Выбрать главу

На магіле Азэфа пасадзілі куст шыпшыны.

О Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цьвет!.. Хто б мог уявіць, што прэ з тваёй прэлай балоцістай зямлі і што ў тваёй глыбокай і пакорлівай душы народзяцца Азэф, Дзяржынскі, Шэйман і нават Генадзь Давыдзька!..

Ноччу ля закратаванага акна сьпецкамендатуры ў Купліне, на паўдарозе паміж Лыскавам і Дастоевым, глядзіш у бездань, поўную далёкіх агеньчыкаў, — і думаеш: страшна стаць Азэфам.

Свая маленькая, як радзімка, вёсачка Лыскава ёсьць у кожным беларусе.

Цярушыш шчэпцю гэтую зямлю і шукаеш зьместу: чый ген пераможа? Паэта? Сьвятара? Здрайцы?..

А здрада роднаму чалавеку? Бліжняму? Здрада Радзіме? Веры? Памяці?

Насамрэч мы здраджваем штодня, і праўда ў тым, што нашы бясконцыя маленькія і вялікія здрады спрычыняюцца да духоўнай сьмерці многіх і многіх.

Хто можа зразумець Азэфа? Дараваць Азэфу? Вырваць Азэфа з самага прадоньня свайго сэрца?

Чалавеку гэта немагчыма.

Але ўсё магчыма Госпаду.

4 сакавіка 2012 г.

XXII. У ГАСЬЦЯХ У СЭРЦА

Больш за ўсё запаветнае

захоўвай сэрца тваё,

бо ў ім крыніца жыцьця.

Выслоўі Саламонавы 4:23

Хто б ты ні быў і дзе б ні апынуўся — калі хоць трохі аглядаесься ды прыслухоўваесься, рана ці позна пачынаеш адчуваць побач нейкі жывы стоены пульс. Пругкі, упарты. Усё вакол дыхае і варушыцца надзіва заканамерна, падзеі маюць таемны цэнтр, і ледзь заўважнымі штуршкамі людзей, сустрэчаў, справаў аднекуль падхлынае дабро і ласка.

Тут-тук, чуеш пранізьлівы рытм. Тук-тук, ёсьць кантакт, радасна адгукаецца ўсярэдзіне ў цябе, і раптам усё становіцца з галавы на ногі. І ты кажаш сабе: ага. Вось яно дзе. Ну прывітаньне, Сэрца.

Айцец Сергій Сысаляцін — той самы, які калісьці вылавіў мяне ва «ЎКантакце» і зараз служыць у Спаса-Праабражэнскай царкве ў Пружанах, — вобраз з абразоў.

Малады, вайсковай выпраўкі; прыгожае, мяккае, поўнае ўнутранага спакою ды годнасьці аблічча, кароткая чорная барада — тыпаж, у якім любяць выяўляць сьвятых і апосталаў.

Жыве бацюшка ў вайсковым гарадку пад Пружанамі. Новыя Засімавічы — постсавецкі Вавілон на ўзьмежжы Белавежскай пушчы. Сярод дзевяці вайсковых часьцей, што складалі ўдарны кулак савецкай армады на заходнім фарпосьце — у засадзе, за пушчай на самай мяжы, — атабарыліся ракетчыкі, лётчыкі, зенітчыкі, танкісты ды сувязісты з усёй імперыі. Вядома, зь сем’ямі. І калі 20 гадоў таму тут жа, у Віскулях, Савецкі Саюз быў раптоўна рассаджаны на кавалкі, у вялізным разварушаным мурашніку з пылам эпохі асеў і ўвесь савецкі інтэрнацыянал, якому не было куды падзецца.

Тутэйшы Сяргей Сысаляцін служыў у верталётчыках — і, пабываўшы ў небе, прыйшоў да Бога.

Сьпярша наведваў евангельскую грамаду, дзе былы зампаліт Барыс ліха граў на гармоніку хрысьціянскія гімны, затым шукаў паўнаты і глыбіні веры ў Спаса-Праабражэнскай царкве. Нарэшце настаяцель айцец Ігар і епіскап уладыка Іаан прапанавалі маладому здольнаму панамару прыняць сьвятарскі сан і ўзяць на сябе нялёгкі прыход зь недабудаванай царквой у Новых Засімавічах.

Айцец Сергій просты. Жыве як дыхае. Выдатна размаўляе па-беларуску. Мае вялізную бібліятэку: сьвятыя айцы, Мень, Бярдзяеў, Фларэнскі, хрысьціянская класіка ўсіх канфесіяў, духоўныя часопісы, гісторыя Беларусі... Заўсёды прапануе нешта пачытаць. Вучыцца ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі — між іншым, разам з расейскімі бацюшкамі з Бранска. Сьмяецца: «Зьдзіўляюцца — гэта ж, маўляў, па-нашаму — “бурак”, “вёска”, “услон”»... Прастадушныя.

Працуюць, каб зарабіць, хто настаўнікам, хто механікам, а ўвечары ў царкву, набажэнства правіць — “ня тое, што ў нас”...» Расказвае ім пра Браншчыну беларускую, часы ВКЛ, пра карані.

Айцец Сергій найчасьцей чытае казані ў Спаса-Праабражэнскай царкве — і, скажу вам, рэдка чую тлумачэньне Слова такой простасьці і глыбіні нават у сталіцы. Прапаведуе ў Новых Засімавічах забытаму савецкаму пакаленьню, ва «ЎКантакце» — бездапаможным хлопчыкам і дзяўчатам, заблытаным у сеціве, у наркалогіі — напаўразбураным мужыкам, у нядзельнай школцы — дзецям і бабулькам і, як многія-многія сьвятары ды вернікі апошнія гады, штопятніцы моліцца за Беларусь. І трэба бачыць, зь якой надзеяй уваччу няшчасныя беларусы моўчкі глядзяць у ягонае аблічча — быццам на абраз, быццам успамінаюць кагось таго, хто вучыў іх, бацькоў і продкаў праўдзе і справядлівасьці ўжо тысячу гадоў.