Перакаці-поле
Расла травінка на вясёлым полі —
У родным свеце, у расяным прыволлі.
Але аднойчы злосны ўсхадзіўся вецер
I, вырваўшы, панёс яе па белым свеце.
I вось лятае травінка ад поля да поля,
Сядзе i тут жа ўверх уздымаецца —
перакаці-поле.
Дзе ёй спыніцца, дзе ўкараніцца — не знае:
Не міла травінцы глеба чужая.
Коціцца далей i далей.
Такая ўжо доля:
Век між зямлёй i небам перакаці-поле.
Мурашка
Ад цямна да цямна —
на нагах мурашка.
Сук, большы ў сем раз за сябе,
схапіла i бяжыць: не цяжка!
I выхадных ёй не трэба,
снуе i снуе ля свайго палаца,
Што значыць —
любая праца!
Жураўліныя ягады
За лесам сінім, на градцы нязнанай
Спялілі ягады журавы.
A ўвосень сабралі i ўсім караванам
Панеслі ў кошыках да сінявы.
Хацелі данесці да цёплага поўдня
Роднага краю дары.
Ды свіснула бура i з дзюбаў раптоўна
Сарвала кошыкі ўсе ўгары.
Як сонцы маленькія, на імшары
Скаціліся ягады з вышыні.
Ад той пары журавы i зараз
Шукаюць, шукаюць ix дзень пры дні.
Знайшлі ix i людзі, аблюбавалі,
І вось, калі загарацца кляны,
Ідуць на балота і, нібы каралі,
Збіраюць у кошыкі ды ў збаны
Чырвоныя ягады жураўліныя —
Журавіны.
* * *
Замятае, лісцем замятае
Поплаў, пасекі, раўкі далін.
Завядзі, дарожка залатая,
У краіну вольх i арабін.
Там цвіце — мой сон заўсёдны — верас,
Па нізах віецца дзераза
I блішчыць расінка раннем шэрым
На травінцы кожнай, як сляза.
Хай бягуць за голлямі аблокі...
Годы уцякаюць — не лічы...
Глянь, пад елкай — рыжык крутабокі
Ды баравікі, нібы карчы,
Ды ў агні нягаснучым асіны —
Не атушаць ix i туманы —
Сняць свае, зялёныя i сінія,
Чэрвеньскія ночы, як чаўны...
* * *
Так кожнаму наканавала
Доля — міл ці не міл:
Усе мы адыдзем памалу
За небасхіл.
Ды ў сонечным свеце, за брамай,
Залётная каня, крычы! —
Будуць цвісці гэтаксама
Яблыні i касачы.
Белай сям'ёю крылатай —
Новага лета паслы —
Будуць на поплаў за хатай
Зноў апускацца буслы.
Я зноў ix убачу!
Ахвоча
На свет гэты, тут i там,
Будуць глядзець мае вочы,
Што ўнукам я перадам.
Закон вады
З дарогі! Вада лёд прарвала!
Бачыце, бачыце,
як яна рынулася на волю —
вал за валам!
Хутчэй, разявака:
лёд
вада
прарвала!
О як яна загаварыла,
запела,
забушавала!
A ўсю ж зіму пад лёдам,
як лінь, стаяла.
І не было цішэй вады...
А гэта —
вада лёд прарвала!
Бяжыць,
абганяючы самую сябе,
зрываючы палі, платы, маладая,
Спяшыць
запоўніць нізы ўсе i ямы да краю!
Такі — закон вады:
вада пустаты не трывае...