэласнасць важная — ода шэрасці?

— Ой, ну ты пачаў глыбока капаць...

— Таму рабіць непаўторна! Кожны будынак ад паштамту да... да самага Купалу!

— Парку Янкі Купалы? — шэптам перапытаў Дзікун у Арцёма.

Пры слове «Купал» Арцём спахмурнеў. Сказаў, што распавядзе пазней пра яго.

— Лепш, Дзікун, раскажу крыху пра сябе. Я шмат гадоў працаваў пад прыкрыццём уздоўж трасы М4. Збіраў інфармацыю для Менску. Заадно пільнаваў кагосьці з вашага боку. Татушка твая падказала, хто ты і навошта. Калі цябе ледзь не пачалі вінціць на КПП у порце «Чыжоўка», я разыграў хуліганскую сцэнку, каб адцягнуць увагу на сябе. Мя­не забралі ў пастарунак, аформілі, выпісалі штраф, стрэльнулі сабе хабар і адпусцілі. Але мне давялося сысці з работы пад прыкрыццём — маю фізіяномію запомнілі службоўцы Горада-Героя. Вось, цяпер у менскіх памежніках працую. Ведаеш, а яно і добра, засумаваў я па радзіме.

— Арцём, здароў! — да століка падышоў крэпкага целаскладу высокі мужык. Узрост... Дзікун сумняваўся ў рэальным узросце месцічаў, але заўважыў, што ў Мен­ску людзей сталага на выгляд веку болей, чым у Горадзе-Героі.

— Саша, будаўнік, — новы знаёмец паціснуў Дзікуну руку і звярнуўся да Арцёма:

— Ты на рабоце, бачу, а я сёння вольны, во, піўка ўзяў для пачатку, а там паглядзім.

— Дзе ты цяпер робіш, Саша?

— Цырк рамантуем, туды хочуць перанесці некалькі тусовак з забаўляльнага цэнтру «Сталіца». Пад зямлёй з вентыляцыяй праблемы.

— Забаўляльны цэнтр «Сталіца» пад плошчай Незалежнасці, — патлумачыў Ар­цём.

— О, а ты не мясцовы? Як зваць? Стась? Адкуль?.. О, Мугулёўшчына, я адтуль родам, можа, чуў пра Кругі? — Саша меў адметны твар, на ім амаль не рухаліся мускулы. Аблічча Сашы не перадавала эмоцыяў. Зусім.

А яшчэ новы суразмоўца Дзікуна хоць і задаваў пытанні, але амаль не чакаў адказаў.

Саша за адзін глыток выпіў паўкухля піва.

— Я ж перабежчык з Горада-Героя. Ды што там — уцякач! Ну іх нахер, я з імі і да Вялікага Выбуху не надта сябраваў, а як яны пачалі «каларадку» ўжываць, то зусім кепска стала. Херню нейкую балбочуць увесь час. Тут, праўда, таксама шмат херні плявузгаюць... — Саша перайшоў на шэпт. — Арцём ведае маю пазіцыю: кнігі, фільмы, архітэктура — гэта ўсё марнаванне часу. Арцём кажа, што без архітэктара дому не пабудуеш. Ха! Вось я прараб, я табе нама­люю, накрэслю і пабудую. Можа, гэта будзе дом формай як цэгла, але надзейны. А што будынкі формай адрозніваюцца, дык гэта херня, як кіно ці кніжка — марнаванне часу.