Выбрать главу

Толькі ў глыбокіх беларускіх лясах ды балотах магчыма было ўтапіць такую аграмаду зла.

Памятаю: мне чатырнаццаць, за вакном бела-бела, сьветла-сьветла ад сьнегу, сьвежа-сьвежа, і навіна: СССР больш няма. Беларусь.

Маленькі, утульненькі паляўнічы дамок. Крышталёвыя кілішкі. Сьветлы, сьвежы бел-чырвона-белы сьцяжок. Упалявалі-такі зьвера!

Векавечны напеў, далячыняў смуга

У чаканьні зары, што заблішча сьляпушча...

Як свая мне твая векавая туга,

Белавежская пушча,

Белавежская пушча!

А такое ж хараство, асабліва ў сьнежні!

Ох, як сёньня хочацца ім, чыё імя легіён, каб ані Белавежскай пушчы, ані таго сьнежаньскага дня не

было ніколі! Саюзная дзяржава... Мытны саюз... Еўразійская эканамічная прастора... Еўразійскі саюз. І агукаецца: Віскулі, Віскулі, Віскулі!

Зноў імперыя? Ласкава запрашаем у Белавежскую пушчу.

З часоў Вавілонскай вежы чалавецтва будуе каласальныя імперыі, а Госпад іх разбурае. Сьветла, ціха і лёгка. СССР, найвялікшая ў гісторыі бязбожная імперыя, была разбураная ў Беларусі гэтак жа, як і калісьці Егіпецкая, Асірыйская ці Рымская: надыходзіць час — і з подыхам духу спаруды людской пыхі рассыпаюцца ў прах.

Чалавечая веліч вечна пнецца адгарадзіцца ад свабоды, любові і праўды бетоннымі сьценамі, бункерамі, грудамі зброі і горамі трупаў. Але на зямлі ёсьць месца, дзе ў туманнай смузе, цудам, быццам прывіды, зьнікаюць цені і сьцены, змрок і страх, лютасьць і самое зло — і, як тады, у Гадарынскай краіне на беразе Галілейскага мора, людзі раптам спыняюцца перад пранізьлівым адчуваньнем: тут Бог.

11 сьнежня 2011 г.

XII. УСЬМЕШКА ВАСЬКОВІЧА

Бывала, усьміхнуся ім —

яны ня вераць,

і сьвятла твару майго

яны не азмрочвалі.

Ёў 29:24

Яўгена Васьковіча ведаюць усе бабулькі ў раёне. «Наш Жэня!» Калі сябры БХД паўтара года таму абыходзілі бабруйскія вуліцы Мінскую ды Кастрычніцкую, мне самому стала цікава, чаму 21-гадовы беларускамоўны актывіст-пачатковец карыстаецца такой папулярнасьцю сярод «электарату». Аказалася — элементарна: Яўген пры сустрэчы заўсёды ўсьміхаецца і вітаецца нават зь незнаёмымі — шырока, адкрыта і, галоўнае, шчыра.

Усьмешлівы Яўген працаваў сабе журналістам у «Бабруйскім кур’еры», як хадэцкі народны дэпутат зьбіраў подпісы за добраўпарадкаваньне свайго раёна — і аднойчы быў жорстка зьбіты мясцовай міліцыяй падчас хакейнага матчу ў падтрыбунным памяшканьні лядовага палаца за тое, што ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг.

Калі мяне ў Мінску вызвалялі ў зале суда для «хіміі», даведаўся, што Яўгена Васьковіча судзяць за напад на бабруйскую ўправу КДБ.

У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010-га бабруйскія хлопцы ўтрох закідалі будынак раённага аддзела КДБ бутэлькамі з запальнай сумесьсю. Афіцыйна страты склалі 253 тысячы беларускіх рублёў, але абвінавачваньне заявіла: раз хацелі спаліць усё — лічым за шкоду кошт усёй канторы, 2 мільярды.

Доўга ня мог уцяміць, як юны, абаяльны, усьмешлівы каталік шпурляе «кактэйль Молатава» разам з анархістамі. Дастаць яно, канечне, дастала — але трэба разумець, што такі ўчынак раўнавартасны стрэлу «Аўроры». Гэта вайна, у тым ліку і з самім сабой.

У судзе Яўген Васьковіч трымаўся героем, пакаліноўску. Бел-чырвона-белая майка. Распраўленыя плечы. І, канечне, усьмешка.

«Маёй мэтай было запалохаць КДБ. Аб тым, што зрабіў, не шкадую. Я ліцьвін, і мой сьвяты абавязак — абараняць беларускія нацыянальныя каштоўнасьці. За іх я памерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а Радзіма вечная. Жыве Беларусь!»

Сем гадоў узмоцненага рэжыму.

Адвакат, які ўпершыню наведваў Васьковіча ў турме, быў у шоку ад бадзёрага настрою схуднелага Яўгена. «Думаў, бравіруе, — прызнаўся ён пасьля, — а потым гляджу, ён так жыве».

У адказ на пяць маіх дасланых лістоў дайшоў адзін. Затое які! «Усьміхаюся ўсім — і вязьням, і канваірам. І яны пачынаюць усьміхацца ў адказ». Радкі проста праменяць. А напрыканцы — лаціна: «З Богам да ўсяго гатовы». Першае, за што Васьковіч атрымаў карцар, — адмова аддаць канваірам Біблію.

Пішу Яўгену, што мы пераможам бяз гвалту — так, як гэта рабілі нашы продкі, суседзі, еўрапейцы, так, урэшце, як гэта зрабіў Ісус. Васьковічу даходзіць мой канверт, а ўсярэдзіне — чысты аркуш з надпісам: «Перапіска зь Севярынцам забароненая».