Выбрать главу

Тут, у камендзе, Каваленку часам блытаюць з Кавалёвым — ну, гэты, як яго, зь Віцебска, каторага расстралялі.... І, разабраўшыся, спачуваюць як свайму брату-«хіміку»: правёў сына ў Лядовы палац пасьля 19:00 — парушэньне і ў турму. Таго, хто гатовы аддаць жыцьцё за бел-чырвона-белы сьцяг, паважаюць. Але не разумеюць.

А ці разумеем мы?

Тое, што Каваленка памірае пры нашай агульнай млявасьці ды абыякавасьці да ягонага жыцьця, — гэта нацыянальная ганьба.

Гісторыя чалавека-сьцяга, а гэта, паверце, ужо самая сапраўдная беларуская гісторыя, — сёньняшні адказ на пытаньне: ці верым? Ці можам? Ці пераможам?

Бо насамрэч наш бел-чырвона-белы сьцяг — гэта і ёсьць самы ясны на сьвеце сімвал перамогі жыцьця над сьмерцю. Даўгая льняная палатніна, у якую загортвалі цела памерлага ў Палесьціне. Белая з крывавай паласою.

Хрыстос паміраў за нас — і па Ўваскрасеньні пакінуў нам бел-чырвона-белы сьцяг як знак Сваёй перамогі.

Мы пазнаём яго ў штандарах хрысьціянскіх краінаў — Англіі, Швейцарыі, скандынаваў, Польшчы, Грузіі, у бел-чырвона-белых стужках патрыярхаў і нават на гербе РПЦ. Ад белых, чырвоных і белых хваляў сэрца захлынаецца сьвятлом, пяшчотай і воляй.

І вось у Вялікі пост, у тыднях цярпеньня і пакуты, расьцятая на турэмных прасьцінах, памірае душа Сяргея Каваленкі.

Мы блытаемся ў сеціве, спрабуем вырвацца і ўвесь час тыцкаемся ў тое, што паміраць за Беларусь — дарма, а жыць дзеля яе немагчыма. Наракаюць: Каваленка занадта рэзкі, няправільна сябе паводзіць, ня слухае ані родных, ані кіраўніцтва сваёй партыі, і ўвогуле, самагубства — грэх... Але мы ня маем права асуджаць яго. Толькі на волі можна спрачацца зь Сяргеем, пераконваць, даводзіць. А зараз адзіна магчымы спосаб дзеяньня для нас, тых, за каго і памірае Каваленка, — ціснуць на рэжым, а не на Сяргея. Даць чалавеку-сьцягу годна з гэтай сьмяротнай галадоўкі выйсьці.

Ці хоча жыць Каваленка, бацька дваіх дзяцей, муж, беларускі патрыёт? Канечне, хоча.

У свой час, галадуючы больш як 50 дзён, Аляксандр Казулін дамогся таго, каб беларускае пытаньне было вынесена на разгляд Рады Бясьпекі ААН.

Дзеля жыцьця беларуса адна звышдзяржава — ЗША — паставіла на парадак дня тэму Беларусі, а іншая ядзерная дзяржава — Расея — была вымушаная гэты разгляд блакаваць.

Дзякуй Богу — Казулін застаўся жывы.

Глыбокі беларускі супраціў заўжды адчайна ахвярны. Пад кропельніцай, прывязаны да ложка, паміж жалезнымі дзьвярыма з вочкам і закратаваным небам пакутліва і балюча Каваленка аддае сябе. Па кроплі — кожнаму з нас. І цяпер кожны дзень жыцьцё Каваленкі мусіць стаць днём бел-чырвона-белага сьцяга. Хаця б аднаго сьцяга штодня.

Думаю, Каваленка даможацца выніку, вартага галадоўкі не на жыцьцё, а на сьмерць. І будзе жыць.

І тады ў сьветлыя велікодныя дні і для яго самога, і для кожнага з нас стане трошкі ясьней, як паміраў на крыжы і як уваскрос пад бел-чырвона-белым сьцягам, каб жылі мы, Сам Госпад Бог.

7 красавіка 2012 г.

XXXVIII. ІСКРЫ НЕРАСКАЯНАСЬЦІ

...Але калі не пакаецеся,

Усе гэтак сама загінеце.

Лукі, 13:3

Паабяцалі мне нашы куплінскія рабочыя стагадовую газету. Няўжо, думаю, дзесьці на белавежскім хутары заціхарылася «Наша Ніва»? Прыносяць, складзеную ў чатыры разы, у пакеціку з-пад сушак. Газета не газета — улётка. Друк аднабаковы. Папера навобмацак цьвёрдая, колеру бэжавага, добрая, унізе выходныя дадзеныя па-нямецку: Лейпцыг. На абароце шарыкавай ручкай нейкі мабільны нумар... І — чорным па белым: «Іскра», № 1, 1900 г.

Падумаў, падробка. Перадрук. І каму яно тут у Пружанах спатрэбілася?.. Але на ўсялякі выпадак прашу паглядзець малецкага краязнаўцу Алеся Кенду. Алесь бярэ на прасьвет, цярэбіць краі — і, бачу, пальцы заўважна пачынаюць трымцець: «Гэта арыгінал».

Першы нумар «Іскры» па маскоўскіх коштах — ад некалькіх соцень да 3,5 тысячы даляраў, у залежнасьці ад стану.

У камендзе іскру камунізму трымаць небясьпечна. Большасьць асуджаных, лічы, жабракі. А тут такі, выбачаюся за каламбур, капітал. Спакуса.

...Калі з боку Пружанаў уязджаеш у былы вайсковы гарадок Куплін, пасьля разбуранага КПП цябе сустрэне стод правадыра сусьветнага пралетарыяту з растрэсканым тварам. Аблуплены, ля памыйкі, поруч з шыльдай «Прием овощей», Ленін прымружана азірае сваю разварочаную бункерамі ды фермерамі, зарослую бур’янам спадчыну, рыхтаваную дзеля планетарнай рэвалюцыі.

Камунізм, здаецца, ляснуў, а ідал стаіць.

Чакае.

Бо камуністычная спадчына тут, у беларускай глыбіні, — ня толькі помнікі ды сатанінскія пентаграмы, ня толькі паўсьцёрты тэкст гімна СССР на крывава-цагляным фасадзе пружанскага тэхнікума па вуліцы Чырвонаармейскай.