Вось у гэтую зацкаваную, сцятую дзяўчынку, з потнымі далонямі, у падлетка, які саромеецца свайго цела, яна ператваралася, шпарка губляючы на зваротнай дарозе свой дарослы вопыт і багаж “адносін”, варта было БМС абняць яе ў цёплым святле начніка. У час “кантакта” (яго слоўка: не каханне, не секс, а — кантакт, бы з іншапланецянамі, ці вось яшчэ — “абмен вадкасцямі ў працэсе тактыльных адчуванняў”, для яго, прыдурка разумнага, быў чамусьці важны менавіта гэты “абмен”, ужываць прэзерватывы ён наадрэз адмовіўся, а дзяцей не хацеў, бо дзеці, бач ты, перашкода “свабоднаму развіццю асобы”, і яна, добрая, паслухмяная жонка, збегала два разы на аборт, пасля чаго, пэўна, назаўсёды страціла магчымасць зацяжараць), побач з ім яна пачувалася абсалютна бясполым кавалкам гліны, і цяжка сказаць, што было прычынай: яго дурныя псеўдамедыцынскія клішэ ці яе не менш дурное “усё мусіць быць прыстойна” — маміна спадчына, замест падушак з гусіным пухам ды вышытых крыжыкам рушнікоў атрыманы пасаг. Усё “непрыстойнае” трэба было хаваць, як утаіла яна ад мужа сваю фабію, як утаіла ад маці свае першыя месячныя, таму што паняцця не мела, што гэта з ёю адбылося; сказаць пра тую ганьбу маці было немагчыма, — тая, убачыўшы аднойчы ў акно, як Вікторыю возіць на раме веліка хлопчык з першага пад’езда, кінула ёй дома ў твар пагардлівае “курва!” — і яна панесла свой сорам і жах ува двор, дзе нарвала трыпутніку, бо ведала: трыпутнік ужываецца, каб спыніць кроў, — і дома напхала лісця сабе ў трусы, а калі ўсё выявілася, забілася ў вугал паміж крэслам і падаконнем, дзе заўсёды хавалася, але маці на гэты раз не абазвала яе ні “курвай”, ні “дрэнню”, а суха патлумачыла, што “гэтая гідота” будзе адбывацца з ёю кожны месяц. “Чаму ты такая зацятая? Ты, пэўна, фрыгідная”, — гаварыў БМС, адваліўшыся ад яе і цяжка дыхаючы, а яна проста баялася штосьці зрабіць не так, яна пачынала кантраляваць сябе, думаючы толькі пра тое, ці дастаткова яна сексуальная (“ці добра накрухмалены каўнерык?”) і, вядома, тут і гутаркі не магло ісці пра яе аргазм.
І аднойчы яна пагрозлівым вокрыкам загнала тую дзяўчынку ў яе схованку, і ўпусціла ў шлюбны ложак замест сябе Упэўненую Пані з узбуджальным водарам мускусу, у экстра-класным чырвоным бюстгальтары і такіх жа стрынгах, — БМС, прасцяк, быў падмануты гэтымі піратэхнічнымі эфектамі, феерверкам штучнай жарсці, ён здрадзіў ёй, сваёй Вікторыі, з гэтай лжэ-Вікторыяй! Яна імітавала “бурны аргазм” (табе, даражэнькі, трэба? на, атрымай!), шчабятала “мілыя глупствы”, і ён, дурненькі, пыхцеў ад асалоды: “Ты сёння проста цудоўная!” А ёй крычаць хацелася, бо ўхваленні тыя прызначаліся не ёй, не ёй! Ці магла яна расчараваць, агаломшыць яго, яшчэ цёпленькага, разамлелага пасля “кантакту”, сваімі ранамі дзяцінства — “о, поле, хто цябе засеяў мёртвымі косткамі?” — сваім унутраным полем бітвы, дзе крыкі груганоў ды стогны паміраючых? І ёй заставалася іграць да канца сваю прыкрую ролю, але на гэта моцы ўсё часцей не хапала, яна не вытрымлівала, як доктар Джэкіл, твар якога скрывіла сутарга Хайда, — я быццам бы нацягнутая струна! — бо ўсё цяжэй станавілася заглушаць у сабе гукі пякельнай бойкі, той міжусобіцы, якую бесперапынна вялі два яе “я”. “Ніяк не магу зразумець, — здзіўляўся БМС, гладзячы яе пругкі, бы шкарлупіна зялёнага арэха, жывот, — гімнастыкай не займаешся, а які прэс накачаны!” — а ў яе нават у ложку (у ложку — асабліва!) усе мышцы былі напружана-сцятыя. Ці доўга можна было вытрымаць такое?
Пасля яго сыходу ёй засталося ўбогае суцяшэнне, бездапаможны смяшок: які ж ты Фрэйд, мой дарагі, калі клаўся ў ложак з жанчынай і не зразумеў, што яна не тая, за каго сябе выдае. Яна вярнула яму “прасунутыя” кнігі і раздрукоўкі афірмацый, якія могуць вылечыць усё — ад няшчаснага кахання да гемароя, у думках пагрузіла іх назад у той ліфт студэнцкай “абшчагі”, у якім БМС паехаў далей з уважлівай чытачкай жаночых часопісаў — уверх? ці ўніз? — а ёй засталася пляцоўка паміж паверхамі — no man’s land, нічыя зямля. Вось толькі кніжку Юнга яна сабе пакінула, таму што была згодная з разуменнем чалавека як істоты не механістычнай, а загадкавай і па-за часам, якая ў крылатых снах узносіцца да свайго страчанага сапраўднага “я”, адзінага і шчырага, якое адшукаць давядзецца і ёй, Вікторыі.
І тады страх назаўжды пакіне яе.
Усё, што з сябе выціскала па кроплі жоўта-зялёнага гною, а рана зноў і зноў ускрывалася свішчом, усё горшае, да чаго ў сабе ставілася з пагардай, гэтаксама было маміна, ад мамы навучанае, яе нязменнае “ласкавае цяля дзвюх матак ссе”, калі, збіраючы яе на святочную лінейку першага верасня, маці загадвала дарыць букет толькі класнай кіраўніцы, і як пры гэтым трэба ўсміхнуцца, і што менавіта сказаць, каб цябе вылучылі з белафартуховага натоўпу, запомнілі цябе і твой букет, які маці прыдзірдіва выбірала, а потым брутальна таргавалася, шпурляючы напрыканцы бабульцы ў падол скамечаны рубель. Гэта таксама было адтуль — твар маці, пахмурна-зласлівы, яна цягнула Вікторыю па вуліцы ледзь не волакам, распякаючы за плямку ад марожанага на сарафане з такой лютасцю, нібы ад той плямкі залежаў, па меншай меры, запуск арбітальнай станцыі “Саюз”, і як гэты твар раптам расцвітаў ялейнай усмешкай, намаляваным сонейкам з прамянямі-шчупальцамі, калі насустарч ім ішоў дырэктар завода, дзе маці працавала начальнікам цэха. І хваравітае імкненне заслужыць — пахвалу, дыплом, упамінанне ў дакладзе — было мамінай спадчынай… Ну, а ўпасці ў вачах “паважаных людзей” — лепш наогул не з’яўляцца на гэты свет! Калі пасля ўчарашняга правалу Куратар, характэрным жэстам папраўляючы гальштук, бы зашмаргу, адмацярыў Вікторыю з Загадчыкам проста на плошчы, пры ўсіх, — першая яе, неўсвядомленая яшчэ ўзгадка была — пра маму: божачкі, што б яна сказала! І — другая, ужо цалкам усвядомленая: як добра, што яе няма.