Выбрать главу

Часам, вярнуўшыся дадому пасля партсходкі ці дэпутацкай сесіі, маці садзілася перад люстэркам і нібыта ўпадала ў цяжкую здранцвеласць. Штосьці лішняе, непатрэбнае — зморшчынка на гладкім лбе (калі выкрывала няверных мужоў, даводзілася хмурыцца), звялая ружа, пустая каробка з-пад цукерак з легкадумным малюнкам — раптам узнімалі з падводных глыбіняў памяці, як твар тапельніцы Алёнушкі са дна, тую маладую жанчыну з валасамі, як дзікі вінаград, — жанчыну, якая марыла зусім не пра бразгучыя медалькі ды граматы. Паміж “гістарычным аптымізмам савецкага народа” і яе сапраўднай будзённасцю ўтваралася пустэча, у якую свістаў вецер адчаю. І яе лютасць скіроўвалася на пахмурную звераватую дзяўчынку, якая — вось жа ўпартая дрэнь! — ніводнага разу не заплакала, не прылашчылася да маці, як малодшая дачка, — ну вядома ж, гэтай жывёліне ўсё матчына абурэнне — што гарох аб сценку, так як і разгэтак! Маці і ў галаву не прыходзіла, што дзяўчынка кожнае ейнае ў гневе кінутае слова прымае ў сябе, у тую найглыбейшую глыбіню, дзе сплятаюцца карані лёсу, жывяцца цудоўнай вільгаццю, прызначанай для творчасці ды кахання; што ад злоснага мамінага крыку тое вільготнае дно ператвараецца ў ссохлую пустэчу, на якой можа вырасці толькі страх і недавер да людзей… А чаму, чаму яна так зацята маўчала, седзячы, бы ваўчанё, у сваёй схованцы за крэслам? Чаму не пярэчыла, не апраўдвалася? Ды таму, што была ўпэўненая ў неабдымнасці сваёй віны: усё так, мама мае рацыю (ды і хіба можа мама — памыляцца?!), яна, Вікторыя, — нікчэмнасць, поскудзь… яе ніхто ніколі не палюбіць… а маці, раз’юшаная яе маўчаннем, не магла ўжо спыніцца і асыпала “ідыётку” праклёнамі. Зрэшты, часам “шкадлівая дзеўка” ў час гэтых слоўных экзекуцый падала, бы падкошаная, на падлогу, і маці, упэўненая, што “істэрычка” ўзяла манеру прытварацца, пакідала пакой, бразгаючы дзвярыма так, што асыпалася тынкоўка…

Зачыніць дзверы на ключ, прылегчы на канапу, падкласці пад шыю скручаны валікам ручнік, расслабіцца і памасіраваць кропкі “неадкладнай дапамогі” на лбе і на скронях, як вучыў яе БМС, — вось што зараз трэба зрабіць замест таго, каб корпацца ў гнойнай ране свайго дзяцінства, быццам адвёрткай у тых болевых кропках калупацца, голымі рукамі, без наркозу, выцягваць скрываўлены корань страху… Але ж — усё роўна палезлі ўжо ўспаміны, нібы вятры з развязанага матросамі меха, і запозна Адысею хапацца рукамі за галаву, як бы яна ні балела…

Не так даўно, можа, месяц таму, Вікторыі прыснілася, як яна раскапвае маміну магілу, рукамі разграбае мокрую клейкую зямлю, пакуль не дабіраецца да мамы, якая неахайна раскінулася ў яме, цяжка і хрыпла дыхаючы, як дваццаць гадоў таму, і Вікторыя, укленчыўшы на купе чорнай зямлі, у роспачы спрабуе пабудзіць маці, а тая раптам хапае яе за валасы, нечакана густыя і даўгія, як на даўнішнім маміным здымку (вось чаго не атрымала ў спадчыну Вікторыя — ейных прыгожых валасоў), а пасля цягне ў раскрытую ямішчу, зусім як кашчавы шкілет — аголеную прыгажуню на карціне Ханса Б. Грына “Смерць і дзяўчына”, і вось ужо Вікторыя ляжыць у магіле замест мамы, а мама, невядома як завалодаўшы ейнымі целам і душой, жыве замест дачкі яе жыццё… Прачнулася тады ў халодным поце, абмацала сябе, каб ўпэўніцца: гэта — я, наcамрэч — я.

Калі гэта адбывалася без сведкаў — прыкладам, у час купання, у перанасычаным парай паветры ваннага пакою (ваду маці налівала нясцерпна гарачую — “няхай гразь адмокне!” — нібы Вікторыя за тыдзень зарастала нейкай асабліва ўчэпістай граззю), яна не баялася, зусім наадварот: ёй было лёгка і прыемна некуды адплываць, адчуваючы сваё трапяткое, а потым вокамгненна абмяклае, зніякавелае сэрца; сузіраць, як бляклая туманнасць люстранога шкла, на запацелай паверхні якога так зручна пальцам выводзіць сваё імя, пачынае раптам мільгацець рознакаляровымі іскрамі. Ува што можа аднойчы выліцца яе “плаванне” у гарачай ванне, яна, вядома ж, ведала, але ёй было ўсё роўна. У тым свеце, куды яе змывала хваля млосці, існавалі чамусьці толькі два колеры: чорны і аранжавы. Цень, які насоўваўся на зрок адтуль, быў жывы: у ім сыходзіліся і разыходзіліся зменлівыя плямы, чарноцце вібрыравала вогненнымі сполахамі, нібыта ў глыбіні таго ценю цемечкам немаўляці пульсавала самастойная сонечная кропка, якая раптам расла, пашыралася, і тады нейкія светлавыя каметы кветкамі раскрываліся ў змроку — і зноў усё захіналася мглой. Па гэтым вогненным кіпені яна навучылася прадбачыць стан непрытомнасці і да апошняга марудзіла паклікаць на дапамогу. Што было потым, калі чорна-аранжавыя бурбалкі раптоўна знікалі, і яна ляцела ў глухі калодзеж без дна? Вікторыя не ведала. Відавочна, потым была смерць — маленькая і абарачальная, але зусім, зусім сапраўдная. Гэтым часам яе звычайна пераносілі з ваннага пакоя, дзе зачыняцца ёй не дазвалялася, на ложак — там яна і прыходзіла ў сябе. Дзе яна толькі што пабывала? І што адбывалася тут без яе? Смерць, думала дзяўчынка, па сутнасці, цудоўная рэч, бо ў ёй няма ні сораму, ні страху.