А між тым зарок быў злачынствам: закон Расейскай імперыі забараняў даваць нейкія клятвы, апрача прысягі цару.
Масавае ацьверазеньне ахапіла сьпярша гістарычную Літву: на Гарадзеншчыне зарок далі 220 тысячаў сялянаў, на Віленшчыне — 140 тысячаў, на Міншчыне — 84 тысячы. Вакол цэркваў ды касьцёлаў ствараліся таварыствы ці брацтвы цьвярозасьці. Кабакі зачыняліся праз адсутнасьць прыбытку; чыноўнікі паўсюдна адзначалі рэзкі ўздым сьвядомасьці і дабрабыту І вось ужо шэф жандараў дакладае Аляксандру ІІ: «Здарылася ў нас падзея, зусім нечаканае...»
Зь беларускіх земляў і Ковеншчыны рух цьвярозасьці перакінуўся на суседнія — і ўрэшце да канца 1850-х гадоў ачомаліся 32 губерні Расейскай імперыі. Цьвярэзьнікі засноўвалі свае школы, прытулкі, стваралі касы ўзаемадапамогі — і, быццам з зародку, з зароку перад Богам стыхійна нараджалася самакіраваньне. Месцамі адмова ад віна і гарэлкі прывяла да бунтаў: абураныя мужыкі грамадой грамілі манаполькі. Урад, напалоханы размахам непадуладнага руху і стратай каласальных грошай (імперскі бюджэт трэснуў па швах), выправіў на падаўленьне непітушчых рэгулярныя войскі. Звыш 11 тысячаў актывістаў руху былі арыштаваныя, бітыя розгамі і высланыя ў Сібір (зь іх 780 — у беларускіх губернях).
Ані Раманавы, ані бальшавікі, ані Лукашэнка не адступілі ад загаду Івана Жахлівага: спойваць. Ня будуць піць? Адключым газ.
«Ну, першы тост за Галоўнакамандуючага, ты ў курсе», — напаўголаса папярэджвае начальства пружанскіх вайскоўцаў на 23 феўраля. І тады, і цяпер дэманстратыўна ня выпіць было выклікам. Толькі ходзіць, бродзіць нехта вакол, кружыць, як рыклівы леў, шукаючы, каго б праглынуць нагбом.
Пружанскія сяляне ўжывалі віно і хлеб у Прычасьці — і прымалі Кроў і Плоць Хрыстовыя. Сёньня віно бяз Бога і хлеб зь відовішчамі ператвараюць беларуса ў жывёлу.
Няўжо лёс беларускай глыбіні — дапіць горкую чашу да дна, да поўнай п’яненькай рабскай павіннасьці, да выраджэньня асноўнай масы народа, да нацыянальнага гена алкагольнай залежнасьці?
Ды ня ўтопім мы нічога і нікога ў тае чарцы, апроч саміх сябе.
«Кадзіроўкі» ды палітінфармацыі — хіба апахмелка апасьля дзяржаўнай палітыкі спойваньня. Авось масавы рух, пачаты Царквой, у спалучэньні з падтрымкай сям’і і моладзевай модай на цьвярозасьць — насамрэч куды большая пагроза для існага рэжыму, чым уся сёньняшняя апазіцыя.
Таму збляваць чорта, каторы ў глыбіні беларускай душы сушыць, і пячэ, і смокча, і сьсе, можна адным-адзінюткім спосабам, ужытым простымі пружанцамі 165 гадоў таму, — не адкаркоўваць новую нуль-пяць, а адчыніць душу Богу.
31 сакавіка 2012 г.
XXVI. СЬМЕРЦЬ І СЬЦЯГ
Калі ж тленьне гэтае
апранецца ў нятленнасьць
і сьмяротнае гэтае
апранецца ў несьмяротнасьць,
тады збудзецца слова напісанае:
«Паглынута сьмерць перамогаю».
І да Карынфянаў, 15:54
Пасьля сарака дзён галадоўкі з чалавека пачынае сыходзіць жыцьцё. Тонкае на прасьвет цела, зь якога разам з наедкам зьнікае ўсё набытае, трапечацца па хадзе на касьцях, бы сьцяг на тронках, — і застаецца толькі сутнасьць. Тое, чым чалавек ёсьць.
Вось чаму Ісус сорак дзён нічога ня еў, каб вытрымаць д’яблавы спакусы.
А беларуса Сяргея Каваленку, які галадае на сьмерць за бел-чырвона-белы сьцяг і волю, вязуць у вар’ятню.
«Там, на самым версе ёлкі, калі я прымацаваў вуду і адпусьціў вялікі сьцяг, я адчуў, як мая душа аддзялілася ад цела». Так Каваленка расказвае пра той самы дзень, сьвята Нараджэньня Хрыстовага.
Сьцяг у Віцебску быў феерычны. Увесь год аблвыканкам зьбіраў з раёнаў сродкі на ўпарадкаваньне плошчы Перамогі, найвялікшай у краіне. На Новы год тут усталявалі самую вялікую ёлку ў Беларусі. Эх, ёсьць чым ганарыцца!.. І вось 7 студзеня, на плошчы сьвяточны канцэрт, і сярод белага дня, апоўдні бялявы, спартовага целаскладу хлопец перасякае брук, сігае за плот, па-альпінісцку ўзьбіраецца на 35-метровую вышыню.
І найвялікшая ў краіне плошча ўмомант ператвараецца з плошчы савецкай перамогі ў пляц перамогі беларускай.
Зараз Каваленка бледны-бледны ад голаду. Усё, што засталося ад моцнага нашчадка колішняга вялікалітоўскага каваля, крутаскулага, з масіўнай сківіцай сапраўднага байца, героя з горада Альгерда, Шагала, Мірона, — палатніна белага цела і кроў, у якую гвалтам колюць глюкозу.
Чалавек-сьцяг ператвараецца ў чалавека-сьмерць.