Тады для нас, захопленых студэнтаў, гэты малады і сьнежна-сівы, сьціплы і ў той жа час поўны ўнутранага гонару фронтавец увасабляў само Адраджэньне.
Потым на соймах, у Музеі Багдановіча, на мітынгах Вясны-96 і ўрэшце ў «Вясьне» ягоная нешматслоўная дзелавітасьць і простасьць толькі пераконвалі: у эпоху незалежнасьці хіба зь Бяляцкага і варта пісаць карціну «Беларус».
Гэта ён, дэпутат Мінгарсавета, першым занёс на сесію бел-чырвона-белы сьцяг, каб узьняць яго на плошчы Незалежнасьці.
Гэта ён у 1990-м згуртаваў Беларускую Грамаду— рух, што спрыяў беларусізацыі Касьцёла. Гэта ён узначаліў Літаратурны музей Багдановіча ў Траецкім — сталічны культурны агмень, зь якога многія супрацоўнікі пасьля перайшлі ў «Вясну».
Бяляцкі цярплівы. Гаворыць рэдка, нягучна, але цьвёрда, асабліва не ўгаворвае ды не перапытвае. Сказаў — далей думай сам. Бяляцкі спакойны. Раздражнёным, у гневе, пакрыўджаным бачыць яго не даводзілася. Бяляцкі белы — бездакорна сівыя хвалістыя валасы толькі падкрэсьліваюць рэпутацыю.
Памятаю, на фронтаўскіх соймах Бяляцкі выступаў рэдка, больш слухаў і, як ад зубнога болю, моршчыўся кожнага разу, калі чуў пафас, амбіцыю ці фальш. Па-беларуску не выпінаўся, а рабіў, рабіў, рабіў...
І зрабіў.
«Вясна», створаная Бяляцкім, цяпер насамрэч — адзін з найбольш трывалых і жыцьцяздольных арганізмаў падтрымкі незалежнага грамадства.
Рэдкая сярод беларусаў агульнанацыянальная талака дзеля дапамогі ў бядзе сапраўды незаменная. Перадачы вязьням, падтрымка сем’яў, аплата адвакатаў у палітычных справах — Бяляцкі займаўся тым будзённым ды надзённым клопатам, трываласьць і спор якога вызначае моц паняцьця «салідарнасьць».
Заходні сьвет таму і патрабуе хорам вызваленьня Бяляцкага, бо ведае кошт маральнай салідарнасьці, стагодзьдзямі выхоўванай у еўрапейцаў касьцёлам ды дамамі малітвы.
Якраз на пяцідзясяты дзень народзінаў Алеся мне ў каменду, на агульны таксафон, патэлефанаваў колішні куплінскі «хімік», які паехаў ад нас на бабруйскую «зону» і перасёкся там зь Бяляцкім. Бяляцкаму там цяжка. Чапляюцца да любой дробязі, пазбаўляюць спатканьняў, перадачаў... «Усе ведаюць, што мужык, што церпіць за праўду, — казаў суразмоўца, — але, сам разумееш: толькі падыдзеш парай словаў перакінуцца — у атрадзе выдзернуць і апрацуюць».
У «зоне» Бяляцкі вырабляе міліцэйскія пагоны. Думаю, шмат хто зь ягоных турэмшчыкаў здагадваецца: знак. Лёс іхніх «зорачак» неўзабаве будзе вызначацца тым, праз чые рукі яны прайшлі.
«Час цяпер такі, што праваабаронцу самае месца ў турме», — напісаў Алесь у адным са сваіх лістоў.
Час. І вось сустракае ў «зоне» Бяляцкі сваё 50-годзьдзе. Юбілей.
Першакрыніца паняцьця юбілею — Біблія, кніга Лявіт, дзе ідзецца пра сьвятарства і асьвячэньне: на пяцідзясяты год кожны з выбранага Богам народа мусіў вяртацца ў сваё валоданьне і вызваляць прададзеных у рабства. Каб юбілею вызваленьня ўрэшце дачакаўся ўвесь народ — камусьці дадзена лічыць гэтыя гады. Дзень пры дні. Самотна.
У апошнім лісьце, датаваным якраз днём свайго юбілею, 25 верасьня, Алесь згадвае: «Жыцьцё як ранішні туман. Сьцелецца па лагах, то гусьцее, то рвецца на камякі, а як пачынае днець — танчэе, мадзее і зьнікае ўрэшце. І застаецца ад яго пару кропель расы, а потым і яна высыхае. Марнасьць марнасьцяў, рэха ў бясконцасьці, крык птушкі нябачнай.»
Амаль Эклезіяст.
І менавіта гэтым туманам пачынаецца вечнасьць, каторая нас чакае і вымяраецца ўжо не гадамі.
Бяляцкі, празь якога ў пару «Вясны» дапамогу атрымалі тысячы перасьледваных беларусаў, цяпер сам у турме і мае патрэбу ў салідарнасьці. Закон жыцьця. Зараз беларускае нацыянальнае адраджэньне жыве цярпеньнем і пакутай за ўвесь народ.
Але бяз гэтага шлях да вызваленьня беларусам не прайсьці — і каталік Бяляцкі гэта цудоўна ведае.
Бо менавіта так, дарогаю дапамогі людзям, трываньняў і болю да збавеньня ад зла, да праўды і любові, да перамогі над гвалтам пад белым-белым сьцягам з крываваю паласой калісьці праз Свайго Сына прайшоў па гэтай зямлі Сам Бог.
15 кастрычніка 2012 г.
XLIX. НАШЧАДКІ
І, паклікаўшы дзіця,
Ісус паставіў яго сярод іх
і сказаў: праўду кажу вам,
калі не навернецеся
і ня будзеце як дзеці,
ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае.
Мацьвея 18:2-3
Штотыдня ў каменду прылятае процьма рознакаляровых, у кветачкі, лістоў і паштовак, сьпісаных мілымі дзіцячымі почыркамі.