Вікторыя стаяла ўжо ў вітальні, калі яе раптам працяла вострае, як удар электратоку, адчуванне-упэўненасць: я не магу пакінуць кватэру, мне страшна.
Некалькі разоў яна падыходзіла да дзвярэй і адступалася. Нарэшце, стомлена апусцілася на зэдлік у вітальні.
Што рабіць, Божа, што рабіць?
Праз чвэрць гадзіны мусіў пачацца фэст, а яна сядзела, спалоханая мышка-нарушка, і як ні выклікала з найдалейшых закануркаў сваёй істоты Упэўненую Пані, тая не азывалася на яе воклічы, нібы памерла. Страх — яна цяпер толькі зразумела — наступаў прадумана, можна сказаць, па плану, у яго злосных нападах праглядалася свядомая воля: спачатку выцесніў яе з натоўпу дэманстрантаў, потым — з душных аўдыторый, электрычак і аўтобусаў. Апошнім часам яна пазбягала наведваць вялікія крамы, дзе было далёка да выхаду, і купляла ўсё ў ларках ды камерцыйных палатках, а ў залах пасяджэнняў заўсёды садзілася з краю, недалёка ад дзвярэй. Якую памылку яна зрабіла, пазбягаючы “небяспечных” сітуацый! Бо варта было ёй адступіць, аддаючы ворагу новы кавалачак сваёй тэрыторыі, як казланогі бажок рабіўся нахабным, патрабаваў ад яе новых і новых уступак. Страх гнаў яе, бы зграя паляўнічых сабак — параненую жывёліну, ён несся па следу яе крыві, пакуль не загнаў ва ўласную нару. Сёння яе жыццёвая прастора звузілася да памераў кватэры, заўтра яна, нібыта шчыгрынавая скура, сціснецца да памераў ложка, дзе Вікторыя будзе дрыжэць пад коўдрай ад страху, а потым, потым — да магілы, месца апошняга супакаення.
Пэўна, яна памылілася, калі вырашыла змагацца з фабіяй ў адзіночку. Можа, цяпер яшчэ не позна? Яна патэлефануе БМС, так, зараз жа патэлефануе… І — кінула слухаўку, бо ўявіла вышэшы за чалавечы рост плот райпсіхдыспансера, бляклыя цені ў зашморганых байкавых халатах і шлёпанцах, раўнадушныя да ўсяго навокал, загружаныя “калёсамі”… уявіла Загадчыка, які з гідлівым спачуваннем працягвае ёй сетку апельсінаў… Не, толькі не гэта! А тады — што? — спытаў спакойны і разважлівы, быццам чужы, голас унутры яе. І сам сабе адказаў: дзверы, якія заўсёды адкрытыя.
У студэнцкія гады, у кінатэатрах, Вікторыя заўсёды садзілася побач з дзвярамі, над якімі гарэлі чырвоныя літары надпісу: “ВЫХАД”. І на кінасеансе жыцця ўсядзець магла толькі з краю, таму і трымала ў лядоўні сярод упаковак з лекамі адну, чырвона-жоўтую, па сканчэнні тэрміну годнасці замяняючы яе на новую (БМС, дурненькі, верыў што ў яе бяссонніца і выпісваў чарговы рэцэпт).
Што ж, яна выйдзе праз адкрытыя дзверы, бо смерць настолькі не страшная, што дзякуючы ёй нішто для нас не страшна. Гэтай афірмацыі больш за тры тысячы год, і аўтар яе не дурнейшы за Фрэйда — Луцый Аней Сенека.
Вікторыя адкрыла лядоўню, узяла ўпакоўку транквілізатараў. Вось і яна, як той раб, што прасіў у Калігулы смерці... А колькі гадоў змагалася, не жадаючы прыняць “каштоўнасці адносін”! Колькі сіл паклала! Марная барацьба... Што ж, усяго толькі яшчэ адзін суіцыд у зводцы мясцовай статыстыкі... Яна паклала таблеткі ў сумку. І — так стала раптам лёгка на душы, нібыта вось тут, у сумцы, пашпарт са свежанькай — яшчэ чарнілы не прасохлі — візай ва ўсе краіны свету, ды яшчэ — білет на трансатлантычны рэйс: шчасліва заставацца, панове, выбачайце, калі што не так! І нават вораг быццам бы сцішыўся, разгубіўшыся перад яе новай свабодай, так што Вікторыя, не даючы сабе часу жахнуцца прычыне раптоўнай палёгкі, падхапіла сумку, начапіла акуляры з зацемненымі шкельцамі (каб схавацца, няйнакш, — нібыта ў дзяцінстве, заплюшчыўшы вочы: “А цяпер — шукайце мяне!”) і выйшла з кватэры.
Неба было пахмурным, сэрца адразу ёкнула: навес над сцэнай… Усміхнулася: паміраць сабралася — а пра што дбаю... Да пачатку канцэрта засталіся лічаныя хвіліны, і яна, каб скараціць шлях, пайшла па драўляна-пясчанай вулачцы Калгаснай, па якой у апошні раз хадзіла гадоў дваццаць таму школьніцай з цесна напакаванай фізкультурнай торбай ды пузатым партфелем. Вулачка, як і тады, патанала ў непралазным брудзе, і нават вялізная балотападобная лужышча з падгнілымі, бы краі запушчанай раны, абсягамі была, як ні дзіўна, усё тая ж. У гэтую лужышчу яна калісьці ўвалілася, паслізнуўшыся на чарговым сметніку, што рэгулярна ўтваралі тут мясцовыя жыхары, і доўга потым мыла і сушыла адзенне, каб маці нічога не заўважыла…
Раптам яна спынілася, уражаная ўспасмінам: усё гэта ўжо было, было. Яна ішла па гэтай самай сцяжынцы, ішла, зачараваная смерцю…