Выбрать главу

І калі раз’юшаная маці праклінала яе, Вікторыя востра жадала памерці, і, здаралася, нехта кідаў ёй са змроку чорна-аранжавы выратавальны круг. Можа, такім чынам дзіцячая свядомасць абаранялася ад жаху будучага, якое пад уплывам маміных праклёнаў — Вікторыя гэта дакладна адчувала — зрушвалася з месца і перайначвалася. Бо тыя праклёны мелі асаблівую сілу. Калі маці выплёўвала іх даўкім ад нянавісці голасам, над галавой дзяўчынкі са страшэннай хуткасцю раскручвалася свісцячая спіраль, нябачны смерч, і на гэта гукабаляванне зляталіся дэманы — яна ясна чула шум скрыдлаў. Ах, лепш бы маці ўдарыла яе, збіла ў кроў! Яе праклёны, бы сляпыя цыклопы, шпурлялі ў дзяўчынку, маленькую і трымцячую, цэлымі скаламі. Час згушчаўся над яе цемем, рабіўся непразрыстым, імкліва страчваючы ружова-блакітны колер, на вачах ператвараўся ў біблейскі “сасуд смерці” — і толькі смерцю яна магла ад яго абараніцца. Вяртанне ў свядомасць пасля матчыных словавывяржэнняў было цяжкім: Вікторыю пакутліва ванітавала, проста такі выварочвала, а потым, знясіленая, яна забівалася ў свой вугал паміж крэслам і падаконнем, дзе ўпадала ў дзіўнае здранцвенне; у гэтым напаўсне-напаўяве яе праследавалі жудасныя ўяўленні-вобразы, так што, апрытомнеўшы апоўначы, яна не адразу магла зразумець, якая з дзвюх рэальнасцяў сапраўдная, а якая — толькі адбітак першай у мутным люстэрку кашмару.

Дарэчы, маці не толькі ні разу не паказала яе ўрачу, але кожнае лета пхала — “каб выйшла дурасць!” — у піянерскія лагеры на тры змены, дзе Вікторыя знемагала ў духаце камунальных душавых і на санцапёку лінеек. Менавіта там у яе розуме, бы чырвоная кнопка трывогі, і замігцела тая думка: толькі б не ўпасці, толькі б не… Менавіта там, дзе было столькі патэнцыяльных сведкаў яе ганьбы, яна пачала адчуваць страх перад падзеннем і кантраляваць свае рэакцыі, бо яшчэ не ведала: смерць, няхай сабе маленькую і абарачальную, пракантраляваць нельга.

Фотаздымак маладой прыгажуні з валасамі, як дзікі вінаград, яна схавала ў нейкую кнігу, а потым згубіла. Ды і ці быў ён наогул? Пасля смерці маці ў Вікторыі засталіся толькі здымкі, зробленыя заводскім фатографам. На іх тая нібыта ў масцы, застылай, як гіпсавы барэльеф правадыра над яе галавой, але пад той маскай — нават пажоўклая фотапапера не магла схаваць гэта — скажоны пагардай і гневам твар, змяінае шыпенне ярка-кумачовых вуснаў: “Каб ты правалілася, праклятая!”

У міфах многіх народаў матчына лона — сімвал раю. Страчанага, трэба заўважыць, раю, бо Адам, пакінуўшы Боскае лона, вымушаны быў стаць дарослым і прыняць адказнасць за сваё жыццё на сябе. Праўда, адначасова ён набыў свабоду. Рай, як любая таталітарная сістэма, свабоды пазбаўлены па азначэнні. Таму, нягледзячы на цяжкасці дарослага жыцця, дзіця звычайна аддае перавагу нарадзіцца, чым застацца назаўжды ў матчыным чэраве. Зрэшты, здараюцца і выключэнні.

Патолагаанатамы замест акушэраў

Па паведамленнях прэсы, патолагаанатамічны музей пры Г-м медыцынскім інстытуце папоўніўся яшчэ адным экспанатам. Жанчына з беларускае глыбінкі зацяжарала, але праз некалькі тыдняў сімптомы цяжарнасці зніклі самі па сабе. Калі праз дваццаць два гады яе прааперыравалі па падазрэнні на ракавую пухліну маткі, хірургі выцягнулі на свет скамянелы плод — літапедыён, які ўвесь гэты час жанчына пранасіла ў сваім чэраве.