І вось у сьнежні 1991-га, праз паўтысячы гадоў пасьля нараджэньня Алены Глінскай, праз 428 гадоў пасьля таго, як яе сын захапіў і зрабаваў Полацк, праз 128 гадоў пасьля Каліноўскага тут жа, у Белавежскай пушчы, дзе была галоўная стаўка паўстанцаў, — імперыя, губляючы знакі ўлады, ад вайсковых базаў да тых самых маскоўскіх капеек, рассыпалася ў пыл.
Здавалася б, тутэйшая зямля так набрыняла гнільлю тыраніяў і крывёю нявінных ахвяраў ды змагароў, што, апроч праведнікаў і волатаў духу, нікога іншага ня тое што нараджаць — насіць ужо ня зможа.
Але з чыёй крыві растуць карані тых беларускіх вайскоўцаў з бліжэйшага палігона, якія ўжо ў незалежным 1998-м расстрэльвалі помнік паўстанцам (дзеля пацехі ці са злосьці) зь верталёта?
Чыя кроў карэніцца ў тых, хто абыякава трывае ў гэтых запаветных мясьцінах вуліцы, названыя імёнамі забойцаў іхніх дзядоў, помнікі катам, уладу праваслаўнага атэізму?
Чыя, скажыце, кроў напаўняе сэрца навучэнца Пружанскага сельгастэхнікума, калісь участковага інсьпектара Пружанскага РАУС, а цяпер намесьніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама, палкоўніка Ігара Яўсеева?..
Глыбіні беларускай забыўлівасьці, беларускага страху, беларускага граху — гэткія ж невымерныя, як і бездань беларускага генію. Тыя, хто разбураў старажытнае Берасьце, будуючы з цэглы храмаў крывавую крэпасьць, і тыя, хто паляваў на каліноўцаў на Пружаншчыне, і тыя, хто асушаў беларускія балоты пад бункеры ды палігоны, намагаліся вырваць адсюль беларуса ўсяго.
Але як жа перапляліся ў кожным з нас крывыя карані зла са скрываўленым карэньнем свабоды — як счапіліся, сьцяліся, як ірвуць, разрываюць кожнага тутэйшага!..
8 кастрычніка 2000-га ксёндз Януш і бацюшка Ўладзімір асьвяцілі адноўлены пружанцамі і фундаваны Інай Кулей помнік паўстанцам — каменны, з «Пагоняй». Але дагэтуль назву Ласасін тут ведаюць адзінкі.
А зь беларускіх нетраў, з балотаў, сатлелых касьцей і пераблытаных каранёў ціха растуць крыжы. Незьнішчальныя. І на іх, аддаючы Сваю кроў за нашу абыякавасьць, здраду і слабасьць, расхінае прабітыя рукі і ўсё спрабуе абняць гэтую няшчасную краіну Бог.
20 лістапада 2011 г.
XI. ВІСКУЛІ
Ісус спытаўся яго:
як тваё імя?
Той сказаў:
«Легіён», бо шмат дэманаў
увайшло ў яго.
Лукі 8:30
Друзлы ўсходні чалавек з чорнымі вачыма, задышлівы, цяжкі, купляе ў нас на складзе ў Купліне жалезьзе.
— Герой, — ціхенька піхае мяне локцем галоўны інжынер Максімавіч, — ваяваў у Прыбалтыцы, Югаславіі, Чачні...
— Што, праўда? — пытаюся ўсходняга чалавека.
— Ну.
— Як у французскім Замежным легіёне?
— Легіёне? Ну, так, як у легіёне.
— І людзей забівалі?
— А як і ўсе.
— І цяпер пайшлі б?
— Канечне.
— А чаму?
— Я прысягу даваў.
— Каму, Савецкаму Саюзу?
— Так, Савецкаму Саюзу.
— Дык Савецкага Саюза ўжо няма.
Друзлы ўсходні чалавек ускідвае на мяне чорныячорныя вочы і бахае ва ўпор:
— А што, лепш, каб туды Амерыка ўлезла?!
Разваліўся, рассыпаўся СССР, а яго асколкамі, вінцікамі і цэлымі механізмамі, быццам запчасткамі нейкага гіганцкага кібарга-трансформера, Беларусь дагэтуль проста кішыць.
Савецкі Саюз зьнік роўна 20 гадоў таму. Тады назва маленькай вёсачкі Віскулі ў Пружанскім раёне, у глыбі Белавежскай пушчы, зь нясьцерпным віскам успарола ўвесь сьвет. Тое, што не ўдалося ніводнаму магутнаму ворагу савецкай імперыі, раптам адбылося ў Беларусі.
Калі чуеш «Віскулі», увушшу — рэзкае сьнежаньскае вясковае рэха: дзень, калі б’юць кабана.
Ён крычыць, раве знадрыўна, аж душу выварочвае — і сьвіньні па ўсёй вёсцы пачынаюць масавы суладны віск. Пералівісты, шматгорлы, дзікі, у гулкім марозным паветры асабліва жудасны. Віскулі на ўсё
навакольле. Як у Евангельлі, калі Ісус выгнаў легіён бесаў з вар’ята ў гурт сьвіней, і тыя ашалелі, «і кінуўся гурт з урвішча ў мора, і патануў».
Днямі праз пушчу пусьцілі новую дарогу — Брэст Гродна. Прыгажосьць. Краявіды. Падземныя пераходы ў месцах міграцый жывёлаў. Турыстычныя знакі. Ціха, урачыста. І ніхто не вішчыць.
Пушча, заўсёднае, з часоў Вітаўта, логвішча загнаных беларусаў — змоўшчыкаў, канфедэратаў, паўстанцаў, партызанаў, сховішча Ўрублеўскага, Харэўскага, Рагулі, Урбановіча; радзіма Нямцэвіча, Карпінскага, Крашэўскага, Панятоўскага... Месца грандыёзнага забою зуброў і ласёў для Вялікай вайны перад Грунвальдам; паляўнічы рай Жыгімонта Аўгуста, Мікіты Хрушчова, Леаніда Брэжнева; зямля, зрытая на невымерную глыбіню сакрэтнымі бункерамі і ракетнымі шахтамі.