— О-о, Ігар! Прысаджвайцеся. Магу пачаставаць вас кафеінам... зь пячэнькам, а? Ну, расказвайце, як яно.
Слава размаўляе проста і пераканаўча. Бог ёсьць.
Верыш? Добра. А куды ты пасьля сьмерці збіраесься? Вырашай, што табе трэба. Хочаш жыцьцё вечнае? Бяры.
Гэткі душахват з гарачанькай гарбаткай і шчоўканьнем грэцкіх арэшкаў.
У свой час, жывучы ў інтэрнаце, Слава сьведчыў пра Бога глуханямому суседу. Той ледзь чуў. Даводзілася крычаць — і слухаў цэлы паверх.
Калі на складзе выдавалася зацішная хвіліна, Слава даставаў заўсёдную Біблію і трапна, амаль без дагортваньня, раскрываючы патрэбны разьдзел, зачытваў. Бывала, заходзіш на працу — і ўнутрана зьбіраесься, як у прысутнасьці Божай.
— Законы? А я жыву па нябесных законах — тут.
Дапаможа заўжды, але і праўду скажа ў вочы. О,
такім і ў царкве нялёгка — ды ці не на такіх камянях будуе Госпад Свой дом?
Дбаньне аб сваіх абавязках у сапраўднага верніка ў крыві: робіш не для сябе і нават не для людзей — для Бога. Сьведчыш пра Хрыста? — тады ня маеш права ня быць прыкладам сам. Але Слава ясна разумеў, што на складзе галоўная сутнасьць ягонай працы — адчыніць душам, якія блукаюць і пруцца ў пекла, выйсьце. Дзелавіты, засяроджаны, як жа перажываў ён кожную памылку, кожны крок, які зрабіў у сумненьні!..
Ён сьведчыў усім, каго сустракаў, — позіркам у вочы, ад сэрца. Не цягнуў, не валок сілком. Проста прыходзіў, паіў гарачай гарбатай і прапаноўваў: «Хочаш жыцьцё вечнае? Бяры».
— Заканчваецца мой час тут, — неяк сказаў мне Слава, — адчуваю, Бог дасьць нешта іншае.
Славу спрабавалі ўлучыць у «каманду» фірмы. Размовы. Нарады. Прэміі. Скідваемся на дні народзінаў. Але ў людзей, зьяднаных зарабляньнем грошай,
насамрэч няшмат агульнага з самотным і ўпартым вернікам. І «каманда» пачала Славу адпіхваць як чужака. Закон жыцьця: слабое звяно.
Урэшце Слава паклаў заяву на стол.
Пасьля бурнай, на некалькі гадзінаў, размовы з гаспадаром той ня спаў усю ноч. Нараніцу — падпісаў звальненьне безь ніякіх прэтэнзіяў, кантрактаў і рэвізіяў. Сказаў: уначы прачнуўся, а ўвушшу голас: «Адпусьці!»
«Шчасьліва вырваўся», — напаўголаса праводзілі Славу рабочыя.
Склад апусьцеў. Стол, за якім сядзеў Слава, перацягнулі ў бухгалтэрыю. Жыцьцё пайшло сваёй чарадой — але так, быццам жуеш бяз солі.
І раптам зваршчык Анатоль, зь якім Слава гутарыў у абед, прытарабаньвае ў бытоўку мех падабраных драўляных абрэзкаў: палі, Паш, печку. І раптам сусед-сьлесар Генадзь, маўклівы і ўнураны, зьнячэўку пачынае штодня частаваць цябе яблыкамі. А трактарыст-«хімік» Саня, якому Слава распавядаў пра Ісуса і якому вось-вось вызваляцца, просіць: «Ня кідай мяне! Выйду — сап’юся. Завядзі ў царкву...»
Слава Богу, ёсьць яшчэ такія людзі, як Слава. Самотныя. Ціхія. Непрыкметныя. Вандроўнікі.
Тыя, хто не шукае славы сабе, а жыве паводле апошняга правіла Евангельскай Рэфармацыі, распачатай паўтысячы гадоў таму Радзівілам менавіта на Берасьцейшчыне: Адзінаму Богу слава.
10 лістапада 2012 г.
LIII. РАЖКОУСКІ ЦУД
Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная,
і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава,
і Марыя Магдаліна.
Ісус, убачыўшы Маці і вучня,
які тут стаяў,
якога любіў, кажа Маці Сваёй:
Жанчына! Вось сын Твой.
Лукі 19:25-26
У нетрах Белавежскай пушчы, на адлегласьці мігценьня начнога маяка з камянецкае Белае вежы, ёсьць вёсачка. Вецер там заблытваецца і сьціхае ў найгусьцейшым вецьці, хаты тонуць у туманах да комінаў, сьпеўныя і драпежныя птушкі робяць у небе кола, выглядваючы чалавечую выспу сярод хваляў вечнага лесу, і высакародныя алені прыходзяць на падвор’і — пяшчотнымі цёплымі вуснамі падбіраць залатыя яблыкі.
Вёсачку клічуць Ражкоўка.
У верасьні 1942-га савецкі самалёт скінуў тут парашутыстаў-дыверсантаў. Немцы не ўпалявалі аніводнага, але ў перастрэлцы загінула двое патрульных.
Парашутысты зашыліся ў пушчу — ведама, далучыліся да партызанаў (потым такія на заданьне Масквы адстрэльвалі тутэйшых камандзіраў-незалежнікаў, каб падначаліць рух камуністам). А жыхароў вёсачкі сагналі разам, 57 сем’яў, і — па сотні за забітага жаўнера — павялі забіваць.
Дзяцей аддалі ў бліжэйшае мястэчка, падлеткаў і моладзь падрыхтавалі для адпраўкі чыгункай у Нямеччыну... Мужчынам загадалі капаць велізарную яму — два метры глыбіні, чатыры метры шырыні і дваццаць чатыры метры даўжыні.
Гэтая магільная яміна агаломшана зеўрае там і дагэтуль.