— І тады ты зламалася. Ты выраклася сябе, і заглыбока схавала свой боль.
Ты вырашыла стаць такой, як усе, каго ставіла табе ў прыклад мама: упэўненай ў сабе, цынічна-дзелавітай, падманам па фальшывай кантрамарцы прабрацца на сцэну, дзе на ўсю моц ішла захопліваючая дух гульня, і толькі для цябе адной у ёй не праглядалася ролі. Ты ўзяла сабе чужую ролю, з руплівасцю першай вучаніцы капіравала чужыя манеры і словы, не разумеючы яшчэ, што цябе падпільноўвае самае страшнае, што можа здарыцца з чалавекам: небяспека пражыць не сваё жыццё. Ты выпесціла ў сабе новае “я” — Актыўную Камсамолку, потым — Упэўненую Пані, якая дзякуючы сваёй звычцы дасканала выконваць чужыя загады неўзабаве аказалася прынятай у свет масак — местачковую наменклатуру (як узрадавалася мама!). Так, толькі гэтае “дасягненне” і ўмацоўвала ў табе пачуццё ўласнай годнасці, у якую ты ніколі, ніколі не верыла, бо памятала, хто ты ёсць на самай справе: “нікчэмнасць, дрэнь”. Ты глядзелася ў чужыя вочы — мужа, калег, начальнікаў — як у люстэрка, з хваляваннем лавіла ў іх адбітак уласнай каштоўнасці, якая ніколі не была для цябе самадастатковай. І вось тут дык ты і трапілася ў пастку, бо на правінцыяльнай сцэне, дзе давялося табе разыгрываць спектакль свайго жыцця, з года ў год ішла адна-адзіная пастаноўка: ідыёцкае маскі-шоу, дзе нельга ні на ёту адступіць ад сцэнара і замест прымітыўнага тэкста бяздарнага аўтара вымавіць нешта сваё. Гэты спектакль, ну трэба ж, аказаўся пастаўлены ў духу брутальнай інтанацыі твайго дзяцінства: вышэйшы па пасадзе тут паводзіць сабе як дробны мафіёзі, асабістая годнасць вытоптваецца, кожны імкнецца зваліць сваю віну на іншага. У гэтай гульні ты атрымала ролю — міс Рашучасць, а як жа ж! — і табе пастаянна даводзілася сябе кантраляваць, каб незнарок акрайчык тае маскі не адклеіўся, як вус у Папаніна ў адной старой камедыі, але тут была для цябе не камедыя, а драма жыцця і смерці, без дурніцаў, таму што вох як цяжка было прымусіць скамянець у цісках зададзенага вобразу свой сапраўдны твар — твар дзяўчынкі, зацкаванай, нялюбай, вечна вінаватай, прыціснутай цяжарам матчыных праклёнаў. Той дзяўчынцы не было месца ў клане “паважаных людзей” — тут ты не памылілася! — і таму ніхто: ні муж, ні калегі, ні начальнікі — не павінны былі ўбачыць яе, ад каго адцуралася нават родная маці.
Так, ты трапілася ва ўласную пастку: пастаянна сябе кантраляваць стала
тваёй звычкай. Але вегета-сасудзістыя рэакцыі — адзінае, што нельга сфальсіфікаваць. Тваё цела здрадзіла табе. Яно не жадала жыць па выдуманых табой правілах, пад бездакорна-лжывым грымам удзельнічаць у ідыёцкім маскі-шоу, яно, тваё сумленнае цела, баранілася па-за тваёй воляй, яму рабілася млосна на шматгадзінных зборышчах у перапоўненых залах, куды не прасачыцца ні свежаму паветру, ні свежай думцы — цела тваё гатова было ўсім выдаць тваю хлусню! Вось тады і з’явіўся страх: толькі б не ўпасці, толькі б не…
А страх — гэта крах. Крах кар’еры Упэўненай Пані. Крах сям’і і кахання. Падсвядомасць — нарэшце ты ўцяміла! — усё успрымае лі-та-раль-на, пераносны сэнс пераводзіць у прамы. Ты баялася ўпасці ў вачах БМС, у вачах “паважаных людзей” — страціць “прэстыж”, аскандаліцца (“усё павінна быць прыстойна!”) — нездарма дэман страху мучыў цябе менавіта сярод тых, хто ведаў тваё “не-я” — фальшывую маску. Падсвядомасць перавяла твой страх на сваю мову, прымітыўна-цялесна-дзіцячую: ты баялася ўпасці ў прамым сэнсе слова. А што яму яшчэ заставалася рабіць, таму навязліваму суфлёру пад сцэнаю? Ён паслухмяна выконваў мамін загад: быць дасканалай! Выконваў аўтаматычна, слепа і глуха, нягледзячы на тое, што прага дасканаласці ёсць, па сутнасці, сцэнар самазнішчэння. І ты, паслухмяная маміна дачка, забівала сябе: ты змагалася са сваім целам, якое, дарэчы, паводзіла сябе абсалютна нармальна — проста рэагавала на адсутнасць кіслароду ў паветры, і ўсё! — а ты змагалася з уласным сэрцам і сасудамі — вось гэтая маніякальная заклапочанасць і была ў табе ненармальнай. З целам не трэба змагацца, бо яно — мудрае, яно старажытнейшае за свядомасць і само ведае, калі, у які момант яму лепш вызваліцца ад свайго назойлівага ментальнага двайніка, звесці сваю жыццядзейнасць да мінімуму. І зноў жа, цела само ведае (ад Бога, бо вырашаць тое — толькі Боскае права, не нашае), калі яму наогул пакінуць гэты свет.