Але цябе вучылі перамагаць, і ў той жа час унушалі, што ты — нікчэмнасць, ні на што не здатная. Тая ж трагедыя адбылася і з народам, да якога ты належыш. У выніку паспяхова выхавалі самагубцаў. (Ці не тое ж робіць сучасная рэклама, патрабуючы ад чалавека “быць дасканалым”, што б там ні было?) Аднаму нас не вучылі і не вучаць: быць самімі сабой. Убогая і няшчасная твая крывадушнасць у вартай жалю спробе выглядаць пераможцай чаго б гэта ні каштавала — нават за кошт жыцця, як высвятляецца, — твая труслівая ўсмешка і “бесклапотная” балбатня на іх сходках, калі ўнутры ўсё скалыналася ад трывогі, — вось гэта і было падзеннем! А што да твайго страху, дык гэта — страх выкрыцця тваёй хлусні. Гэта сігнал глыбіннай нязгоды гуляць у бяздарнай п’есе. Крык адчаю дзяўчынкі, якую ты ў сябе затуркала, загнала ў вугал за крэслам і падаконнем — акурат як тое рабіла мама! — і таксама, як і мама, ты яе ў сабе не любіш, не любіла. Яна, тая няшчасная дзяўчынка, настойліва даводзіла, што ты жывеш не сваё жыццё, але мы не чуем голасу праўды, не можам дачуцца, пакуль не загонім саміх сябе ў тупік, дзе застаецца толькі выпіць упакоўку транквілізатараў альбо накінуць зашмаргу на шыю.
Між іншым, тыя “ключыкі”, якія ты ўвесь час падбірала, не спрацоўвалі менавіта таму, што немагчыма вызваліць сваё сапраўднае “я” з унутранага канцлагера, над якім пануе Упэўненая Пані. Але яна, дзякуй Богу, нарэшце правалілася. Мамін праклён збыўся, і страх... знік. Учарашні дождж змыў у сцёкавую канаву тваё фальшывае жыццё. Нібыта хвалі ўсясветнага патопу альбо каляплодныя воды, сышоў і пакінуў цябе нованароджанай для жыцця без страху.
Без страху!
Абдымі ж тую дзяўчынку, якая жыве ў табе, палюбі яе, бо ніхто, акрамя цябе, не можа гэта зрабіць.
І яшчэ... даруй маме. Яна таксама — ахвяра, бо пражыла не сваё жыццё.
Некранутая чырвона-жоўтая ўпакоўка плюхаецца на дно пакунка для смецця; туды ж ляцяць граматы з подпісам Загадчыка, лісткі настольнага календара з датамі пасяджэнняў і нарад… Свабодная! Яна нарэшце — свабодная! Вікторыя паднімаецца, каб адчыніць акно — ёй чамусьці не хапае паветра — і ледзь паспявае плюхнуцца назад у крэсла, каб не ўпасці, бо ў вачах становіцца зноў цёмна ад лютага болю. У псіхааналітычнай сваёй Адысеі яна зусім забыла пра лекі, якія трэба было неадкладна прыняць яшчэ, пэўна, гадзіну таму, — урачы ж папярэджвалі! Павольна, сабраўшы ўсе сілы і пакрываючыся ад слабасці ліпкім потам, Вікторыя дабіраецца да дзвярэй і расчыняе іх насцеж. Калідор палаца культуры, звычайна ажыўлены, сёння пусты; з вялікай залы наплываюць густыя хвалі гукаў — відавочна, там ідзе нейкае “мерапрыемства”. Яна вырашае рухацца туды і амаль ужо дасягае, спыняючыся на кожным кроку, дзвярэй у пакойчык за сцэнай, калі ўспамінае пра тэлефон. Прасцей было пазваніць проста з кабінета — вахцёрцы, напрыклад, тая б збегала ў аптэку. Вікторыя аглядваецца: зваротны шлях здаецца даўжэзным — а ўсяго якіх-небудзь метраў дзесяць! — ды і дзверы ў грымёрку побач, у двух кроках, і яна цягнецца да іх, і раптам перастае адчуваць левую руку, — рука нямее ад пляча да кончыкаў пальцаў, як у паркавай статуі, здаецца, зараз пойдзе трэшчынкамі і асыплецца на падлогу, але правая — правая рука ўжо схапілася за дзвярную ручку, і Вікторыя ўцягвае непаслухмянае цела ў пакой. Там, як на бяду, нікога няма, толькі за кулісамі цепліцца нейкае жыццё, і тады яна робіць яшчэ некалькі крокаў і аказваецца на вялікай сцэне за кулісай.
Схаваная занавесам, Вікторыя глядзіць ў залу. Боль у галаве быццам бы сціхае, і нават зрок яснее, так што яна можа разгледзець твары ў першым радзе. Вось уціскаецца ў крэсла Загадчык, бачна, як ён нервуецца, як лісліва шэпча нешта на вуха Куратару — ці не пра яе звальненне? І перад гэтымі людзьмі яна баялася “упасці”? Іх ухваленні цаніла вышэй за ўласнае пачуццё годнасці? Вікторыі так смешна, што яна фыркае, бы дзяўчынка. Ды яны самі — ахвяры страху, кожны з іх трасецца за сваю пасаду, хоча выглядаць пераможцам, а як жа, усе яны баяцца падзення, выкрыцця сваіх патаемных слабасцей ды заган. Яна баялася тых, хто сам баіцца!