Саша другім глытком дапіў піва, прыязна развітаўся і бадзёра пашкандыбаў па праспекце.
— У Сашы інваліднасць па фантазіі, — пачаў расповед Арцём. — Таму яму далі грамадзянства Менску.
— Гэта як?!
— Звычайна тым, хто прыйшоў з Горада-Героя, грамадзянства не даюць. Лічыцца, што іх свядомасць настолькі дэфармаваная «каларадкай», што адэкватна галасаваць людзі ўжо не могуць. «Каларадка» спусташае фантазійны патэнцыял свядомасці. А ў Сашы няма чаго спусташаць. Нуль фантазіі. Яго паўгода даследавалі нашы псіхолагі. Нуль. У Горадзе-Героі Саша пакутаваў праз адсутнасць канкрэтыкі. Там жа нічога пэўнага няма. Тое, пра што вы за месяц дамовіліся, можа змяніцца дваццаць разоў. А ў Менску дамова — жалеза. Слова непарушнае, пячаткай і подпісамі падмацаванае. У Менску можна планаваць жыццё. Сашу тут балдзёж.
Арцём і Дзікун паціху рушылі ў бок ратушы. Завярнулі на Дамініканскую. Палац Рэспублікі — архітэктурны монстр позняга СССР — быў напалову разбураны. «Там засядалі прыхільнікі Горада-Героя, рэжым якога хацелі распаўсюдзіць на ўвесь Менск. Давялося іх выкурваць адтуль гарматамі і мінамётамі. Цяпер тут радовішча будаўнічых матэрыялаў. Кожны можа браць сабе на рамонты і будоўлі, — патлумачыў Арцём. — Тая самая гісторыя адбылося з гатэлем у Цэнтральным дзіцячым парку, яшчэ некаторымі будынкамі».
— Затое глядзі! — Арцём з гонарам паказаў на металічнаю каркасную канструкцыю на рагу Валоцкай і Дамініканскай. Гэта абрысы сабору Святога Тамаша Аквінскага. На агульным сходзе менскага парламенту, ён жа Соймам завецца, пастанавілі, што архітэктурныя страты будзем аднаўляць вобразнымі творчымі сродкамі. У Менску водаправод пусцілі ўсяго толькі гадоў восем таму. Ясна, што пакуль да поўнага аднаўлення помнікаў архітэктуры яшчэ далёка. Не тыя рэсурсныя магчымасці. Дый усё і не варта адбудоўваць. Мне каркасныя абрысы ў маштабе дакладнай копіі больш падабаюцца.
Дзікун падумаў, што Арцём добра на століках наслухаўся ўрбаністаў. Сам слухаў Арцёма напаўвуха, бо быў захоплены краявідам, які адкрыўся. Верхні Горад! Сэрца Менску! Менск... Ён рознакаляровы, ён рознаархітэктурны, ён розначалавечы. Вось яна, ратуша, а вакол на траўцы людзі чытаюць кнігі, слухаюць музыку. Касцёл Панны Марыі, Святадухава царква, далей — касцёл бернардынак, касцёл Святога Язэпа, Гандлёвыя рады, Гасцінны двор, гарадскія скульптуры, вузкія старадаўнія вулачкі!..
Дзікун ніколі ў жыцці не бачыў столькі хараства разам у адным месцы.
«Мэрку — у адстаўку!», «Эмігрантам — легалайз!», «Мы — адзін народ!». Архітэктурнае хараство дзе-нідзе па сценах было спісанае лозунгамі. «Наша апазіцыя, — патлумачыў Арцём. — Маргіналы, няма пра што размаўляць. Супраць мэра Альжбеты Сандрыгайлы, бо тая праводзіць ізаляцыянісцкую палітыку да Горада-Героя».
Каля падножжа гары, на якой стаяў Верхні Горад, пад вадой па калена гнілі рэшткі колішняй вуліцы Зыбіцкай. Калісьці вуліцу спачатку разбурылі, пасля штучна забудавалі муляжамі старых дамоў. Пазней муляжы самі па сабе сталіся гісторыка-культурнай спадчынай, дзякуючы сканцэнтраваным гісторыям п'янага разгуляева. Цяпер, наколькі зразумеў Дзікун, увесь цэнтр Менску, які застаўся над вадой, быў прыстасаваны пад адпачынак.
— А тут мусяць стаяць кабінкі для хуткага сексу!
— Тут мусяць стаяць кабінкі для хуткага распівання спіртнога!
— А я кажу — для сексу.
— Але ж будуць гучаць охі ды ахі. Дзеці будуць чуць.
— Тады давайце зробім абмежаванне ў часе. Напрыклад, кабінкі адкрытыя для сексу з 20:00 да 08:00.
— І для палення марыхуаны!
Спрачаліся галоўны архітэктар гораду з прадстаўніком фірмы-выканаўцы. Абмяркоўвалі добраўпарадкаванне ракі Свіслачы ў раёне Опернага тэатру. Дзверы кабінета галоўнага архітэктара былі адкрытымі і выходзілі ў фае прыёмнай мэра. Тут сядзелі Дзікун і Арцём і чакалі запрашэння на аўдыенцыю.
Офіс Альжбэты Сандрыгайлы быў у будынку ратушы. Фае прыёмнай было аздобленае карцінамі з сюжэтамі важных гістарычных падзеяў, звязаных з Менскам. На першай злева ад Дзікуна былі выяўленыя барадатыя мужчыны ў адзежы ХІ стагоддзя, якія ўздымалі з папялішча старажытны Мянеск. Горад утварыўся як памежная крэпасць Полацкага княства і быў разбураны брацкімі войскамі Ноўгараду і Кіева ў 1067 годзе. А вось далей карціна з цудоўным прыбыццём іконы Божай Маці ў Менск па Свіслачы ў 1500 годзе. На трэцяй карціне быў ужо 1660 год. Тут саюзныя войскі Кароны і Княства вызвалялі горад ад акупацыі з Усходу. На чацвёртай — менчукі святкавалі Дзень нараджэння Напалеона Банапарта...