Барочная вітая брамка гудзе і павольна ад’язджае ўбок. Пранізліва-барвовыя кветкі азаліі нацэлены на мяне ва ўпор, нібыта бяссонна-пільныя зоркі маёй радзімы, — тут я на яе тэрыторыі. Даволі буйная яшчарка нахабна перабягае мне дарогу. Што ж, хутка высветліцца, ці добрая гэта прыкмета.
Віцэ-консул СССР у Сант’яга-дэ-Куба Дзмітрый Уладзіміравіч разглядвае мой недарэчны замежны пашпарт, ганарліва ўпрыгожаны дзвюма візамі: кубінскай — на пастаяннае месца жыхарства, і савецкай — на тры месяцы, — разглядвае так грэбліва, быццам перад ім тлустая яшчарка. Залатая фікса ў ягоным роце пагардліва паблісквае.