Выбрать главу

Пакуль у нацыянальным маштабе ня будзе ўсьвядомлена хрысьціянскае трыадзінства, пакуль любоў паміж вернікамі розных вызнаньняў ня сталася сутнасьцю дачыненьняў — шматканфесійнасьць Беларусі будзе яе слабасьцю.

І, наадварот, дасягнутае яднаньне ў справе адраджэньня народа і ацаленьня грамадства сфармуе капітальную маральную платформу для пераменаў ды шматкроць павялічыць жыцьцяздольнасьць і моц беларускасьці.

Гэта наш народ, складзены з вобразаў і падабенстваў Божых. І гэта не з Лукашэнкі, і не зь ягоных дзяцей ці чыноўнікаў, а з нас будзе спытана там — ці адпалі мы сьледам за трацінай анёлаў, ці ўтрая мацней высільваліся, каб быць хоць трошкі бліжэй да белай-белай, зьзяючай чысьцінёй і сьвятасьцю краіны Айца і Сына і Сьвятога Духа...

9 сьнежня 2012 г.

LVI. КАТАКОМБЫ КУПЛІНА

Схаваліся ў пячоры і ў цясьніны гор,

І кажуць гарам і камяням:

упадзеце на нас і схавайце нас

ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне,

і ад гневу Гасподняга.

Адкрыцьцё 6:15-16

Куплін — адна зь нямногіх назваў, якія ўзьніклі на мапе Беларусі дзякуючы незалежнасьці.

У СССР Купліна не было, а тым, хто цікавіўся, куды ж правалілася родавае гняздо самага плоднага пісьменьніка ў сьвеце Юзафа Крашэўскага, раілі прыкусіць язык, у іншым выпадку адправяць туды, дзе «ўсякія крашэўскія» заканчвалі.

Нават цяпер усюдыісны джыпіэс толькі робіць выгляд, што Куплін ведае: прыемны жаночы голас кідае аўто вандроўнікаў то на грунтоўкі, то на затравелыя прасёлкі, то ў ямы бруду. А хто ўсё-такі заехаў у зарослыя, вышчарбленыя руіны — і не здагадваецца, што апынуўся не ў забытай беларускай вёсцы, а на вяршыні цэлага падземнага горада.

Пасьля Карыбскага крызісу менавіта тут, у беларускай глыбіні, вакол колішняга аэрадрома, разбомбленага немцамі ў першы ж дзень вайны, імперыя рыхтавалася нанесьці ўдар па ўсім астатнім сьвеце.

Звышсакрэтны пункт сувязі Варшаўскай дамовы, ракеты, палі антэнаў, бэтээры, верталёты, самалёты — усю сваю магутнасьць Савецкі Саюз сьціскаў у бранявана-ядзерны кулак у глухой прорве за Белавежскай пушчай — хай толькі прыдзе час!..

І час прыйшоў.

Тут, у гэтым месцы, палеская раўніна зь пералескамі раптам сутаргава здрыгаецца. Горы бункераў. Лагчыны. Скалы жалезабетону.

Менавіта ў Купліне прарываўся з-пад зямлі, ярасна роў, грыз і ўздыбліваў узгор’і агромністы зьвер з таго сьвету.

Курганы, растрэсканыя ад удараў зьнізу, зеўраюць жэрламі, зуб’ем раскрышанага бетону і вострай арматуры. Мёртвай сырасьцю і тленьнем тхне з гэтых гіганцкіх нораў.

На кіламетры вакол — паўзасыпаныя акопы, каналы, зарослыя мохам ды ўзламаныя выбухамі кустоўя асфальтавыя плацы, кінутыя, пачарнелыя генеральскія альтанкі... Толькі дагэтуль па восені сыплюцца, то адзіночнымі, то з парывам ветру, чаргою, грукаюць у зямлю, спраўджваюць закон сусьветнага прыцягненьня яблыкі з дрэваў, зарослых падлескам.

Падсьвечваеш ліхтарыкам, мабільнікам, забіраесься ў засыпаныя выбухамі эмчээсьнікаў, а потым адкапаныя прагным беларускім народам пячоры — і заміраеш ад страхавітага захапленьня. Вялізныя залы з рабрыстымі паўкруглымі скляпеньнямі па 8-10 метраў вышынёй, са сьценамі трупнага адценьня, зь бетоннымі траншэямі да пояса (як сьведчаць мясцовыя, былі запоўненыя браняванымі кабелямі, з жыламі ў руку, медзь, тры даляры кіло). Ёмішчы, дзе стаялі гіганцкія рухавікі, пліты, лядоўні. Падземныя галерэі на сотні метраў... Усё выбрана, выламана, вышчарблена — і нема.

Калі вялікая армада адпаўзала адсюль назад, у нетры імперыі, у вайсковым гарадку пакінулі толькі вартаўніка.

І вось тут беларускі народ адарваўся за акупацыю, русіфікацыю, страх і прыніжэньне напоўніцу. Партызанскія групы пружанцаў з усяго навакольля перабежкамі атачылі калісьці недаступную крэпасьць, сьціскаючы ў руках «фугасы» чарніла. Хвіліна — і вартавы ціха-ціха абяцае нічога ня бачыць.

І вывозілі, выносілі, цягнулі пушчанскія мсьціўцы— лядоўні са сталоўкі і стэлажы зь бібліятэкі, сталы з бункера і сьвяцільні з бамбасховішча, дываны з кабінетаў і засаўкі з прыбіральняў... Прытарабаньвалі акумулятары, каб сьвяціць пад зямлёй цэлы дзень, санкі для цэглы, вёдры для балтоў і гаек. Рэзалі, пілавалі, выдзіралі зь мясам, нішчылі — а, халера на вас, таварышы камуністы, як дратавалі вы нашу зямлю, нашу вёску, наш лес — да голага каменя.