Ва ўнутраным беларускім моры, заліваным то царкоўнаславянскімі, то лацінскімі, то рэфармацкімі хвалямі, распушчаюцца і пераліваюцца адно ў адно ўсе адрозьненьні і вострыя грані, спароджаныя сусьветнымі разьдзяленьнямі. І праблісквае, прасьвечвае і калышацца ў беларускіх зьявах — глыбока, прамяніста — найвышэйшая любоў, зь якой калісьці ствараў гэты сьвет Госпад.
На цэнтральнай плошчы ў беларускім горадзе ці мястэчку спрадвеку праваслаўная царква, каталіцкі касьцёл і евангельскі збор прыязна глядзелі ў вокны адно аднаму: нарэшце сустрэліся!
Разыходзіліся, расколваліся, разьдзяляліся шмат дзе — у Рыме, Канстанцінопалі, Маскве, Аўсбургу, Трыдэнцы... Але вярнуліся адзін да аднаго ў Беларусь.
Містыка і ўзвышанасьць праваслаўя, выкшталцоная логіка і рацыя каталіцтва, пратэстанцкая простасьць і прага аднаўленьня — у трыадзіным беларускім хрысьціянстве наноў сышлася ўся поўня вучэньня Ісуса Хрыста, расьсеяная за дзьве тысячы гадоў па ўсім сьвеце.
«Дзе двое ці трое сабраліся ў Імя маё, там і Я сярод іх» — найвышэйшы сэнс беларускага сінтэзу, сфармуляваны ў Евангельлі. Талеранцыя, унія, унікальны
іканапіс, віленскае барока касьцёлаў, цэркваў і збораў— вынік хрысьціянскага трыадзінства па-беларуску. «Беларусь — краіна найперш хрысьціянская, а затым ужо праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая... Нас аб’ядноўвае крыж», — піша Адам Мальдзіс.
Бог-Айцец, Бог-Сын і Бог-Дух. Неспасьціжна, нязьлітна і непадзельна зьяднаныя любоўю — бо Бог ёсьць любоў.
І трыадзінства як уласьцівасьць Бога скразіць ува ўсім тварэньні, праблісквае ў сутнасьці чалавечай асобы ды будове народаў, праменіць у духовых фено-менах.
Нябесныя іерархіі, паводле айцоў Царквы, траістыя — і, не забудземся, менавіта траціна анёлаў на чале з сатаной адпала ад Бога. Чалавек — трыадзінства цела, душы і духу. Ідэальная ўлада — трыадзінства заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінаў. Нацыянальныя ідэі фармулююцца ў трыядах... Пасьля гэтага ня варта зьдзіўляцца таму, што мы існуём у трохмернай прасторы.
Тым больш — сусьветная царква, тая самая, «адзіная, саборная, апостальская». Бачная царква падзеленая — гэта факт. Але. Праваслаўныя найбольш ушаноўваюць Бога-Айца (згадайма, што ў Сімвале веры крыніцай паходжаньня Сьвятога Духа ўважаецца Бог-Айцец, тым часам як у каталікоў — «філіёквэ» — Айцец і Сын); каталікі зь іх хрыстацэнтрызмам, згаданым філіёквэ і асаблівым ушанаваньнем Панны Марыі найперш засяроджваюць увагу на Богу-Сыне, а пратэстанты, што сьвяткуюць на Пяцідзясятніцу дзень спасланьня Сьвятога Духа, Дзень царквы і шмат увагі надаюць дарам Духа, наймацнейшыя ў вучэньні пра Бога-Духа.
Таму, хто хоча адчуць усю поўню беларускага хрысьціянства, найлепш адзначыць Раство ў Касьцёле, Вялікдзень — усяночнай у праваслаўных, а Тройцу (яна ж Пяцідзясятніца) — у пратэстантаў.
Гістарычна менавіта хрысьціянскае трыадзінства было кропкай кіпеньня і пунктам грамадскага росту ў ВКЛ і Беларусі. Узаемапранікненьне, канкурэнцыя і сумоўе трох канфесіяй далі нам абуджэньне залатога веку — час найвышэйшых дасягненьняў. Праваслаўная Расея, каталіцкая Польшча, пратэстанцкія Нямеччына ды Швецыя ў розныя часы расьцягвалі Беларусь на кавалачкі. Але для краіны, што тысячу гадоў жыве на геапалітычным крыжы, увесь сэнс цэласьці ня ў выбары якой-небудзь адной канфесіі, а якраз ва ўсьведамленьні ўласнага трыадзінства.
Так беларускі геній Скарына, праваслаўнай традыцыі, на каталіцкай працы, паводле перакананьняў евангелік, сумясьціў у сабе ўсё найлепшае з канфесійнай Тройцы — і стаў постацьцю № 1 у нацыянальнай гісторыі.
Так трыяда сімвалаў — герб, гімн і сьцяг — у Беларусі адпаведная Боскім іпастасям: «Магутны Божа» ад Бога-Айца, бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста ад Бога-Сына і імклівая «Пагоня», што перадае палымяную моц Духа Сьвятога.
Скразіць, пераламляецца гранямі хрысьціянскае трыадзінства і ў беларускай глыбіні, на Пружаншчыне, вазьмі хаця ж апошняе стагодзьдзе: тут і заснавальнік евангельскай царквы на Берасьцейшчыне пратэстант Лукаш Дзёкуць-Малей, і найсьвядомейшы перакладчык Бібліі на беларускую мову праваслаўны Васіль Сёмуха, і першы з часоў падзелу Рэчы Паспалітай беларускі кардынал Казімір Сьвёнтак — усе ўтрох сьведчылі пра Бога і аддалі жыцьцё Беларусі.
Перад крыжовымі пакутамі, у страшную ноч Таемнай вячэры Ісус маліўся за адзінства вучняў, якое мае захаваць чалавецтва любоўю: «Хай будуць усе адзіна, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна — хай паверыць сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіна, як Мы адзіна. Я ў іх, і Ты ўва Мне: хай будуць паяднаныя ў адно, і спазнае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх як палюбіў Мяне»... Палічыце, колькі разоў у гэтых трох біблійных вершах сказана пра адзінства!