Жыў-быў заяц, і ўсяго ён баяўся…
Не, не заяц — хутчэй шэрая мышка, — нездарма дырэктар кінапракату, мажная бабішча, упершыню пабачыўшы яе на нейкім фэсце (дагэтуль размаўлялі толькі па тэлефоне), змерыла здзіўленым паглядам: “Вы — Вікторыя Хоміч? А я ўяўляла вас гэткай культурысткай з біцэпсамі!” — гэтак ёй удалося нават голас свой аўтэнтычны заглушыць фанаграмай Упэўненай Пані! Калі яе шэсць год таму прызначылі дырэктарам гарадскога палаца культуры, дах “плакаў” па рамонце, так што на сцэне стаялі лужыны, а заслона нагадвала прасціну, на якой з месяц праваляўся ляжачы хворы. Лепшыя памяшканні папярэдні кіраўнік здаў камерсантам пад офісы, але арэндная плата не паступала, нахабныя дзялкі ў даўгіх чорных плашчах пхалі ёй банкаўскія квіткі на нейкія аплочаныя імі будматэрыялы, якія невядома дзе аселі, і Вікторыі давялося займацца скасаваннем дагавораў, апячатваць іх факсы-камп’ютэры, выслухоўваць сцэджаныя скрозь зубы пагрозы, але гэтых, падобных да прусакоў у сваіх аднолькавых плашчах, яна не баялася (ці не таму, што яны не належалі да катэгорыі “паважаных людзей”?). За першыя тры гады яе кіраўніцтва “захезаны” правінцыйны “дэка” выбіўся ў шэраг “лепшых культурных цэнтраў вобласці”, як рапартавала мясцовая раёнка. Дзіцячы танцавальны калектыў сталі запрашаць на міжнародныя конкурсы, самадзейны тэатр атрымаў званне народнага. А потым пайшлі юбілеі мясцовых заводаў, так што прыведзеная ў “таварны выгляд” вялікая зала ледзь паспявала праветрыцца ад трэцегатунковай французскай парфумы, затое з’явілася капейка на рамонт даху. На ўрачыстым сходзе з выпадку восьмага сакавіка Загадчык назваў Вікторыю “міс Рашучасць”. А яна была проста выдатнай акторкай і хавала за фасадам лжывай асобы свой страх.
Толькі б не ўпасці, толькі б не…
Страх, як высветлілася, быў адзіным верным яе сябрам і палюбоўнікам. Спачатку яна — смешна ўспомніць! — спадзявалася, што БМС, прываблены яе новай значнасцю, вернецца, — ён і вярнуўся: па рэчы, павіншаваў яе з высокай пасадай: “ Заўжды ведаў, што ты жанчына дужая, ты вытрымаеш. А вось Галачка — яна слабая… паказала вугалок канапы, дзе сядзіць і плача, калі я на працы затрымліваюся…” Вікторыя і тады не заплакала, слёзы скамянелі пад павекамі. Так, я — дужая. Я ўсё пераадолею. Вось гэтак жа ў дзяцінстве, імкнучыся даказаць маці, што яна, Вікторыя — не “нікчэмнасць”, вызубрывала, бы вершы, параграфы ненавіснай фізікі, у якой анічога не цяміла, хоць плач, да світання сядзела за алгебрай — і атрымала такі медаль, няхай сабе срэбны, не залаты! Дарэчы, маці, пакуль яшчэ была жывая, заходзячы ў палац культуры, заўсёды знаходзіла, чым яе ўпікнуць: бруднае акно над лесвіцай (а яно спраектавана на чатырохметровай вышыні, прыбіральшчыцы баяцца залазіць!), п’яны заўгас, — і яна ўціскала галаву ў плечы пад градам здзеклівых фраз, нават, здаецца, меншала ростам — ну мышка і ёсць! — зусім як у дзяцінстве, калі маці распякала яе за дрэнна выкручаную бялізну, а ў яе проста не было, не было сілы яе выкручваць!