Каля паўмільёна насельнікаў Беларусі дагэтуль жыве ў інтэрнатах. А калі дадаць яшчэ і тых, хто здымае пакоі або кватэры... Тых, хто займае дзяржаўныя «квадратныя метры». Дзясяткі тысячаў беларусаў усё сваё жыцьцё ад народзінаў да сьмерці пражываюць вось так, паміж агульнай кухняй і пропускам на вахце. Адсутнасьць уласнага дому — прычына многіх дзівосаў псіхалогіі. Тыповыя насельнікі інтэрната і да жыцьця ставяцца як да чарговага жытла, у якім пасьля іх застанецца хіба што пыл за спружынным ложкам ды пара пустых бутэлек.
Дый сама цяперашняя Беларусь пасярод Еўропы штогод усё больш нагадвае сіценскі інтэрнат: вакол свойскія хаты, сады ды гароды, а тут — камуналка, камендант замест гаспадара, праблемы, скандалы, міліцыя, і наведнікі — то які-небудзь мясцовы Іран, то тутэйшая Венесуэла.
Апошні барак сацлагера, кажучы моваю застою.
Ва ўсёй Еўропе ўласны дом — прадмет асаблівага гонару; у сучаснай жа Беларусі — найперш прадмет падазрэньняў (пачынаючы ад катэджаў за акружной дарогай і да дома Домаша). «Жыльлёвае пытаньне» ў нас працягвае па-савецку разбураць, а не будаваць людзей.
Вось жыхарам беларускага інтэрната Брусель прапануе еўрарамонт. Гатовы зрабіць з барака гатэль. Адно некалькі ўмоваў: прыбірацца ў хаце, не буяніць, перастаць хадзіць па патрэбе пад вокны — словам, паводзіць сябе, у еўрапейскім разуменьні, як дома. Ды для завадатараў сіценскага інтэрнацкага «парадку» і для цяперашняга рэжыму значна цікавейшае пытаньне — а ці будзе ў гэты гатэль, так сказаць, у належных аб’ёмах дастаўляцца з Расеі гаручае?..
І ўсё ж беларусы, якія ўжо даўно абжылі інтэрнат, ня хочуць заставацца жыць у інтэрнаце.
Беларусі патрэбен Дом.
А падмурак для ўтульнага Дома на дзесяць мільёнаў чалавек у цэнтры Еўропы — гэта нацыянальнае абуджэньне.
ДОМ ЛЯ ПАГОСТУ
Маласіценскі сельскі Савет стаіць на ўскрайку могілак. З вокнаў відаць хіба што зарослыя стагадовымі хвоямі ўзгор’і, дзе ляглі ў зямлю пакаленьні вяскоўцаў. Насупраць увахода — стандартны савецкі абеліск над брацкім пахаваньнем часоў Другое сусьветнай вайны. Раней там стаяла царква, разабраная на бліндажы ў 1943-м.
Цяпер жа вакол галоўнага на бліжэйшыя тысячу квадратных кіламетраў дома — магільная ціша. Цагляныя сьцены з арнаментам па перыметры, музейнага выгляду чырвоныя шыльды, а наверсе, як, памятаю, жартаваў у пачатку 1980-х бацька, самотна матляецца загадка: «Зімой і летам адным цьветам (гэта сьцяг над сельсаветам)».
Адчуваньне пакінутасьці ўзмацняе і тое, што ў вокнах амаль ніколі няма сьвятла. Нехта зь сельскага выканкама забяжыць удзень, старшыня пасядзіць гадзінку-другую... Наведнікі заходзяць вельмі рэдка — няма сэнсу. Паказальны фурор, які зрабіла нядаўняя поўная, ва ўсе восем вокнаў, вечаровая ілюмінацыя сельсавета. Рэакцыя сіценцаў была такой, быццам у цэнтры вёскі раптам адкрыўся «Дыснэйлэнд». «Што за сьвята?!» — «Ды выбары ж хутка, сядзяць, нешта хімічаць» — «А-а-а. выбары.»
У гэтым месцы гутарка звычайна абрываецца, і вяскоўцы губляюць усякую ахвоту яе працягваць. А ці можа быць інакш, калі кандыдатаў у той сельсавет тут ніколі не вылучалі, альтэрнатыўнага галасаваньня ніколі не было? А на апошніх «выбарах» дзясяткі сіценцаў, што пазначылі ў бюлетэнях Мілінкевіча, хадзілі і перапытвалі: а дзе нашыя галасы? Калі ад любое патрэбы вяскоўцаў сельсавет адхрышчваецца — «няма грошай»? Калі першым і адзіным абаронцам сельсавета ў вёсцы аказалася старшыня гэтага самага сельсавета?..
«Ага, купілі ў Савет машыну. Дык толькі старшыня на ёй па сваіх справах езьдзіць». «А колькі ў іх, сельсавецкага начальства, дома камп’ютараў ды бытавой тэхнікі, бачыў?!» «“Максімкі” або брагі — на кожным рагу, сьпіваецца вёска!» «Ліхтароў па вёсцы няма, памыйкі паўсюль, ніхто не штрафуе!» «Агульныя студні нячышчаныя стаяць, а грошы на гэта зьбіралі!»
Вяскоўцы ня ведаюць, што, паводле Закона аб мясцовым самакіраваньні, сельсавет:
— распараджаецца землямі, нетрамі, водамі, лясамі, паляўнічымі і рыбалоўнымі ўгодзьдзямі, а таксама камунальнай уласнасьцю адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі;
— атрымлівае ўвесь падаходны падатак, які сплачваюць на ягонай тэрыторыі фізічныя асобы;
— уводзіць мясцовыя падаткі, зборы і мыты, зьбірае штрафы;
— стварае пазабюджэтныя, рэзервовыя і валютныя фонды;
— разьмяркоўвае паводле ўласнага разуменьня рэшту, якая застаецца пасьля выкананьня бюджэту...
Вядома, у большасьці выпадкаў на ажыцьцяўленьне ўсіх гэтых паўнамоцтваў сельсавет мусіць атрымаць «дабро» з раёна. Але нават і пры гэтай вертыкальна-каманднай сістэме здольны гаспадар, як павялося з савецкіх часоў, «выбівае» з райвыканкама ўсё, што трэба.