Прыкладам, Вікторыя прачытала, што фабіі, то бо навязлівыя страхі, характэрныя для розуму, звязанага з мастацтвам, з-за асаблівых схільнасцей такога розуму да звышпачуццёвага досведу. Зрэшты, яе мала ўсцешвала вытанчанасць кампаніі, у якой яна, дзякуючы тыпу свайго розуму, апынулася: Эдгар По, Гогаль, Гёльдэрлін, Кафка… Муж цярпець не мог усіх гэтых “неўротыкаў і псіхапатаў”. “Кафку трэба было лячыць у прымусовым парадку”, — самаўпэўнена зазначаў, пагладжваючы брытвай шырокае падбароддзе. “Але тады не было б “Ператварэння”, — пярэчыла яна, бо ў героях Кафкі са змешаным пачуццём жаху і задавальнення ад нарэшце такі знойдзенай суполкі (сукамернікі, няйнакш) пазнавала сябе. “Затое быў бы шчаслівы чыноўнік страхавой фірмы”, — адразаў ён. Асцярожна, каб не выклікаць падазрэнняў, дапытвалася, што б ён параіў “адной сяброўцы”, якая — “вось дзівачка!” — баіцца страціць прытомнасць у грамадскім месцы; ён нязменна рэкамендаваў “сяброўцы” адмовіцца ад трагічнага светаўспрымання, якое ляжыць у аснове ўсіх неўрозаў, і, вядома ж, меў рацыю. Быў час, калі Вікторыя зайздросціла тым, у каго ад нараджэння нервы — сталёвыя тросы і сэрца — “палымяны матор”. Гэта ўжо потым, потым, перад канчатковым разрывам з БМС, што супаў з яго захапленнем моднай заходняй навінкай — НЛП, то бо нейралінгвістычным праграмаваннем, яна не захацела ўступіць яму сваё асабістае права быць няшчаснай, і на яго ўзбуджаны віскат: “Чалавек — гэта біякамп’ютэр! Энэлпі зробіць усіх абсалютна шчаслівымі!” холадна паціскала плячыма: “Усеагульнае шчасце — улюбёная мара псіхапата”.
Не, не хацела б яна жыць сярод людзей, чый ранак пачынаецца з афірмацый тыпу “я люблю свае геніталіі”, а ўночы астылыя адзін да аднаго муж і жонка дружненька выконваюць практыкаванне “рэанімацыя рамантычнага кахання”. І яшчэ: яна цярпець не магла ўсіх гэтых жучкаватых, нахабных “фрэйдаў” сваёй гадоўлі, што з партыйнай эмпатыяй падаграюць на ленінскім агеньчыку пераляжалыя заходнія стравы, прыпраўляючы іх соусам уласных неадрэагаваных неўрозаў. Што да БМС, дык ён даволі такі паспяхова прыстасаваўся рабіць з лімона ліманад, а выціснутую скурку збываць па цане першагатунковых фруктаў. “Вылечыўшы” уласную жонку ад складанейшай формы “псіхагеннай алергіі”, ён настолькі паверыў у сваю геніяльнасць, што звольніўся з райпсіхдыспансера і адкрыў прыватную практыку: псіхакарэкцыя, кадзіраванне, пазбаўцеся ад залішняе вагі, забудзьце пра дэпрэсію, адчуйце асалоду жыцця — (“Селядзец “Матросік” — шчасце ёсць!” — падказвала Вікторыя пачутае з тэлеэкрана, чым прыводзіла яго ў шаленства). “Асалода” ды “шчасце” — гэта былі словы-фетышы, якімі ён жангліраваў перад абдуранымі суграмадзянкамі (бо менавіта жаночы элемент валам паваліў на ягоныя “сеансы”), як той доктар, што глянцавіта пасміхаецца (над намі ж, дурніцамі, і пасміхаецца!) у рэкламе зубной пасты альбо пракладак. Не хацела б яна жыць у свеце рэклам, якія прымушаюць чалавека стаць дасканалым — ідэальнае цела ў ідэальным аўтамабілі!— і тым робяць з яго неўротыка не менш паспяхова, чым партыйныя “чысткі”.
Неяк Вікторыя пабачыла, як у напаўцёмным пакоі адны “ад’еханыя” цёткі, распасцёршы рукі, у малітоўным экстазе стаяць “пад даляравым дажджом” (зразумела, уяўным), а другія, раскінуўшыся на канапе, чакаюць, пакуль “пан доктар” падыдзе па чарзе да кожнай і з пагрозлівым вокрыкам “Тлушч, сыходзь!” памацае яе праз адзенне за тлушчавыя складкі (Вікторыі адразу чамусьці ўзгадвалася лазнева-пральнае яе дзяцінства). Божачкі, думала яна, гэта ж да чаго трэба бабе дайсці: плаціць неблагія грошы за тое, каб яе чужы мужык памацаў! Дарэчы, потым ён забараніў ёй прыходзіць на “сеансы”, бо яна, маўляў, сваім скепсісам разбурае ауру веры, якую павінны мець пацыенты, каб “афірмацыі” спрацавалі. Ён даўно закінуў тыя разумныя кнігі, па якіх калісьці займаўся з ёю, — Франкла і Фрома замяніў свет рэкламных ролікаў. Не ў стане ўжо трываць, яна пісала фламастэрам і ўкладала ў папку для яго дзелавых (нібыта!) паперак “Рэкамендацыі ДБМ” (душэўна браніраваным мудакам — яшчэ адна прыдуманая ёю абрэвіятура):
пазбаўляйцеся ад вашага індывідуальнага “я”, а таксама — ад перхаці, непрыемнага паху з роту, жуйце гумку “Орбіт” ды псіхалагічную жуйку, якую выплюнулі ўжо заходнія ДБМ.