Эпілог
Нікога з родненькіх маіх дзяўчатак-беларусак няма на сённяшняй Кубе, дзе “як грыбы растуць чатырох- і пяцізоркавыя гатэлі, — цытую рэкламны праспект, — пабудаваныя фірмамі з сусветным імем — іспанскімі Horizontes і Guitart, нямецкай LTI.” Ну, рэклама яна і ёсць рэклама, тут дарэчы будзе прыгадаць адзін анекдот: нейкі жыхар рая папрасіўся ў турыстычнае падарожжа ў пекла. Прыехаў, а навокал — спяваюць, танцуюць, жанчыны вабныя. Спадабалася. Вяртаецца, значыць, ён да Бога і просіць: адпусці мяне, маўляў, у пекла на ПМЖ. Вельмі весела там! Не паспеў прыехаць, як чэрці яго падпахі і — на патэльню. Мужык той да Бога лямантаваць: як так, я ж зусім іншае бачыў! А Гасподзь яму ў адказ: турыстычнае пажарожжа, даражэнькі, гэта адна справа, а эміграцыя — зусім іншая. Цалкам магчыма, што сёння на Кубе сапраўды “незвычайны рай для турыстаў” (гэта зноў з той жа рэкламы), але вось жыццё Феліпы і Рэйнальда мала змянілася, гэта я дакладна ведаю. І ў тых гатэлях не яны адпачываюць. Так што, пэўна, не памылілася Лідка, з’ехаўшы-такі, як і збіралася, на Канары, ды і мужа, палымянага камуніста Арманда, ўмудрылася разам з сабой выцягнуць; а за ёй, за ёй паляцелі прэч з таго “выраю” і іншыя ластаўкі. Віцеблянка Таня цяпер у Маямі: муж яе паспяхова дасягнуў паўночнаамерыканскага кантынента і забраў яе з двума дзецьмі (трэцяе, немаўля, памёрла) у тамтэйшую кубінскую дыяспару. Ірына і Вольга, прадаўшы ўсё, што мелі, разам з дарослымі дзецьмі купілі білеты на самалёт да Масквы і выйшлі ў Ірландыі, у аэрапорце Шаннон падчас перасадкі: кубінскіх бежанцаў прымалі, здаецца, у многіх краінах, прынамсі, так пісала Лідка. Як склаўся іх лёс, мне невядома. Нічога не ведаю і пра Андрыю Ніевес, мяркую, і яна не адпачывае ў тых пяцізоркавых, хіба што знайшла сабе багатага паўночнаамерыканскага спонсара, у чым я асабіста сумняваюся. Але чаго на свеце не бывае…
Дзяўчаткі мае, птушачкі пералётныя! Апошнім песа, апошняй жменяй гароху, апошняй лыжкай цукру, якім разводзілася шклянка простай вады — часам гэта быў сняданак на цэлы дзень! — дзяліліся мы адна з адной, і нашае сяброўства, аб якім нездарма распытваў тады той прыгажун з сегурыдад, — сяброўства нашае якраз-такі і было сапраўднай каштоўнасцю, непадробленай, гэта я толькі цяпер зразумела, за пісьмовым сталом, у доме, падобным не да ластаўчынага гнязда, а да бетоннага калумбарыю, дзе вецер, раз’юшаны вецер ускраіны, бесперашкодна круціць за вокнамі смерчы ржавага пяску, дзе ёсць хлеб, куплены не па картках, і адзіноты колькі заўгодна, — у роднай Беларусі, куды вярнулася з усіх вас — я адзіная.
Шмат часу пасля вяртання я ўсхоплівалася пасярод ночы ў ложку, піла, задыхаючыся, карвалол, — мне ўпарта сніўся адзін і той жа сон: я ў Сант’яга, у доме на Агілера, і мне ўжо ніколі не выскачыць з гэтае пасткі, я нават чула ў сне бразгатанне колцаў вазка cartero. Потым гэта прайшло, але… але выскачыць я ўсё-ткі не здолела. Вось яна, мая клетка, не апавітая больш ружамі, і нават драпежны плюшч падзавяў (а навошта, скажы, калі ласка, жыццю цябе цяпер вабіць, падманваць?), — і толькі дзесьці наверсе, разгойдваючыся на прутах, здзекліва хіхікае малпа.
“Тут — пуста, там — таксама пуста.” Не памыліўся тады празорца. О, цяпер ты не збіраешся больш уцякаць; як стары зацкаваны звер, поўсць у падпалінах, лапа перабітая, — ты зразумела, што збягаць табе, менавіта табе, якраз-такі і няма куды. Гэта ў іншых ёсць яшчэ шанцы: змяніць (у каторы раз?) краіну пражывання, вывучыць (якую па колькасці?) мову, —урэшце, усё гэта і ты цудоўна магла б зрабіць, бо здольнасць да моў маеш не такую ўжо і дрэнную, як распавядала тады таму прыгажуну, а якраз наадварот — дай Божа ўсякаму, — але ў цябе такога шанцу няма, бо ты з самага нараджэння — не, раней! — асуджаная на паразу.
Нарадзіцца ў свет жанчынай; нарадзіцца ў беларускай глыбінцы і адтуль вынесці свой жыццёвы сцэнар; але да таго, да таго — быццам бы памянёнага мала! — нарадзіцца жанчынай з так званай іскрай Божай і, адпаведна, нежаданнем ісці звыклай жаночай каляінай, — у любых шыротах, на любым паўшар’і гэтая трыяда сімптомаў здольная хіба што ўмацаваць сцены тваёй вязніцы. І гэта ты, дзякуй Богу, добра ўжо усвядоміла.