— Якія кабінкі для сексу?! Вы не чулі, што адбылося гадзіну таму? — да галоўнага архітэктара зайшоў хтосьці са службоўцаў мэрыі.
Але што канкрэтна адбылося, Дзікун не пачуў. З прыёмнай паклікалі: «Спадар Станіслаў Рабянок, прашу заходзіць!» Арцём падміргнуў: маўляў, трымайся!
Дзікун рэзка ўзняўся, але паспеў зачапіць вокам яшчэ адну карціну, апошнюю з двух дзясяткаў. Гэта быў трыпціх: усталяванне памежных слупоў, запуск гідраэлектрастанцыі і рок-канцэрт на плошчы Каліноўскага.
20
Спачатку быў фільм. Спадарыня мэр Альжбета Сандрыгайла спазнялася. Сакратарка сказала, што, відаць, адбылося штосьці надзвычайнае. Бо вось толькі што мэр сама затэлефанавала і папярэдзіла, што спозніцца. І што спадара Рабянка, то бок Дзікуна, трэба заняць. «І вось, калі ласка, прайдзіце ў пакойчык. Вось фільм, а таксама кава, гарбата і бутэрброды». Сакратарка была ў лёгкім шоку. Відаць, мэр упершыню турбавалася за наведніка.
Фільм пра Менск. Сумесь рэкламнага і навучальнага роліку. Здаецца, стваральнікі стужкі падышлі да справы з гумарам. Спачатку яны распавялі, які Менск класны, якім яшчэ лепшым ён стане, а пасля патлумачылі, чаму ты, нелегал-перабежчык, хвігушкі калі зможаш жыць у Менску паўнавартасным жыццём, нават калі і атрымаеш від на жыхарства, а не рашэнне пра прымусовую дэпартацыю на радзіму.
— Цікавы фільм? Я начальнік Службы дэпартацыі, Антон Бузевіч. — Круглатвары круглапузы мужчына з лысым чэрапам і густымі чорнымі брывамі, сярэдняга росту, энергічны і ўсмешлівы. Зайшоў ціха.
— Добры дзень, цікавы фільм... Бібліятэкі, музеі, галерэі, клубы, два тэатры. Я не думаў, што культурнае жыццё так хутка адновіцца... Дзе ж гэта... Вось тут, — Дзікун пераматаў файл з гадзінным фільмам на сярэдзіну. — Тут вучаць, як карыстацца грамадскай прыбіральняй, што не трэба на ўнітаз ускарасквацца з нагамі. Гэта для чаго?
— Фільм створаны для ўцекачоў з Горада-Героя. Пачынаем вучыць з простых побытавых рэчаў. Адаптацыя да жыцця ў Менску цягнецца гадамі, і пакуль ні разу не была завершаная хоць бы адным чалавекам. На сто працэнтаў «жукі» менчукамі не робяцца. Ведаеце, Станіслаў, гэта як з бадзяжным сабакам. Калі ўзяць яго з вуліцы, памыць, пакарміць, пасяліць у добрым доме, дзе заўжды поўна ежы ў кармушцы, сабака ўсё роўна будзе красці і рабіць заначкі — на ўсялякі выпадак. Не перавучваецца, бо раптам што.
«Сувора», — падумаў Дзікун.
— Мы назіралі першых перабежчыкаў цягам дзесяці гадоў, пакуль не закрылі доступу новым. Жыхары Горада-Героя набываюць звычкі, у тым ліку светапоглядныя, якія ўжо не змяняюцца. І што ты ні прапаноўвай новае, усё дарма. Так, яны спрабуюць капіяваць тое, што наўкола. Але ў выніку ператвараюцца ў хадзячыя капіявальныя аўтаматы. То бок, сутнасна не змяняюцца, адно вонкава. Уяўляюць з сябе змалпаваны Менск. Бо ў Горадзе-Героі атрафуецца галоўная звычка — звычка да крэатыву. Менск бярэ ў грамадзянства, калі давядзеш кваліфікацыю ў сваёй справе — пацвердзіш карыснасць. Альбо інвестуеш нейкі рэсурс. Прафукаеш рэсурс, не разаўеш — ласкава раім рушыць назад, дамоў. Праблема — не ў тым, што «жукі» не маюць кваліфікацыяў ці рэсурсаў. Праблема — у тым, што яны нават не спрабуюць прасунуцца наперад, — Антон Бузевіч павольна і глыбока ўздыхнуў. — Арцём мне ўжо сцісла распавёў, як вы трапілі ў Менск. Вы бачылі нелегалаў. Іх адправяць у адаптацыйны лагер у Ждановічах, паўночна-заходнім прадмесці Менску. Там яны пройдуць рознага кшталту псіхалагічныя тэсты і па выніках атрымаюць выбар: вярнуцца ў Горад-Герой, працаваць на плантацыях Заходніх тэрыторыяў альбо пайсці вучыцца на грамадзяніна Менску.
Спадар Бузевіч паўтарыў, што калісьці перабежчыкам адразу давалі грамадзянства, але вельмі хутка ўбачылі, што наваспечаныя выбарнікі абсалютна не цікавяцца палітычным жыццём. Партыйныя дзеячы на выбарах куплялі сабе галасы перабежчыкаў: часам за добрае слова, часам «за булачку» — за дробныя гешэфты. «Усякая ўласьць ад Бога», — усміхаліся перабежчыкі, на што ў Службе дэпартацыі навучыліся шматзначна адказваць: «Бог прамаўляе праз вас».
Будучы жорсткімі забабоншчыкамі, «жукі» нейкі час самастойна хадзілі на выбарчыя ўчасткі, але боязь Бога ў звязку з выбарамі мінула досыць хутка. Хтосьці з перабежчыкаў прыдумаў, што на тэрыторыі Менску Бог паводзіць сябе інакш, чым у Горадзе-Героі. І такі самы лагодны ў сваіх паводзінах, як і менскае грамадства. Не, ну праўда: турмы — няма, Свінакомплексу — няма, смяротнага пакарання — няма. Рай!