Выбрать главу

— Відаць, «жукі» імкнуцца ў Менск не для таго, каб хадзіць на выбары? — Дзікун не хаваў свайго лёгкага абурэння. — Раз не хочуць удзельнічаць у палітычным жыцці — навошта прымушаць? Не давайце ім грамадзянства, хай будзе толькі від на жыхарства.

— А мы амаль так і робім. Толькі ў нас яшчэ ёсць закон, згодна з якім жыць у Менску могуць толькі грамадзяне. Таму Менск выдае эмігрантам дазвол на працу. І магчымасць прайсці экзамен на грамадзяніна, які практычна ніхто не здае. Раптам у канцы Школы правоў і абавязкаў вучань дазнаецца, што як грамадзянін будзе абавязаны сплачваць дзесяць працэнтаў свайго даходу ў агульную касу Менску. А неграмадзяне падаткаў не плацяць. Па-за Менскам, дзе эмігранты здымаюць жытло, — свае за­коны. Дакладней, пісаных законаў няма, жывеш, як дамовішся.

— Але ж вы такім падыходам множыце беззаконне на тэрыторыях вакол Менску!

— Ёсць іншае меркаванне: што такім па­дыходам мы баронім сваё грамадства, сваю цывілізацыю — ад размывання.

— Але ў будучыні канфлікт непазбежны.

— З Горадам-Героем?

— Так! Там насельніцтва болей разы ў тры, калі не чатыры, чым у Менску.

— Горад-Герой ні кроку не зробіць у наш бок, пакуль мусіць бараніць свае бульбяныя палі ад каларадскага жука. У іх на ахову мяжы з намі сродкаў асабліва няма, не тое што на вайну. Дый ваяры з іх так сабе, іх жа з дзяцінства дзяржава трымае ў чорным целе. Страх — іхнае другое імя. А ў Менску ў кожнага грамадзяніна — зброя ў доме. І вайсковыя зборы раз на год ладзім.

— І анархісты. Ёсць у Менску.

— О, так, Канфедэрацыя анархістаў кантралюе землі ўздоўж чыгункі ад Калядзічаў да самых да Ждановічаў. У нас з анархамі — узаемавыгадная дамова. Калі ежу яны мінімальна вырошчваюць самі, то газ, электрычнасць і чыстую пітную ваду атрымліваюць у нас. Выходзіць бартар: ахова мяжы наўзамен на рэсурсы. Так гістарычна склалася. А мы і не супраць. Яны слова трымаюць, нам не пагражаюць, наадварот. Яны дэ-факта нашы «казакі» на мяжы з непадкантрольнымі тэрыторыямі, дзе пануюць дробныя групкі бандытаў. Толькі пра «казакоў» ім не кажыце — моцна злуюць.

Антон задаволена пацёр рукі, відаць, агучыў свой любімы жарт.

Дзікун звярнуў увагу на карту, якая вісела на сцяне пакою. Паўднёва-заходняя частка вялікага, калісьці адзінага, Менску была вылучаная штрыхоўкай у асобную зону. Бузевіч перахапіў позірк.

— А тут — Абяцаная Зямля для нелегалаў. У Горадзе-Героі пашыраная легенда пра тое, што па праспекце Дзяржынскага існуе праход да чыстай вады. І хоць большасць уцякаюць дзеля ўзроўню спажывецкага жыцця, які ў Менску на дзесяць галоў вышэйшы, чым у Горадзе-Героі, некаторыя спрабуюць прабрацца міма кардонаў анархістаў за чыгунку ў бок мікрараёну Паўднёвы Захад. Думаюць, што па чыстай вадзе можна дабрацца да вялікай цывілізацыі.

— Можна?

— Дзе там!

Антон Бузевіч наліў сабе і Дзікуну кавы. Кава! Тут, у Менску, яна мела цалкам іншы смак, чым у Горадзе-Героі. Пазней Дзікун дазнаўся, што ў гатэлі «Турыст» яго частавалі распушчальнай, а ў Менску — натуральнай.

— Разумееце, Станіслаў, справа ў тым, што ў раён праспекту Дзяржынскага мы адпраўляем злачынцаў трэцяй ступені.

— ?!

— У Менску няма смяротнага пакарання і турмаў. Заканадаўча. Першы тып пакарання прадугледжвае штраф ці грамадскія работы. Другі — высылку ў Горад-Герой. Як надоўга, залежыць ад цяжкасці правіны. Бывае, што і пажыццёва. Забойствы ў нас рэдка бываюць. А вось кантрабанда «каларадкі» нумар 4-5 прыраўноўваецца да за­маху на забойства. У Горадзе-Героі часцей за ўсё пакараных кідаюць у якія-небудзь металаломні Заводу калёсных цягачоў ці падобнай установы. У «камізэлькі» такіх не бяруць, бо лічацца нядобранадзейнымі нават паводле мерак «жукоў». Калі пакараны ў Горадзе-Героі падсядае на «каларадку», назад мы яго не прымаем. А трэцяя сту­пень пакарання — гэта выгнанне з Менску праз праспект Дзяржынскага. Асуджанага на БТРы вывозяць на кіламетр далей за чыгуначны мост у ваколіцах абласной ДАІ і ўсё — тэпай сам.

— Так небяспечна?

— Склізні, — пачаў тлумачыць Бузевіч, — у паўтара разу большыя памерам за БТР. Анархі распавядалі, як некалькі гадоў таму першы і пакуль апошні раз дабраліся да Медычнага інстытуту. Гэта кіламетраў шэсць, а мо і болей. Калі на вялікай хуткасці ўрэзацца ў склізня, то можна яго чпокнуць, але калёсы завязнуць. Калі наперадзе бачыш некалькіх, то лепш пакоцаць іх з кулямёта разрыўнымі кулямі. Хлопцы казалі, што ў такі спосаб таксама нармальна праехалі. Але перад імі, дні за два, адзін з БТРаў не вярнуўся. Калі ехалі назад, дзесьці перад вуліцай Уманскай тая машына, што ішла другой, ляснула ў кювет. Пакуль першыя заўважылі, пакуль развярнуліся, пакуль вярнуліся, бачаць — а ў лагчыне пад адхонам цэлы статак склізняў, асобінаў з дваццаць! І ўсе наваліліся на машыну.