Выбрать главу

Альжбета Сандрыгайла казала хутка, паглядаючы на гадзіннік. «Спяшацца сапраўды варта», — падумаў Дзікун і вырашыў не раскрываць прысутным, што ягоная чуйка бачу­на з «чорнымі» не працуе.

— Задушліва, — гучна прамовіў Дзікун.

Антон Бузевіч адкрыў акно. «Раз, два, тры, раз, два, тры», — хтосьці спраўджваў мікрафон. Сцэна была ўсталяваная пад Святадухавай царквой, адноўленай у свой час як канцэртная зала, і глядзела проста на ра­тушу. «Раз, два, тры, раз, два, тры.»

— Спадарыня мэр, ваш выступ на адкрыцці — першы, праз дваццаць хвілінаў.

— Дзякуй, Антон. Увага! Ніхто не мусіць ведаць пра «чорных», нам не патрэбная паніка. Тым больш сёння свята.

— «Чорныя» звязаныя з Каралём. Толькі дабраўшыся да Караля, можна дазнацца, як ліквідаваць пагрозу «чорных». І заадно зразумець, хто гэта ці што гэта, — Дзікун казаў рашуча, але эмацыйна стрымана.

— Палкоўнік Вепрукевіч, — назваўся спадар у афіцэрскай уніформе. — Адкуль вы ведаеце, што для пазлу не стае Караля?

— Станіслаў шмат чаго мусіць ведаць з таго, чаго няма ў нас, — сувора прамовіла Альжбета. — Альгердыч знёс з сабою інфармацыю аб таемных вайсковых распрацоўках. Амаль усё, што здабыў Супраціў. А цяпер мы бачым, што «чорныя» неяк звязаныя з Купалам, а Купал — з Горадам-Героем не мяжуе. Значыць, «чорныя» туды прыходзяць гэтаксама, як і ў Менск, — самі па са­бе. Таму час вам, спадары вайсковыя, браць пад пахі Дзікуна і везці да Купалу. Хай адпрацоўвае за Альгердыча і кумпанію.

Дзікун адказаў:

— Дзейнічаць трэба хутка. Я цяпер тут, у Менску, бо «чорныя» дабраліся да Добрага Месца, да выспы ў былым Гарадоцкім раёне, дзе цяпер жывуць людзі сямі майстроўняў. Жывуць у спадзеве вярнуцца ў Менск і ра­зам будаваць новую цывілізацыю, калі пачне спадаць вада.

— «Мы адзін народ», — фыркнула спадарыня Альжбета, — так, начутая.

— Дабраліся ажно да Гарадоцкага раёну? — перапытаў палкоўнік Вепрукевіч.

— Так, мы не ведаем колькасці «чорных», на што яны здатныя і на каго працуюць. Ка­роль — крыніца важнай інфармацыі аб «чорных». У Горадзе-Героі ёсць падпольшчыкі, якія гатовыя дапамагчы. Ёсць я з маім да­рам бачуна і вялікім шанцам абысці пасткі, якія сцерагуць падземны праход да ЦЭЦ-3. Усё, што трэба цяпер ад вас, — дапамагчы мне трапіць назад у Горад-Герой. Ці проста не замінаць мне.

Альжбета Сандрыгайла набрала поўныя грудзі і пачала:

— Нам. Патрэбна. Тут. У Менску. Сёння. Цяпер. Супрацьстаяць «чорным»! Гэта значыць, што цябе, Станіслаў, зараз возьмуць пад рукі.

«Яго нельга адпраўляць, ён не ведае таго свету, тых людзей», — згадалася рэпліка аднаго з ачольнікаў майстроўняў, таго, які быў супраць камандзіроўкі Дзікуна ў Менск. І гэта была праўда: Дзікун не мог прадказаць паводзінаў прысутных вялікіх начальнікаў. У майстроўнях усё будавалася на ўзаемным даверы і максімальнай адкрытасці інфармацыі сярод сваіх. Тут і цяпер Дзікун не счытваў прысутных людзей. Адчуваліся фонавыя небяспекі... Хоць, не... Ужо не!

Дзікун энергічна пачасаў абодва вокі. Ён ужо бачыў канкрэтную пагрозу. Праз хвіліну да яго скроні прыставяць дула пісталета. Можна выскачыць у акно. Другі паверх, зламаць нагу — лёгка. Трымайся за поручні... Не выйсце. Хоць... Арцём выйшаў з-за спіны генерала і прыставіў пісталет да галавы Дзікуна:

— Усім стаяць! Гэта закладнік!

22

— Пісталет не зараджаны, — шапнуў Ар­цём Дзікуну. — Маю ідэю, як цябе вызваліць. На твой палон мы з Альжбетай не дамаўляліся. Дарэчы, гэта яна арганізавала тваё выкраданне з аэрапорту «Менск-2» у дзяцінстве. Яна колішняя жонка Альгердыча і была побач у момант, калі ты біўся з пацуком. Альгердыч хацеў, каб ты паляцеў з бацькамі, а Альжбета скрала цябе. Тады ўжо Альгердыч паслаў яе куды далей і забраў цябе да сваёй майстроўні.

Апошнія фразы пачула ўся плошча. Хтосьці за пультам зрабіў максімальны гук мара­фона, які стаяў побач на сцэне.

— Давай, Дзікун, раскажы хто ты ёсць і чаму тут! — штучна пагрозліва запатрабаваў Арцём.

— Прыбяры пісталет, я раскажу без пры- мусу! — тэатральна, з выклікам, адказаў Дзікун.

Дзікун спачатку пункцірна апавёў сваю гісторыю: найперш пра бачуноў, і што такое майстроўні, якія ён, Дзікун, рэпрэзентуе ў Мен­ску. Але галоўнай была тэма «чорных п'явак». Некаторыя менчукі бывалі са справамі ў Горадзе-Героі, таму пра існаванне адносна новага ўзброенага фармавання ведалі. Дзікуну важна было распавесці пра трагедыю, якая адбылася ў акваторыі Новай Зямлі. Пра тое, што не было зразумела, з якой пагрозай сутыкнуліся людзі. Што за сіла таілася ў «чорных». «І самае галоўнае — яны выходзяць з Купалу», — падсумаваў Дзікун.