Бузевіч даліў сабе ў каву з фляжкі і выпіў, не цокаючыся.
— Тэарэтычна хлапцоў можна было выратаваць. Выклікаць праз рацыю дапамогу, пасмажыць пачвараў агнямётам, закідаць гранатамі, выклікаць урэшце бульдозер, кран. Але хлопцы з перакуленага БТРа не закрылі аднаго люка. Проста шчылінку пакінулі. А мы то ўжо ведалі, што калі склізь трапляе на адкрытую паверхню цела, імгненна спыняецца кроў, цела робіцца жэлепадобнае, а далей склізняк неяк усмоктвае цела ў сябе, як бы далучае яго да сябе. Зрэшты, з нашага боку ў Даліне склізняў даўно ніхто не бываў. Перад тым кожная паездка здымалася на відэа. Нават былі зрабілі «сацыяльны ролік». Забойствы і так былі рэдкія, а цяпер зусім няма. Паказаць ролік?..
Дзікун адмовіўся. Расповед пра склізняў, вядома, быў моцны, але ўражанняў Дзікуна ад марскіх пачвараў не пераплюнуў.
— Антон, а што ёсць на паўночным усходзе Менску?
У гэты момант з-за сценкі пачуўся глыбокі жаночы голас:
— Яны прарвалі сцяну Купалу! Я толькі што адтуль! Што?.. Я САМА бачыла — фігура «чорнага» на некалькі крокаў выйшла са «святламузыкі»!
21
— Дык вось як ты вырас, Стась Рабянок... Як там Флорык, то бок, Альгердыч?.. Як Свецік? Каторы Уладзісвет. Паслядоўнікі яго канцэпцыі «мы — адзін народ!» тут добра псуюць усім нервы.
Бландзінка сталага веку з ачмурэлымі ад эмоцыяў вачыма барабаніла пальцамі па стале. Прытым фыркала, нібы цюлень, чым перабівала ўвесь каэфіцыент карыснага дзеяння сваёй пераканаўчай знешнасці.
— Антон, яны там ёсць — за Купалам.
Бузевіч моўчкі кіўнуў. У кабінет мэра Альжбеты Сандрыгайлы збіраліся службоўцы. У пагонах і без.
— Спадарства, перад вамі Станіслаў Рабянок. Ён бачун. Першы і найлепшы бачун, якога некаторыя з вас бачылі малым хлопчыкам, а некаторыя толькі чулі пра яго. У прынцыпе, мы чакалі кагосьці адтуль, але я не думала, што гэта будзе той самы бачун, якога празвалі Дзікуном. Надта цэннага кадра адпусцілі колішнія сябрукі-паплечнікі.
Спадарыня Альжбета хадзіла туды-сюды, паліла, кашляла, глядзела ў акно, за якім было бачна, як заканчваецца падрыхтоўка да свята аднаўлення інтэрнэту, піла каву і час ад часу адасоблена разглядала Дзікуна, нібы ён быў рэкламным плакатам у метро.
— Стварылі вы там у сябе ідэальнае грамадства? — нядобразычліва спыталася Альжбета. Не тое каб злосна, але нейтральнай інтанацыю назваць было цяжка. Альжбета затушыла недапалак, падпаліла новую цыгарэту і, не чакаючы адказу, працягнула: — А ў нас тут няма ідэалу.
Спадарыня мэр выпраменьвала мноства разнастайных небяспек. Якіх? Дакладна Дзікун сфармуляваць не мог, але адчуваў, што кабета яго баіцца. Што кабета яго ненавідзіць. Што кабета яго хацела б бачыць не тут. Альжбета распавяла сваім падначаленым кароткую гісторыю Дзікуна. А яшчэ Альжбета прызналася, што была супраць таго, каб Альгердыч з кумпаніяй звялі з сабою дзяцей-бачуноў, бо яны маглі добра паслужыць на карысць менскага грамадства. Альжбета падкрэсліла, што лічыць містыкай тое, што Дзікун аб'явіўся ў Менску акурат тады, калі ягоныя здольнасці так патрэбныя для падтрымання бяспекі.
Спецыяльна для Дзікуна спадарыня мэр зрабіла тлумачэнне: Купал узнік з ніадкуль дваццаць сем гадоў таму. Ён ахоплівае паўночна-ўсходні ўскраек Менску. Што за ім адбываецца, ніхто не ведае, бо Купал не прапускае за сваю абалонку нічога. І ўгледзець немагчыма, бо Купал запоўнены чымсьці, што менчукі клічуць «святламузыкай». Гэта непразрыстая субстанцыя, якая ўвесь час змяняе колер. І вось сёння салдат з памежнай варты ўбачыў, як з Купалу (у народзе казалі «кумпал») на паўсекунды высунуўся «чорны». Альжбета паехала на КПП каля Кінастудыі, каб паразмаўляць з салдатам, і сама ўбачыла паўтор — выхад «чорнага» з каляровай субстанцыі. І вось цяпер Дзікун дазнаўся, што ён мабілізаваны ў менскае войска і паступае ў распараджэнне найвышэйшага вайсковага кіраўніцтва. У выпадку дэзерцірства... «Адправіце мяне ў Даліну склізняў?» Альжбета сказала, што цэніць гумар і разумее, што здольнасці бачуна дапамогуць Дзікуну не стаць ахвярай склізняў.
— Таму мы цябе на ланцуг пасадзім, Стась. А ланцуг прыкуём да грузавіка, у якім будзем вазіць цябе вакол Купалу, а ты будзеш адсочваць перасоўванні «чорных»...
Пасяліце яго ў казарме ў былым дзіцячым садку нумар 143. На вуліцы Караля, — дадала спадарыня мэр. «Не таго Караля, а колішняга архітэктара, але гумар зачотны», — адзначыў сабе Дзікун.