…Ёй споўнілася дзевяць, калі бацька, ціхі, з вузенькімі, бы ў падлетка, плечыкамі і надта вялікім кадыком, быў вытураны з толькі што атрыманай двухпакаёўкі, на якую з-за яе, сваёй Вікусі, не стаў прэтэндаваць, а маці кінулася ў пошукі рамантычнага героя, які неўзабаве з’явіўся ў вобразе каржакаватага дзецюка, рыжавусага і рабаціністага, з жалезным пярэднім зубам і абсалютна пазбаўленымі выразу, бы керамічнымі, вачамі. У “героя”, між іншым, меўся істотны недахоп: ён быў жанаты. Некаторы час доўжылася “перацягванне каната” паміж старой і нованароджанай ячэйкамі грамадства; умацаваць матчыны пазіцыі мусіла з’яўленне на свет дзіцяці, аднак рыжавусы, які чамусьці неўзлюбіў Вікторыю, паставіў умову: “дзеўку” аддаць на выхаванне бацьку. Сама дзяўчынка нічога так горача не жадала, але маці адхіліла “непрыстойную” прапанову (“Што скажуць людзі?!”). У выніку дзядзька адбыў у ранейшую сям’ю, дзе ў яго падрастаў такі ж рабаціністы сынок.
Камень віны, які зваліўся на дзяўчынку ля матчынага ложка, па чыстай выпадковасці не пераламаў ёй хрыбет. Але нармальны рост яе перапыніўся — дарослая Вікторыя гэта цяпер добра разумела, — і на месцы ўдару пачаў расці нябачны горб. Працягваючы падвываць, ужо ціха, каб зноў не пабудзіць маці, якая адразу ж і заснула, яна выцерла плямы крыві (месцамі з праселай падлогі вытыркаліся шляпкі цвікоў — аб іх маці і паранілася, швэндаючыся па кухні басанож), схавала бутэльку і рэшткі ікры, выгляду і паху якой з таго часу не выносіла. Накарміўшы і паклаўшы спаць малую, яна забілася ў свой вугал за крэслам і прасядзела там да рання, калоцячыся ад холаду і страху, што маці прачнецца і зноў будзе яе біць…
Але маці больш ні разу не ўдарыла яе — так, ні разу. Яна выбрала іншы від катавання: словы. Ах, лепш бы яна лупіла яе чым папала! Але, як звер беспамылкова вызначае слабае месца ў ахвяры, маці распазнала ў дачцэ звышадчувальнасць менавіта да слова (так іншы чалавек бывае асабліва адчувальны да фізічнага болю). Прылады катавання розніліся ў залежнасці ад настрою ката — ад пякучай пугі іроніі, якой маці пагульвала амаль юрліва, да жалезных ціскоў праклёну, у якіх храбусцелі косткі. Так, будучы ў гуморы, яна пераказвала Вікторыі вычытаныя ў газетах гісторыі пра хлопчыкаў ды дзяўчынак, якія ў трынаццаць год перамагалі ў чэмпіянатах, а ў шаснаццаць абаранялі дыпломы па марксізму. “Ёсць жа шчаслівыя бацькі, — крывадушна ўздыхала яна, — а ў мяне дачка — нікчэмнасць”. Абавязкам Вікторыі было дабіцца нейкай неверагоднай ступені дасканаласці, якой людзі ў прыродзе сваёй не валодаюць, — толькі такая, без пылінкі ды плямкі, дасканаласць здольная была ўраўнаважыць цяжар ахвяры, якую маці прынесла дзеля яе, адмовіўшыся ад асабістага шчасця. Прынамсі, так яна, дурнічка, думала, бо з той п’янай суботы ўпячатанае ў падкорку таўро віны вызначала ўсе яе ўчынкі, нібыта магніт, пакладзены пад компас. Гэта цяпер — толькі цяпер! — Вікторыя зразумела: маці змахлявала, бы цыганка на базары, яна проста падманула дачку, пераклаўшы на яе кволыя плечы ўласную дарослую ношу. Вядома ж, маці сама была няшчаснай — і тады, калі “лячылася” гарэлкай ад болю, і пазней, калі знайшла паратунак у партыйнай рабоце.
Але ці дае ўласная, няхай горкая, пакута права скалечыць іншую, ні ў чым не вінаватую істоту?
Не і не, не зможа шырма для споведзі замяніць ласкавае калыханне аксамітнага і пераходзячага, а анемічны постсавецікус псіхааналіз — перахапіць тую слынную гістарычную ролю партыі: служыць рысталішчам замешчанай актыўнасці бязмужніх жанчын з уладнымі амбіцыямі. Ім у першую чаргу, а не старцам з устаўнымі сківіцамі, да твару аплакваць былую эпоху, якая давала абдзеленым любоўю, пакрыўджаным жанчынам неверагодную магчымасць адыграцца. Гэтыя думкі — як лінза, скрозь якую Вікторыя разглядвае, спасцігае цяпер сваё гаротнае дзяцінства, якое прыйшлося, дарэчы, якраз на сямідзесятыя, калі партыйны эгрэгар, хоць і з нарумяненымі шчокамі ды адрузлымі мышцамі, быў яшчэ здольны ўлагодзіць libido згаладнелых правінцыяльных цётак. І маці кінулася ў грамадскія ігрышчы, як іншыя — у разгул. Яна назаўсёды выключыла са свайго жыцця свет эмоцый, што здрадзіў ёй: так асцярожная паддоследная пацучыха, атрымаўшы ўдар элекрашокера, больш не набліжаецца да прынады, у адрозненне ад сваіх дурненькіх сябровак. З асалодай калекцыяніравала маці знакі ўвагі свайго міфічнага імпатэнтнага “палюбоўніка”: усе гэтыя ціснёныя золатам граматы, бразгучыя медалькі з выявамі правадыра — яна раскладвала бліскучае барахло на стале, і твар яе свяціўся замілаваннем… А дзеці, дзеці, якім так патрэбны былі яе любоў і падтрымка?! Ды што дзеці… Дзеці мусілі вырастаць роўнымі шэрагамі на пляцоўках школ ды стадыёнаў, як аднолькава падстрыжаная трава на газоне, пад гукі фанфар і “рачовак”, і пры гэтым быць дыстылявана-ідэальнымі: дзецьмі, за якіх “не сорамна”.