28 верасьня 1942-га, разявіўшы пашчу, яна ўбачыла ўсё. Расставілі кулямёты. Зачыталі загад: «За дапамогу бандытам і перахоўваньне савецкага парашутыста»...
Ашчэраная, гатовая скаўтнуць яшчэ цёплыя, сьсечаныя кулямі целы, яна прымружылася... І раптам убачыла ў небе самалёт зь нямецкімі крыжамі. Той пачаў зьніжацца, зрабіў кола і прызямліўся на ўзьлеску.
Ражкоўцы стаялі на краі ямы. Плакалі. Маўчалі. Маліліся...
А з самалёта вылез афіцэр, падышоў да зондэркаманды, прад’явіў там свае дакументы і папрасіў дзьве гадзіны пачакаць.
Нават яме, страшнай яме два метры глыбінёй, чатыры метры шырынёй і дваццаць чатыры метры даўжынёй, за гэтыя дзьве гадзіны зьвяло сківіцы.
Афіцэр аказаўся егерам Герынга, адкамандзіраваным для ўладкаваньня ўзорнай паляўнічай гаспадаркі Райха ў Белавежскай пушчы. Роўна празь дзьве гадзіны ён прывёз расстрэльнай камандзе новае распараджэньне са штаба.
І здарыўся цуд.
Вяскоўцаў распусьцілі па дамах. Дзяцей і моладзь вярнулі бацькам. Толькі яму засыпаць не дазволілі: маўляў, будзеце дапамагаць партызанам — прысуд уступіць у дзеяньне.
Нямецкі афіцэр прыехаў у ацалелую Ражкоўку праз два тыдні. І прывёз з сабой выразаную з дрэва выяву Мадонны, расфарбаваную сінім, чырвоным і залатым, зь Дзіцём у белым. На ягоную замову паводле падрабязнага апісаньня скульптурку зрабіў паранены жаўнер вермахта ў шпіталі.
— Вось што я бачыў у небе, калі пралятаў над
вамі, — тлумачыў немец празь перакладчыка. — Мадонна паказвала на зямлю, дзе былі вы. Калі б не Яна, я б не прызямліўся. Яна сказала мне спыніць расстрэл.
За некалькі месяцаў ражкоўцы сваімі сіламі пабудавалі ў вёсцы царкву і памясьцілі туды выяву Марыі. Зробленую немцам. Некананічную. З надпісам «28.9.1942».
Ужо ў 2000-х, пасьля адбудовы епархіі, царкоўныя ўлады распарадзіліся напісаць адмысловы абраз, згодна з праваслаўнымі канонамі, і дзе-нідзе на Палесьсі пачалі пераймаць традыцыю: Маці Божая Ражкоўская.
Цуд відавочны. Як не паверыш? Зьезьдзіце, самі паслухайце, пераканайцеся: ня казка. Яшчэ жывыя сьведкі ды іх нашчадкі. Выява Мадонны з Маленькім у Царкве. Зарослая яма на ўскрайку вёскі. І алені ўсё гэтак жа прыходзяць па залатыя яблыкі — не баяцца людзей...
Што можа сказаць чалавек няверуючы тым, хто быў уратаваны? Галюцынацыя пілота? Зьбег абставінаў? Гэта ж трэба было асу Герынга ляцець рыхтык там, дзе трэба, у той час, калі трэба, і прымроіць у небе самае тое, што трэба. А як пасьля палітрукі ды выкладчыкі навуковага атэізму мірыліся з Ражкоўскім цудам?
У тым і рэч, што ніяк.
У пушчу ня лазілі, у царкву не паткнуліся ды зрабілі выгляд, што нічога ў верасьні 1942-га ў той Ражкоўцы не адбывалася.
Інакш — давялося б пагалоўна расстрэльваць тых самых ражкоўцаў як непапраўна веруючых ужо самой бязбожнай уладзе.
У Ражкоўскім цудзе ёсьць нешта такое, што пераўзыходзіць і нянавісьць да нацыстаў ды камуністаў, і бездань нявер’я, і міжканфесійныя спрэчкі.
Які праваслаўны тут адмовіцца прыняць цуд, што прайшоў праз каталіка зь Люфтвафэ?.. І які пратэстант абвінаваціць лётчыка ў ідалапаклонстве?..
Мы дзівімся Віфлеемскаму агню. Мы шукаем знакаў веры, рэліквіяў і прарываў у Няведамае ў сеціве і па ўсім сьвеціве.
А тут — побач...
«Першы раз такое чую».
Дык прыслухайцеся: пачуеце яшчэ і не такое.
Як бы ні было страшна ды безнадзейна, якія б магільныя ямы ні прымушалі нас рыць на гэтай зямлі, часьцей падымайма вочы да неба. Няма такіх цудаў, каторых дзеля любові да людзей не зрабіў бы ў Беларусі Той, Хто нарадзіўся ў глухім кутку сьвету, у хляве, ад беднай Жанчыны маленькім безабаронным Дзіцём.
2 сьнежня 2012 г.
LIV. ТРЫАДЗІНАЯ КРАТНА
Бо тры сьведчаць на небе:
Айцец, Слова і Сьвяты Дух,
і гэтыя Тры — адно.
І Яна 5:7
— Праваслаўная?.. Усе мы праваслаўныя, правільна славім Бога, — кажа бацюшку шляхетнага выгляду каталічка, што вянчае сына з тутэйшай прыхаджанкай.
— Ну дык царква ж кафалічная, усяленская, — узаемна ўсьміхаецца малады бацюшка, — значыць, каталікі мы ўсё-такі!..
— Ды баптысты мы ўсе, баптысты, — далучаецца сам сын, які ходзіць у дом малітвы, — усе ж хрышчаныя, а «баптызо» і значыць «хрышчэньне».
Тут, у беларускай глыбіні, паспаліты люд часьцяком дзеліць уцаркоўленых на «нашых», «хрысьціянаў» і «веруючых». «Нашы» — гэта праваслаўныя, «хрысьціяне» — адпаведна, каталікі, ну а «веруючыя», вядома, — пратэстанты.
І як не пагадзіцца з пружанскімі суразмоўцамі — усе яны, хто верыць у Хрыста, нашы. Усе яны хрысьціяне. Усе яны веруючыя.