Выбрать главу
* * *
Зноў вярнуўся я ў бацькаў свет палявы — У першабытнасць дрэў i травы. Авяваюць мяне                 вольныя крылы радзімы — Вёсны ды зімы.
О як хораша — толькі з пapoгa — піць Маладыя настоі раніц! Аб галінку шыпшыны лясной (Як матылі, яе кветкі абселі) палец раніць!
Грае вечную арыю бор — Я пайду без дарог, як вецер. Можа, ўбачу,                 як ладзіць бабёр Свой прытулак                 на гэтай планеце.
Блісне мне ля тваёй дзеразы Бліскавіца-яшчарка, лесе. А мо стрэну пагляд казы, Што пасецца ў зялёным леце?
Там з-за хвой, дзе сцежка лася, З-за галін вербалозу, здалёку Мне, як радасць, адкрыецца ўся Азярына — зборнік аблокаў.
Будзе плёхаць хваля ў трысці, Асыпаць пялёсткі                 каліна... Гэта шчасце, што ёсць у жыцці Родны бацькаўскі свет каляінны!
* * *
Вось ізноў — праз безліч гадоў! —                 у руках маіх простая пуга сырцовая:                 я пасвіць каровы ганю (Што ж з таго, што на імя маё                 навешана тытулаў розных вучоных). Сонца яшчэ не прыйшло на зямлю. Але яно недзе ўжо блізка:                 пабялела на ўсходзе унь неба,                 вераб'і прачнуліся ў бэзе, I певень, першы саскочыўшы з седала,                 шукае курам на дварэ пачастунак. Каровы, вытураныя жаночымі кухталямі за брамы,                 стаяць сярод вуліцы,                                 выцягнуўшы ўперад галовы, I сонна жуюць сваю жвачку.
                Я доўга хаджу ад адной да адной, пакуль не скранаю нарэшце ix з месца. Цячэ па вуліцы статку рака. На выгане яна разліваецца ва ўсе бакі. Цяпер на планеце адзін толькі гук —                 грызуць каровы расяную мураву! (I што я рабіў дагэтуль?                 Для чаго разменьваў свой,                                 i без таго скупы, век?) Булькоча ручай недзе на дне зарослай канавы                 (Мусіць, трапіўся камень яму на шляху),                 Зялёная жабка, скокнуўшы неўпапад,                 застыла ў мяне ля нагі                 (думае, што я не бачу яе між травы), Разгалісты дуб, не надта стары,                                 але з чорным дуплом унізе, (i ў каго падымаецца рука тут класці агонь?) Яшчэ зусім не прачнуўся: не зварухнецца на ім                 нават ліст. A ў небе, узляцеўшы з зялёнага цёплага жыта                 i ля хмаркі суняўшыся, як верталёцік, Запеў — такую старую,                                 знаёмую i такую новую песню                                 жаўранак —                                 шэрая птушачка палявая. А мо гэта зусім не жаўранак? Mo гэта сэрца само                                 песню бацькоўскаму краю спявае?
Сцежкі маленства
Дарэмна лаеш мяне ты, крытык, Дарэмна поўніш газету крыкам, Дарэмна колеш шпількай насмешкі, Што я апяваю маленства сцежкі. Я буду ўсё роўна — не прызнаю тваё вета! — Клікаць вобразы роднага свету. Там ліпы як ліпы i вербы як вербы — Растуць як хочуць пад вольным небам. A сцежкі тыя, палявыя дарогі Пратоптваюць самі людскія ногі. I салавей там не ў клетцы — вольна Пяе салаўісе ў цёмных вольхах. У ясным тым свеце — ў нябыт ён не кануў! — Ніхто не хавае за пазухай камень. Усё ў вачах там напісана шчыра, Там два на два — заўсёды чатыры. Там чорнае — чорнае, рыжае — рыжае, Слуп ёсць слуп i грыжа ёсць грыжа. Там з нараджэння жыве ў мяне маці — Садзіць картоплю, сее макі, Ідзе («хоць каня брыгадзір калі дасць») у поле: Кланяецца буракам, Прарэджваючы ды праполваючы, Лён бярэ на загоне, між двух палікаў — Не зарасла хаця б яе «пайка». А вечарам дома — толькі ўпраўляйся — працы: Гарбузнік сячэ для свіней («ненажэры, каб на ix пранцы»), Агуркі палівае, куранят частуе крупою, Каля печы круціцца з чапялою... Усе вяскоўцы мае (хто час ліхалецця не помніць?), Як шклянку, дзень свой працаю поўняць. Даўно яны ведаюць, знаюць, як трэба, Колькі каштуе скарынка хлеба. Там ca стала (не думайце, што з-за грошай!) Ніколі не скінуць пад ногі крошак. Па сцежках тых родных так ходзіцца лёгка: Там хочацца лётаць, з рэхам галёкаць. Там можаш грому смяяцца вясёла, Пусціцца па лужынах пад вясёлку. Там ходзяць — к ночы — туманы нячутна, Пад ногі сцелецца лістам трыпутнік, Святляк запальваецца за гародамі I мак таўкуць камары — на пагоду... Мы ж сцежкі маленства чамусь забываем, Сябе ад сябе — дзівакі — адрываем. Душу нашу губяць з узростам наросты: З'ядае яе кар'ерызму кароста, Смоўж зайздрасці смокча i смокча штоночы Ці шашаль нажывы ушчэнт яе точыць. Сцежкі маленства, сцежкі маленства! Вы — лекі ад розных людскіх калецтваў. Па вашай траве, па вашых росах Часцей бы ступаць нам нагою босай, Часцей бы да вас нам усім прычашчацца, Ад бруду ўсялякага ачышчацца. Лячыцца вашых крыніц чысцінёю Ды матчынаю слязою святою.