У 1990-я Сабіла як прадстаўнік пратэстантаў быў адным з сустаршыняў Беларускай Хрысьціянска-Дэмакратычнай Злучнасьці.
30 мая 2006-га ўлады пазбавілі Беларускую Евангельскую Царкву рэгістрацыі.
У адказ пастар Сабіла (сам — крэпасьць Божая сярод беларускіх руінаў) збудаваў у Асіповічах гэткі ж магутны малітоўны дом.
На будоўлі здарыўся цуд. Цікаўныя хадзілі глядзець на ўласныя вочы: дом меўся стаяць у нізіне, і нават лужыны тут не высыхалі, але вялізны катлаван, у якім магла б зьмясьціцца цэлая хата з дахам, застаўся сухі.
Усе апошнія гады і рэшту сваёй цялеснай дужасьці пастар Сабіла ўклаў у будынак на краі балота. Эрнст Канстанцінавіч верыць, што неўзабаве гэтыя вялізныя залы будуць запоўненыя евангельскімі вернікамі, якія славяць Бога па-беларуску.
На сустрэчах з Сабілам, палітвязьнем савецкіх часоў, моладзь замірае. І ў цішыні словы ягонага сьведчаньня кладуцца, быццам камяні ў падмурак.
Сабіла сьведчыць пра Бога ў сваім жыцьці.
Сабіла расказвае пра Беларусь, ягоны крыж.
Цярплівы пастар Сабіла не разумее, як можна быць цярпімым да зла, як можна ўваходзіць у кааліцыі з камуністамі.
І ўжо сёньня менавіта пастар Сабіла, патрыярх беларускага евангельскага руху, прабіваецца на Валадарку да Сяргея Каваленкі, які памірае за бел-чырвона-белы сьцяг...
Сабіла гаворыць важка, вытрымлівае паўзы, і гэтыя паўзы цяжкія, як ягоны спакутаваны, але спакойны позірк спадылба, — каб да слухача дайшло.
— Набліжаецца мой час стаць перад Госпадам, — ціха, павольна, але так, што мурашкі па скуры, выгаворвае Эрнст Канстанцінавіч, — і ўжо адчуваю: сьвет рыхтуецца да таго, хто прыйдзе перад Хрыстом. Антыхрыста. Адчуваю вакол гэты дух.
Дух апошніх часоў.
«Мы жывём сярод страшнага народа, які выракаецца сваіх продкаў», — сказаў калісьці Сабіла.
Маладыя і ня вельмі пастары, якія нават ня мысьляць шырынёй народа і глыбінёй краіны, дадзенай ім Богам, якія цураюцца казані на роднай мове, не заўважаюць тых нямногіх, хто, па грудзі ў твані, з астатніх сіл трымае на сваіх плячах і ўсю Беларусь, і іх саміх.
Глядзіш на Сабілу і думаеш: здужае.
Але вытрымаць такі крыж чалавеку пад сілу толькі тады, калі ў ягоным знадрыўным сэрцы, у ягоных зраненых руках, у ягоных напружаных жылах жыве сам Збаўца. Бог Скарыны, Сапегі, Сабілы — Ісус Хрыстос.
24 сакавіка 2012 г.
XXV. ЗАРОК
Цьверазейце, чувайце,
бо супраціўнік ваш д’ябал
ходзіць, як рыклівы леў,
шукаючы, каго праглынуць.
І Пятра 5:8
Наш кіроўца, мужык талковы, у одуме. Усё зьбілася з тропу: машына ламаецца, у сям’і раптам бязладзьдзе, начальнік бяз дай прычыны надоечы вызьверыўся. Карацей, жыцьцё дало расколіну. Раіцца: маўляў, ты ж вернік, ведаеш — можа, гэта з-за таго, што я расьпяцьце без цьвікоў набыў?.. Аказваецца, днямі ў краме да яго падышоў нейкі п’янтос, ледзь трымаецца на нагах і просіць: купі, за бутэльку. Расьпяцьце матчына, хіба што дзіркі замест цьвікоў... Глядзіш кіроўцу ў трывожныя шырокія зрэнкі і бачыш адну чорную дзірку.
Безь цьвікоў укрыжоўваюць, Госпадзе. Прапіваюць і спадчыну, і розум, і душу — калі б маглі, і Цябе прапілі б.
Тут, сярод замкаў ды пушчаў, п’юць, жлукцяць, квасяць, гасяць, бухаюць, заліваюць горла — бо зеўрае, зеўрае чорная дзірка ў сэрцы, а сьвятое месца пустым не бывае. Рабочыя, вяскоўцы, «хімікі»... Ня так адчайна і жорстка, як у Малым Сітне з «максімкай», але грунтоўна, пасьлядоўна, засяроджана, зь яўнай мэтай калісьці дапіцца-такі.
А гэта ж ня дзе-небудзь, менавіта тут, у беларускай глыбіні, у 1846-1848-м пачаўся знакаміты Пружанскі антыалкагольны рух, які даў першы штуршок небываламу паводле размаху ацьверазеньню ў 1850-я па ўсёй Расейскай імперыі.
Пра гэты самы «пружанскі бунт» як пачатак найбуйнейшай агульнарасейскай кампаніі абстыненцыі з гонарам паведамляе, між іншым, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта РБ — і рэкамендуе выкарыстоўваць такі факт, уявіце сабе, на лекцыях «адзінага дня інфармаваньня». Вядома, адной рукой, праз капеечную гарэлку, піўную рэкламу і батарэю бырла, падліваюць ды падліваюць (і ня тое што закусіць — занюхаць не даюць), а другой, заграбаючы грошы ў касу, часам усплёскваюць: авохці, бяда!... вой, што твораць... П’юць жа, паскуды, ну што ты ім зробіш!..
Усё пачалося ў 1846-м у местачковых прыходах ды парафіях, зь нейкім веяньнем духу. Рэй вялі сьвятары. Хопіць піць!.. Вёска за вёскай на заклік бацюшкі ці ксяндза беларус станавіўся перад алтаром ці абразом і заракаўся: болей не дакранацца да сьпіртнога. Так і ўяўляеш: глядзіцца чалавек у абраз — і вобраз і падабенства Божае ажываюць у ім самім.