А як высветлілася потым — адной са шматлікіх яго пацыентак гэтыя рэкамендацыі прынеслі такі карысць, і не абы-якую. З’явіўшыся на яго “сеансах” з нейкімі хімернымі скаргамі, яна глядзела на “пана доктара” з захапленнем, шырока расхінаючы веі ў Max Factor’аўскай тушы (касметыка для прафесіяналаў!), як на наваяўленага беларускага Фрэдэрыка Перлза, а яму, як высветлілася, толькі тое і патрэбна было: ён таксама любіў не сябе, а свой адбітак у нечыіх закаханых вачах. Не выключана, што і ажаніўся ён з Вікторыяй для таго толькі, каб пастаянна глядзецца ў люстэрка свайго “ашаламляльнага поспеху”. Яна, Вікторыя, была яго талісманам, яго Перамогай, але аднойчы талісман узяў дый трэснуў. І ніякая “рэанімацыя рамантычнага кахання” — з дзесяці пунктаў, паўтараць перад сном, дыханне рытмічнае — не ў стане ўжо была дапамагчы.
Не, мала таго, што галаўны боль узмацніўся, дык цяпер яшчэ перад вачыма замільгацелі нейкія чорныя плямы, бы мошкі летнім днём мак таўкуць. Ды якія там мошкі — ужо чорны снег паваліў проста ў кабінеце, куды б яна ні перавяла пацяжэлыя зрэнкі: на стол, сцены з дыпломамі ў рамачках, што заваяваў палац культуры за гады яе дырэктарства… І ўсё гэта — і дыпломы, і званні, і рамонт даху, які выцягнула з дапамогай добрых людзей, ні капейкі не ўзяўшы з гарадскога бюджэту, і новая шыкоўная заслона на вялікай сцэне — усё-усё змыў учарашні дождж, злізнуў у калодзеж ліўнёўкі, бы каляровае смецце адгудзелага свята…
Але… ўчора яна не адчувала страху! Калі Кіраўніца злосна кінула: “Спыніце канцэрт!”, калі Куратар удваіх з Загадчыкам кінуліся выконваць загад, з заўзятасцю нацкаваных аўчарак уварваліся ў танец, пачалі хапаць дзяцей за рукі і сцягваць са сцэны (быццам бы розум ад страху страцілі бугаі, а было ж прасцей і больш па-чалавечы, ці што, даць знак аркестру змоўкнуць, падысці да мікрафона, падзякаваць і адпусціць танцораў), — дзяўчаткі ў нацыянальных касцюмах, нібыта раптоўна пабуджаныя, не маглі зразумець, чаго ад іх хочуць узмакрэлыя ад старання дзядзькі з вылупленымі вачыма, — і толькі яна, Вікторыя, што заўсёды тушавалася перад начальствам, на гэты раз не разгубілася, не абмерла ад страху, які спаралюшаваў усіх: і аркестр, што працягваў іграць, нібы заведзены, і рэжысёра, і вядучага — яна знайшла ў сабе сілы абняць дзяцей за плечы, прашаптаць словы суцяшэння і падтрымкі. І, не зрабі яна гэта ў той момант, хто ведае, чым абярнулася б для маленькай “зорачкі” Настачкі, якая танцуе ўжо на міжнародных конкурсах, нервовага, кволага анёльчыка, учарашняе падзенне? Беспрычынным (а то ж! знайдзі яе потым, прычыну!) страхам, які раптам, гадоў праз дваццаць, пачаў бы мучыць вядомую артыстку пры выхадзе на сцэну, і не было б на тое ніякай рады, а ў выніку — разбітая сям’я, зламаная кар’ера, а то і, крый Божа, такі вось пачак з транквілізатарамі — прыняць увесь цалкалкам, лепшая зброя супраць болю!—
які ляжыць зараз у яе, Вікторыі, сумачцы, як апошні аргумент у шматгадовай барацьбе з фабіяй.
Страх прыводзіць за сабой хлусню. А калі няма шчырасці, каханне памірае. Яе шлюб пачаў гінуць з той, самай першай хвіліны, калі яна ў кабіне ліфта схлусіла Сярожу. І апошняе, танютка-перарывістае, кволае дыханне яе кахання, бы бетоннай плітой ва ўзарваным тэрарыстамі будынку, прыдушыла ўсё той жа хлуснёй.
Перадусім Загадчык скіраваў яе ў камандзіроўку ў Мінск. Перапоўненая электрычка, “асцярожна — дзверы — зачыняюцца” і раптам — успышка ў мозгу, якая высвеціла за наўмысна-дэкаратыўным фасадам таго снежаньскага ранку іншы, сонечны і спякотны: зялёнае ад недасыпу дзяўчо вяртаецца ў смуродлівай электрычцы дадому пасля экзаменаў у інстытут (здадзеных, дарэчы, на пяцёркі), страўнік зводзіць сутаргаю голаду, калі б не потныя целы, прыціснутыя да яе з усіх бакоў, яна ўпала б проста на падлогу. “Жанчына, тут свабодна?” — пытаецца бабулька ў футры і пуховай хустцы. “Дяўчынка, табе ўжо лепш?” — пытаецца дзядзька ў тэнісцы, ён чамусьці трымае яе на руках — я ўпала? няўжо ўпала?! — свядомасць вяртаецца, мятны пах карвалолу, голас машыніста ў дынаміку — медыка просяць прайсці ў адпаведны вагон, да яе не адразу даходзіць, што гэта яна — віноўніца перапалоху. “Жанчына, я трэці раз у вас пытаюся, ці свабодна тут?” — нарэшце, яна чуе і — які жах! — бачыць, што чыноўнік з гарадской адміністрацыі, які сядзіць насупраць, пачынае ўжо са здзіўленнем на яе пазіраць. І тут жа, як па сігналу “трывога!”, сэрца заходзіцца барабанным боем, кроў, што струменіцца ў сасудах, гатова выйсці з берагоў, рушацца наведзеныя масты, ядры б’юць па сваіх жа, разведчыкі перабягаюць на бок ворага...