Дык вось яно што! Цяпер мне зразумелыя апушчаныя вочы, крываватыя ўсмешкі ў тых канторах, дзе я пабывала. Толькі дарэмна чаравікі збівала, ідыётка, іх тут не адрамантуеш.
Няўжо і сапраўды няма іншага выйсця, як вяртацца дадому?
— Ці будзе ў нас з Рэйнальда сын?
Празорца доўга маўчыць, лёгенька пагойдваючыся. Здалёк даносіцца шум мора. Вентылятара ў хаціне няма, да таго ж стары пастаянна курыць люльку з нейкай пахучай сумессю, у мяне пачынае кружыцца галава… з густакіпячага, як варыва, паветра ўсплываюць нейкія вобразы: чорны ігольчаты шар марскога вожыка, сухая крабавая клюшня… хлопчык, што гуляе з залацістым марскім пяском… Насланнё? Трызненне? Проста я надта доўга марыла пра сына, нашага з Рэйнальда сына, вось мне і мроіцца бераг мора, густавалосы анёл на пяску…
Па твары ведуна раптам прабягае сутарга. Ён узнімае абедзве рукі і робіць жэст, быццам бы баронячыся ад нечага. Што гэта значыць? Перапытваць нельга, Вольга папярэдзіла, але я і так выдатна разумею: мары маёй не суджана ажыццявіцца.
Пытаюся, нарэшце, пра тое, дзеля чаго прыйшла:
— Ці варта мне вяртацца на радзіму?
На гэты раз стары адказвае хутка. Ён бярэ ў кожную руку па гліняным
гаршку і пераварочвае дном дагары. Гаршкі пустыя, толькі з аднаго выкацілася рысавае зярнятка.
— Тут — пуста, там — таксама пуста.
сястрычка доўга табе не пісала прабач нешта дрэннае робіцца з маёй нервовай сістэмай зусім не магу спаць таблеткі што ты мне ўкладаеш ў канверты вымаюць як і тыя стужкі а цыгарэты скончыліся ўсю ноч сяджу ды ўзгадваю чаго ў свеце ніколі не было і ўжо не будзе сыночак мой анёл густавалосы марскі пясочак бач перасыпае са жмені ў жменю кроны дрэў спляліся нібы шацёр над галавой дзіцячай і пазалотай лісце адлівае святло вяртае сонцу ападае анёл мой вельмі хутка адляціць і зноў я сон самотны сон пабачу ўвесь час адзін і той жа кубак кавы і моташны спякотны брудны горад дзе гіпсавы балван на месцы Божым стаіць глядзіць вачніцамі пустымі крывавай патрабуючы ахвяры дзе блазны носяць каўпакі і маскі і зняць не могуць твары іх даўно ўжо спарахнелі ды ў вачніцах пуста дзе мушу я прыкідвацца жывой як выбухоўку на двайное дно сятчатак скаргі мерцвякоў хаваю і толькі ўночы я магу прачнуцца калі усё навокал засынае і ангела свайго ізноў пабачыць вось ён стаіць нібы падрыхтаваны ахвярай стаць праклятаму куміру о выкупляючая моц крыві а ён жа мог смяяцца і гуляцца на беразе дзе жоўценькі пясочак ах сыплюцца з нябёсаў аскялёпкі святла бяссонцавага прыгадала я дзень якога не было ніколі і ўжо не будзе
Калі, у які момант рэчаіснасць быццам бы паплыла перада мной, паверхневы яе пласт пачаў адклейвацца, як пераводная карцінка, і за ім выявіліся краты вязніцы? Перадусім гэта адбылося яшчэ ў Беларусі са светам узаконеных штампаў і фальшывых вобразаў, падрыхтаваных на патрэбу натоўпу, да якіх я мела непасрэднае дачыненне. Дурненькая, я спадзявалася, што здолею выскачыць праз каханне да мужчыны. Каханне бароніць ад жаху і голай абсурднасці існавання, яно бароніць нават ад хвароб, перад ім адступаюць вірусы і пухліны (сама ўпэўнілася!), — гэта таму, што каханне дае нам веру ў тое, што мы бессмяротныя, як багі. Закаханы не захварэе ў зачумленым горадзе, ён можа прайсці па вяроўцы, нацягнутай над пляцам, і не ўпасці. Дык што ж гэта за магутная сіла, пад апекаваннем якой ён знаходзіцца? Без сумневу — Боская сіла ісціны, так можа дзе йнічаць толькі Той-Хто-Абуджае-Нас. Але чаму, чаму тады ісціна прымае такі недасканалы выгляд: мужчыны з вартай жалю смяротнай гліны, які да таго ж яшчэ і безнадзейна дурны, бо дазваляе розным міфатворцам сабе ашукваць? Але па-іншаму, па-іншаму, унушала я сабе, ісціна проста не можа прабіцца ў тваю паўцемру (прасцей было б, калі б у табе жыла поўная цямрэча!), менавіта з-за тваёй недасканаласці Бог не можа з’явіцца перад табой у іншым выглядзе, — узгадай лёс небаракі Семелы, дачкі фіванскага цара Кадма, якая прасіла магутнага Зеўса — і дапрасілася-такі! — паказацца ёй ува ўсім бляску ягонай славы. (Між іншым, хіба не сімвалічна, што менавіта ў Семелы, якую ў літаральным сэнсе спаліў агонь ісціны, нарадзіўся найвялікшы падманшчык і дарыцель ілюзій Дыяніс?). Што ж, няхай будзе так, Бог наўмысна хавае свой вобраз і вымушае задавальняцца зярняткам ісціны. Але чаму ж гэтая “ісціна” напрыканцы ўцягвае нас у пастку? А потым, потым, калі мы, прыціснутыя цяжарам лёсу, павольна пачынаем цверазець, — няўжо гэта яна, “ісціна”, здзекліва хіхікае ў нас над галавой, як малпа, што разгойдваецца на прутах клеткі?