Праваабаронцы размаўляюць пра Васьковіча неахвотна — сам прызнаўся ў гвалце. Але — парадокс: патрабаваньне свабоды Васьковічу робіць нас саміх вольнымі, асуджэньне ці абыякавасьць (маўляў, ведаў, на што ішоў) робіць нас рабамі гвалту, які чыніць рэжым.
Увогуле, свабода і гвалт несумяшчальныя. Вось чаму беларусы дамагліся незалежнасьці не ў выніку збройных паўстаньняў ХІХ стагодзьдзя, а пасьля ду-ховых і культурных адраджэньняў ХХ стагодзьдзя.
Зазвычай тыя, хто кідае бутэльку з агнём, закрываюць твар. Каб не пазналі і каб ня бачылі злосьці, ад якой перакошвае аблічча.
Яўген Васьковіч твару не хавае. Ён усьміхаецца. І ўсьмешка Васьковіча-Карнэгі робіць значна больш, чым запальны «кактэйль Молатава»-Васьковіча.
За парушэньне рэжыму ўтрыманьня Яўгену Васьковічу прызначылі тры гады крытай турмы — паўгалоднай ізаляцыі і поўнай безабароннасьці.
Але ён усьміхаецца. Думаю, гэта сьведчаньне біблійных словаў: «Ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром».
Трымайся, наш Жэня!
Мы верым. Мы можам. А значыць, мы пераможам— беларускім словам і добрай справай, воляй і надзеяй, усьмешкай і любоўю. Так, як дзьве тысячы гадоў таму перамог Сам Бог.
17 сьнежня 2011 г.
XVII. ЛЁГКІЯ ЛЁГКІЯ
Прыйдзеце да Мяне,
усе струджаныя і прыгнечаныя,
І Я супакою вас;
вазьмеце ярмо Маё на сябе
І навучэцеся ад Мяне,
бо Ялагодны і пакорлівы сэрцам;
і знойдзеце супакой душам вашым;
бо ярмо Маё добрае
і цяжар Мой лёгкі.
Мацьвея 11:28-30
Чалавек не адчувае сваіх лёгкіх. Там проста няма нерваў. Мы лёгка дыхаем, лёгка ўдыхаем і выдыхаем паветра, поўнае волі, страху і духаў злосьці паднябесных, — аж да тае пары, пакуль аднойчы не пачынаем харкаць крывёю.
Сухотнікаў з «закрытай формай» або залечаных на сутках і «хіміях» хапае. Такі адразу пачынае задыхацца ад сырасьці і сьмяротна баіцца плесьні. Гледзячы на гэтых хударлявых, пракураных і закашляных, кашчавых у літаральным сэнсе лёгкіх асуджаных (тут іх называюць «арганізмамі»), адразу згадваю Валеру Ганчарэнку.
Ганчар, Ганчарык, Ганчарэнка... Беларусы, што жывуць на цяжкой ды коўзкай гліністай глебе, — прыроджаныя ганчары. Усё спрабуюць вылепіць са сваёй цяжкай зямлі штосьці вартае, а гэны беларускі суглінак, перасыпаны пясочкам, усё трэскаецца, крышыцца ды б’ецца... Віктар Ганчарэнка — наймаладзейшы трэнер, які лепіць з БАТЭ каманду еўрапейскіх чэмпіёнаў. Вячаслаў Ганчарэнка—пастар царквы «Новае Жыцьцё», адзіны з хрысьціянскіх іерархаў, хто адкрыта падтрымаў матуляў і жонак палітвязьняў, вылепіў з былога кароўніка цудоўны дом малітвы. І вось яшчэ адзін з племені ганчарэнак-беларусаў, здольных завязваць зямную плоць вузлом, — Валер.
З гэтым сухотнікам я пазнаёміўся, калі мы стваралі БХД: ён пераслаў поштай ліст ды аб’ёмісты рукапісны трактат па хрысьціянскім багаслоўі.
Сам ён то адлежваўся ў шпіталях, то бадзяўся па электрычках, пераязджаючы зь месца на месца, то знаходзіў прытулак у віцебскіх ксяндзоў; сям-там яго бачылі нападпітку.
Увосень мінулага года Валер Ганчарэнка чарговы раз загрымеў у Багушэвіцкі абласны сухотны шпіталь.
Нават для чалавека, знаёмага з выпадковымі начлегамі, умовы ўтрыманьня тут выклікаюць агіду. Сырыя пакоі ды калідоры. Абы-які догляд. Ну а сухотнікі, яны ж вельмі чуйныя на гніль.
Ганчарэнка кінуў выклік галоўнаму доктару шпіталя Натальлі Лясной.
Супрацьстаяньне сапраўды атрымалася эпічным: хворы бадзяга-вальнадумец у атачэньні гэткіх жа адрынутых — і жалезная лэдзі ў белым халаце, з мужам — галоўным патолагаанатамам раёна і цэлым сьпецназам санітараў, міліцыі і пракуратуры за сьпінай.
Валер абвясьціў галадоўку пратэсту, прычым зьвязаў гэта з прысудам Канавалаву і Кавалёву: «Лепш памерці, чым жыць у такіх умовах!»
А Багушэўск яшчэ памятае май 2008-га, масавую галадоўку пацыентаў таго ж шпіталя... У выніку Ганчарэнку (маўляў, «пагражае нанесьці шкоду свайму здароўю») зьмясьцілі ў псіхіятрычнае аддзяленьне і пачалі калоць псіхатропы.
Ганчарэнка ўцёк.
Валеру злавілі ў Віцебску, прывезьлі назад у шпіталь і зьмясьцілі ў палату з кратамі на вокнах і дзьвярах.
Мабільныя, асадкі і паперу адабралі ва ўсяго аддзяленьня. Цяпер нават у прыбіральню — толькі ў суправаджэньні санітара.
Часам пачуеш: каго вы ўзяліся абараняць? Бамжа, невылечнага скандаліста?
Але ўмовы ў Багушэўскім шпіталі сапраўды нялюдскія. Урэшце, ад тых самых «антысацыяльных» сухотаў памерлі Шапэн, Гашак, Оруэл, сьвятая Тэрэза, Жылка ды Багдановіч.