Выбрать главу

А гаспадарыць на беларускай зямлі па-ранейшаму сталінскі калгас.

З размоваў з інжынерамі высьвятляецца, што львіная доля трактароў у гаспадарках стаіць; што ў галандскіх комплексаў, закупленых на фермы за вялізныя грошы, зімой замярзаюць паілкі (не разьлічылі — іншы клімат); людзі саромеюцца нават казаць, колькі зарабляюць; крадзеж, п’янства, безадказнасьць — норма; гісторыі пра калецтвы і сьмерці (таму тэхніка на полі раструшчыла косткі, той упаў у жатку, таго забіла токам) несканчоныя... і ўсе, усе згаджаюцца, што ўсім усё абыякава.

Вёска нават тут, у Заходняй Беларусі, як жывы арганізм — гніе.

Зь зямлі рвуць тое, што аддасьць. Гвалтам. Бо трэба вал. Бо (гарачы кам. прывет) — загад.

Паступае каманда: 20-га сеяць! І хоць аграном ведае, што зямля яшчэ не адтаяла, што палова плошчаў — яшчэ балота і сеяць па загадзе — значыць гробіць тэхніку і насеньне, дзецца няма куды: на палях ужо кантралёры, і гора тым, хто ня вывеў трактар на пашу. Клянуць начальства і асабіста вярхоўнага галоўнакамандуючага — і едуць у Куплін закупаць плугі, трактарныя карданы ды генератары: ведаюць, што дурных паломак ды перасеваў будзе да горла.

Уборка? Зноў: усе на бязьлітасную барацьбу з ураджаем.

Або «семінары» (раённыя ці абласныя накачкі з выездам на палі ўзорных гаспадарак). За два-тры дні да «семінара» замест 10-12 калгасаў штодня прыязджае па 15-20 і разьмятаюць фарбу, шчоткі, рыдлёўкі, вілы ды лямпачкі — каб, раптам што, было чыста і мігцела.

На куплінскім складзе рваны рытм калгаснага жыцьця, бы хвароба сэрца, толькі аддаецца знадрыўным, зь перабоямі, грукатам жалеза.

Краіна Беларусь — адна з найбагацейшых зямлёю ў сьвеце: плошча ворыва на душу насельніцтва — амаль 0,7 га.

Але пакуль бязбожжа — Беларусь бяз збожжа. Ані побытавай сялянскай веры, ані прыватнай уласнасьці — а інакш у зямным жыцьці ніяк.

У ворыва па-ранейшаму няма гаспадара.

У людзей па-ранейшаму няма волі.

Па-ранейшаму дае свае ўсходы кроў, пралітая падчас калектывізацыі: раскулачаныя, сасланыя, забітыя, замораныя голадам; разрабаваныя сем’і, закінутыя вёскі... Колькі яшчэ пяцігодак зямля будзе вывяргаць, выціскаць зь сябе, выкідаць разам зь неўраджаямі боль і выпладні таго гвалту?

Даваць беларусам горкі хлеб з прысмакам крыві і поту?

Зразумець бы гэта мілым, зьдзіўленым і спакутаваным інжынерам...

А нам, гарадскім едакам, — убачыць бы, як часам дажджамі плача над гэтай зьнявечанай ірванымі ранамі зямлёю Бог.

4 жніўня 2012 г.

XLV. АДКРЫЦЬЦЕ ХРЫСТА

Бог, Які сказаў зазьзяць

зь цемры сьвятлу,

азарыў нашыя сэрцы

пазнаньнем славы Божай

у асобе Ісуса Хрыста.

ІІ да Карынфянаў 4:6

Спытай беларуса пра Бога — і ўбачыш чалавека, які раптоўна прачнуўся. Усхапіўся, тарашчыць вочы і не разумее, дзе ён.

«Ісус?.. — крыва ўсьміхаецца, блішчыць залатым зубам муляр Лёнь, павольна ачомваецца. — А... Ён мне не перашкаджае».

«Ці веру. я. у Бога?.. — задуменна, па складах, спрабуе «ўехаць» токар Валянцінавіч. — Гэта пытаньне, як табе сказаць... якое навука яшчэ... точна не ўстанавіла».

«Не, штосьці-то ё, — зваршчык Анатоль апускае вочы, цяжка думае, чухае сівую галаву і пераключаецца ўбок. — Але — ну дзе справядлівасьць, а?! Вось паглядзі...»

Асэнсаваньне прабіваецца на тварах скрозь забыцьцё, павольна, ненадоўга — і на нейкі момант у вачах праблісквае водсьвет чагосьці сьветлага, прыгожага... Страчанага...

Так хочацца, каб яны не аплывалі зноў у сваю змрочна-зморшчаную кому!

Але — махне рукой, адвернецца ці выдыхне: вось такія, маўляў, пірагі — і брык. Зноў напаўжывы.

Мы вечна губляемся, пачуўшы самае важнае пытаньне. А між тым, штотыдня паўтарае наш баптыст-гарманіст, каторы прапаведуе ў камендзе, гэта галоўнае — вызначыцца, дзе ты хочаш правесьці вечнасьць.

У справах жыцьця і сьмерці нават няверуючыя набываюць прытомнасьць перад Ім.

Але, быццам у вадзе, у іншай стыхіі — а ці можна тут хаця б дыхаць?! — спохапам надзімаюць шчокі, мычаць ды ліхаманкава кубатураць, куды б адсюль дзецца.

Заўсёды, калі рэч у праўдзе, свабодзе, справядлівасьці, заўсёды, калі час надломваецца ў змаганьні дабра і зла, калі людзі пакутліва напружваюцца, высільваюцца, церпяць з астатніх сіл і пад невыносным напорам граху і гвалту здаюцца — усяму народу даводзіцца кожны раз наноў адкрываць адну простую і глыбокую ісьціну. Чалавечымі сіламі гэта адолець немагчыма. Сумарнага зараду зла, якое тоіцца ў сэрцы кожнага з нас, насамрэч хопіць, каб у трэскі разьнесьці ўсю Беларусь. І цемра ўнутры чалавека, не пераможаная Богам, будзе тлець роўна столькі, колькі трэба для канчатковага вызначэньня: хочам мы вечнага жыцьця — ці вечнай сьмерці.