Аднойчы такое даводзіцца перажыць і чалавеку, і пакаленьню, і цэламу народу.
Гэта адкрыцьцё прыходзіць пасьля вялікага болю, расчараваньня ці спусташэньня, як цуд. Як спатканьне з каханьнем зь першага позірку. Раптоўна. Працінае сэрца так, што ты трапечаш, бы злоўлены матылёк.
І ціха.
Ты раптам спахопісься: у тваім жыцьці Нехта ёсьць.
Ты пазнаеш Яго ў цёплых вачах верніка — напарніка, які бярэцца падмяняць цябе, хворага, на працы; у вінаватых усьмешках жанчын, якія пасьля набажэнства ў царкве абвешваюць цябе пакункамі зь ежай; у раптоўным болі параненага на разгрузцы жалеза «хіміка», які заціскае рукой сіфон крыві і тут жа сьцінае зубы, каб усё-такі ня лаяцца.
Ты пазнаеш Яго ў Беларусі — незямным позірку азёраў, што глядзяцца ў вышыні, у пяшчотнай смузе, якая сьцірае межы зямлі і неба; у міры і супакоі, што закалыхваюць дыханьнем лагчынаў ды ўзгор’яў любую далечыню; у адчуваньні прысутнасьці і пранізьлівай сьветліні; у такіх пакорлівых і такіх патрабавальных вачах беларускіх дзетак.
Ісус з тым, каму цяжка, хто церпіць несправядліва, хто плача ў адчаі. Ісус — зь бясьсілымі. Тымі, хто разумее, што самі зьмяніць мы краіну ня зможам, бо ня ў сілах нават зьмяніць сябе.
Ісус нараджаецца ў нашым сэрцы — Маленькі, зь вераю. Пакутуе ў змаганьні з грахом. Памірае на крыжы нашага цела, калі мы выбіраем зло... і ўваскрасае пад бел-чырвона-белым сьцягам, скрываўленай плашчаніцай — калі мы даём Яму перамагчы.
Выжываньне беларусаў як нацыі залежыць толькі
ад таго, ці набярэцца ўрэшце крытычная маса людзей, гатовых дазволіць выявіцца ў сабе Ісусу Хрысту.
Калі Беларусь адкрывалася Ісусу — яна нараджалася і адраджалася. У Х стагодзьдзі, з прыняцьцем хрысьціянства, расквітнела Полацкае княства. Пасьля ХІІ стагодзьдзя, эпохі вялікіх Еўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўрамія Смаленскага — расьце і мацнее ВКЛ. У ХУ! стагодзьдзі з Рэфармацыяй і адначасовым абуджэньнем Касьцёла ды праваслаўя ўспыхвае залаты век Беларусі — са Скарынам, найлепшымі з Радзівілаў ды Львом Сапегам... У ХХ стагодзьдзі напачатку і напрыканцы — два нацыянальныя Адраджэньні на хвалі духовых абуджэньняў.
Як гэта ні дзіўна, большасьці сапраўдных герояў беларускай гісторыі мы і ня ведаем.
Тых, хто штодня шэптам вымольвае ад зьнішчэньня цэлыя гарады; тых, чые ўлюбёныя Богам сэрцы захлынаюцца крывёю за нас, хворых, жорсткіх, раздражнёных; тых, чые невымернай глыбіні вочы каўтаюць неба, наталяючы ўвесь народ.
Што мы наогул ведаем пра іх? Тое, што яны і сярод праваслаўных, і ў касьцёлах, і ў малітоўных дамах? Тое, што яны і ёсьць празрыстай таямніцай Цела Хрыстова — Ягонай Сапраўднай Царквой? Тое, што яны пазнаюць Ісуса адзін у адным як зьміргнуць — і гэта дае ім слёзы любові і натхнёныя ўсяночныя, пашырае іх сэрцы да памераў цэлай краіны ды распасьцірае перад імі зорныя шляхі?
Колькі іх, сёньняшніх беларускіх сьвятых? Дзясяцера, дзеля якіх Госпад не зьнішчае нашыя Садом і Гамору? Сем тысячаў стоеных, верных Яму, як у гісторыі прарока Ільлі?
Беларусу, які сядзіць у сабе, бы ў зачыненай хаце, дробна калоціцца ад страху ды роспачы ці змучана ные ад бессэнсоўнасьці працы, пара адчыняцца.
Адчыняць дзьверы, у якія Ён дзень і ноч ледзь чутна стукае.
Калі адкрываеш Яму сваё сэрца — у табе самім раптам праглядвае Ягонае.
Калі задыхаесься ад граху — ірві сэрца, як кашулю на грудзях. І расхінай, намаганьне за намаганьнем, справа за справаю, усю краіну, невядомую Беларусь пад белымі крыламі сьцяга Хрыста.
Бо Беларусь збавіць ня снайпер.
Беларусь збавіць Ісус.
16 верасьня 2012 г.
XLVIII. БЯЛЯЦКІ
...І асьвяціце пяцідзясяты год,
і абвясьціце свабоду на зямлі
ўсім жыхарам яе:
хай будзе гэта ў вас юбілей.
Лявіт 25:10
Галасаваў я ўпершыню ў жыцьці менавіта за Бяляцкага.
Улетку 1994-га, калі ўся наша сям’я пазначыла ў бюлетэнях выбараў першага прэзідэнта Зянона Пазьняка, мне было толькі сямнаццаць з паловай. А ў 1995-м, на выбарах у Вярхоўны Савет, наш студэнцкі інтэрнат насупраць Палаца спорту апынуўся ў акрузе Бяляцкага. Геолагі-першакурсьнікі БДУ, мы самі змайстравалі бел-чырвона-белы сьцяг і пайшлі на сустрэчу з кандыдатам у сквер на пляцы Волі.