«Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром», — паўтарае апостал тым, хто не зразумеў пра ворагаў зь першага разу.
Мы нават не ўяўляем, як гэта...
Любіць, днямі да атупеньня і страты прытомнасьці стоячы перад каменнай сьцяной.
Любіць, калі цябе лупяць па твары, бо дапамог падняцца таварышу. Любіць, калі рукі, запэцканыя ў кале, трасуцца і рассыпаюць крохі лагернай пайкі
хлеба. Любіць, калі, ашалелы, ледзь перастаўляеш змачаленыя да косьці кульці-калені па нясьцерпных зубах бітага шкла...
Любіць палякаў, расейцаў, немцаў... і саміх сябе — забыўлівых, абыякавых, запалоханых беларусаў.
Калі мы ня хочам жыць на гэтай зямлі са скрываўленай вырванай пусткай замест сэрца — кожнаму з нас трэба вучыцца любіць. Любіць настолькі моцна, як Той, Хто прыняў на Сябе ўвесь наш грэх і ўвесь наш боль на Крыжы.
Каб «Бяроза» аддавалася ў грудзях не пагрознай злосьцю, а гулкім кляштарным рэхам: «Бог ёсьць любоў».
23 ліпеня 2012 г.
XLI. РВАНЫЯ РАНЫ ВОРЫВА
Пяты анёл затрубіў,
і ўгледзеў я зорку,
што ўпала зь неба на зямлю,
і дадзены ёй ключ
ад калодзежа бездані.
Адкрыцьцё, 9:1
Куплінскі склад аўтазапчастак, на якім мне даводзіцца працаваць за трыста метраў ад каменды, найбольшы ў Пружанскім раёне. У былым танкавым ангары на 400 квадратных метраў — жалеза да трактароў «Беларус», «МАЗаў», савецкіх грузавікоў, сельгастэхнікі; падшыпнікі, фільтры, рамяні ды шлангі розных калібраў, эмалі, гаруча-змазачныя матэрыялы, разнастайныя інструменты — ажно да аптэчак і электрапастухоў. Калгасы раёна, калісьці перайменаваныя ў ААТ, затаварваюцца менавіта тут.
Склад — гэта звыш чатырох тысяч найменьняў, дзе памылка ў нумары акумулятара ці трактарнай шыны будзе каштаваць табе месячнага заробку; гэта змораныя, бегма, купцы, інжынеры і механікі; гэта некалькі дзясяткаў сваіх рабочых, чорных ад мазуты і пылу, якім трэба выдаваць снадзіва і рыштунак, а таксама процьма ластавак, што напаўняюць былы ангар шчабятаньнем, лепяць гнёзды ў скрыжаваньнях бетону, віртуозна вылоўліваюць мух ля вокнаў і дзьвярэй і выводзяць маленькіх, якія шэрагам, не раўнуючы ноты, сядзяць на лініях дроту ды пачаргова, быццам у мульціках, вучацца ціўкаць.
Месячны абарот тут ідзе на мільярды, вага жалеза — на тоны, і спаленыя нервовыя клеткі — напэўна, адзінае, што ўліку не паддаецца.
Калгасу, які прыязджае, трэба паказаць, што ёсьць, запісаць выбранае, аддаць накладныя і выдаць, а часьцяком і дапамагчы пагрузіць.
Жалезная плынь.
Дзякуй Богу, кладаўшчык — баптыст Слава: за парадак можна не хвалявацца. Брат Слава прайшоў і турмы, і бамжаваньне, пакаяўся, прыняў Хрыста — і цяпер адзін з кіраўнікоў тутэйшай памеснай царквы. Дапамагае галоўны інжынер Максімавіч — сьціплы ды ўсьмешлівы беларус-тэхнар зь вёскі Забэйды-Суміцкага, знаўца ўсяго неверагоднага жалезьзя, вечна на тэлефоне, на запраўцы або ў майстэрнях...
Але сам, маючы з тэхнікі хіба што ровар, часам зьнемагаеш ад атупеньня.
А Госпад жа папярэджваў... У СІЗА КДБ тры месяцы прапускаў міма вушэй бясконцыя аповеды галоўнага інжынера МТЗ пра карданы, рэлюшкі і гідрацыліндры — і вось трапляеш акурат туды, куды едуць па запчасткі для 850 «Беларусаў»!
Большасьць усяго металу, гумы ды хіміі са складу сыходзіць у малако: менавіта «малочка» дае 9/10 экспарту Пружанскага раёна. Трактары, сеялкі ды касілкі працуюць на кармах і збожжы для фермаў; шлангі, вёдры ды вілы ідуць наўпрост у кароўнікі; грузавікі развозяць малако па гіпермаркетах.
Прыязджаюць тыя, каго гараджане мімаходзь называюць «калхозьнікамі», — няшчасныя, дабрадушныя і простыя сімпацягі: то стрыманыя, то жартуны, то змрочна-засяроджаныя, каржакаватыя дзядзькі або асаністыя маладзёны з густымі брывамі ды галасамі, кожны зь непаўторнай паляшуцкай ці ліцьвінскай гаворкай — адразу ўяўляюцца дрэвы, выкарчаваныя дзесьці ў пушчы!..
Размаўляеш — і разумееш: калгасы, што засталіся на Пружаншчыне, або выцягваюць за кошт колішніх пракаповіцкіх уліваньняў Нацбанка, або выязджаюць на некалькіх трывушчых беларусах-працаголіках, прыроджаных земляробах, хто яшчэ ня сьпіўся; імі затыкаюць усе дзіры. У стратнай, друзлай, яшчэ саўковай сістэме апошні запас — унутраная, валовая тутэйшая працавітасьць.
Невынішчальныя, вечныя беларусы, зьнявечаныя калектывізацыяй ды атэізмам, яны ўсё захоўваюць у кутках вачэй, у вуснах, у цяжкім маўчаньні сваю беларускую таямніцу — як удаецца выжыць, карміць горад ды трымаць для дзяцей і ўнукаў дзесь глыбока-глыбока гарчычнае зерне надзеі.