Увогуле, да траціны людзей вакол нас — носьбіты палачкі Коха.
Хвароба забірае хіба аслаблых: штогод у Беларусі захворвае да 5 тысячаў чалавек. Ды і сама краіна, якую зь яе балотамі ганарова называюць «лёгкімі Еўропы» (так і хочацца дадаць — «апошнія лёгкія Еўропы», еўрапейцы нервова кашляюць), ужо даўно ў закратаванай сухотнай палаце пад псіхатропамі.
«Лёгкія-лёгкія нашы далёкія, — сьпяваў Лявон Вольскі, — цяжкія-цяжкія блізкія нашыя!»
Часам, здаецца, набіраеш глыбока паветра ў грудзі — і зь цябе на волю рвецца, ніяк ня вытхнецца пачварны, ніколі дагэтуль не выдыханы беларусам паветраны шар.
Невыносная, як той казаў, лёгкасьць быцьця — таго самага, што вызначае сьвядомасьць.
Тое, што мы па жыцьці лёгка дыхаем і пакуль не хрыпім, яшчэ нічога не азначае. Бо кожны з нас — і жалезная лэдзі ў белым халаце, і хворы бадзяга-вальнадумец, і санітар, каторы таго вальнадумца водзіць у прыбіральню ды зачыняе на ключ, і той чытач, якому ўсё гэта фіялетава, — у рэшце рэшт зробіць сваімі лёгкімі, здаровымі або гнілымі, апошні ўдых і лёгенькай душою выправіцца туды, дзе чалавеку вызначыў месца паводле справаў ягоных Госпад Бог.
5 лютага 2012 г.
XXI. БЕЗДАНЬ АЗЭФА
Хай не паглыне мяне багна,
хай не замкне нада мною
прорва пашчы свае...
Псалом 68:16
Далёка-далёка, недзе на краі зямлі, ёсьць такія месцы, глыбіня якіх невымерная. Кінеш туды каменьчык — і не пачуеш ані гуку ў адказ.
У Беларусі такое месца раптам разьвярзаецца перад табою на 52° 51' 17" паўночнай шыраты і 24° 36' 54" усходняй даўгаты, на мяжы Берасьцейшчыны і Гарадзеншчыны, паміж Ружанскай ды Белавежскай пушчамі. Вёсачка Лыскава на колькідзясят двароў, месца пахаваньня класіка польскага сентыменталізму Францішка Карпінскага, нараджэньня біскупа Аляксандра Мікалая Гараіна і радзіма найвялікшага правакатара ХХ стагодзьдзя, лідара партыі расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, тэрарыста Азэфа.
Цяпер Лыскава — гэта 40 кіламетраў ад Пружанаў, 443 жыхары, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка... валы былога каралеўскага замка XVI ста-годзьдзя, касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, царква
Раства Божай Маці... вялікія старадаўнія могілкі. Але калі паглыбляесься ў мінулае — займае дух і зямля сыходзіць з-пад ног.
Адсюль Азэф.
Народжаны ў Лыскаве ў 1869-м у сям’і беднага габрэйскага краўца, Еўна зь юнацтва ўдзельнічаў у гуртках рэвалюцыйнай габрэйскай моладзі.
Звычайны габрэйскі хлопчык зь беларускага мястэчка... Але на фота з дасье ахранкі (фас, профіль) ужо цяжкі чорны позірк няголенага, зьвераватага твару.
Калі ж пачалася пачвара?
Яшчэ падлеткам, скраўшы вялікую суму грошай, юны Еўна выязджае за мяжу. Падман, буйныя грошы і пераход усялякіх межаў цяпер стануць знакам ягонага жыцьця.
Пачынаў вялікі правакатар ХХ стагодзьдзя гэтак жа, як і які-небудзь агент Вектар — за 50 рублёў у месяц ад сакрэтнага дэпартамента паліцыі Расейскай імперыі пайшоў пастукваць на сваіх аднакурсьнікаў у політэхнічным інстытуце ў Карлсруэ. Аказаўся надзвычай спрытны: у выніку пасьпяховай шпіёнскай працы вылучыўся на першыя ролі ў расейскім сацыял-рэвалюцыйным руху, удзельнічаў у яднаньні разрозных падпольных гурткоў — і вось пасьля арышту літоўскага габрэя Гершуні ўжо ў 1903-м стаў кіраўніком Баявой арганізацыі эсэраў. Тэрарыстам № 1 у імперыі. На гэты момант жалаваньне Еўны Фішалевіча Азэфа («інжынера Раскіна», паводле паліцэйскага дасье) дасягнула 1000 рублёў.
Азэф арганізаваў больш за 30 тэрарыстычных актаў, ажыцьцявіў забойствы ключавых дзеячаў царскага ўрада, у тым ліку сваіх начальнікаў: міністра ўнутраных справаў і шэфа корпуса жандараў Плеве (якога лічылі галоўным арганізатарам габрэйскага пагрому ў Кішынёве ў 1903-м), генерал-губернатара Масквы, вялікага князя Сяргея Аляксандравіча, пецярбургскага граданачальніка фон дэр Лаўніца, галоўнага вайсковага пракурора Паўлава...
Менавіта Азэф ініцыяваў ліквідацыю Гапона як правакатара. І ён жа выдаў увесь склад эсэраўскага ЦК ды дзясяткі эсэраў-баевікоў.
Раскрыты ў 1908-м, уцёк за мяжу, дзе і памёр ад хваробы — празь месяц пасьля таго, як на ягонай радзіме была абвешчаная незалежнасьць БНР.
Ударамі сваёй здрады Азэф, быццам малатабойца, наносіў страшныя прабоіны Расейскай імперыі зь сярэдзіны. Кожны выбух ці арышт патрабаваў усё большай і большай лютасьці, нянавісьці, крыві і ад дзяржавы, і ад народа.
Негаваркі, змрочны, але надзвычай вымудраны, Азэф віртуозна, зь більярдным разьлікам і нечалавечай вываротлівасьцю ўзрываў сваіх куратараў і другой рукой тут жа здаваў выканаўцаў. Адзіны, каму Азэф заставаўся верным, напэўна, быў д’ябал, чый дух і почырк у бясконцых крывавых здрадах і забойствах відавочны.