Трохпавярховую казарму, што стаяла за сёньняшняй камендай і на тарцы якой мясцовыя ўмельцы збудавалі Холмскую браму Брэсцкай крэпасьці з вышчарбінамі ад куляў, вайскоўцы збурылі танкам Т-72, згрэблі, згрудзілі ў вырыты катлаван самі — каб хоць гэта не пакінуць тутэйшым.
І засталіся толькі сутаргі вялізных земляных гарбоў, чорныя, затхлыя горлы, жылы тросаў ды запеклыя пацёкі ржаўчыны. Аграмадная напаўвырытая дамавіна.
Наш электрык Ігар узьдзіраў падлогу ў адным з бункераў (дошка-саракоўка, не прападаць жа дабру), знайшоў бутэльку з-пад сітро, 1969 года, з запіскай двух салдатаў з хатнімі адрасамі. Напісаў абодвум, ніхто не адгукнуўся.
Часам у ваколіцах Пружанаў пачуеш уздых пра Савецкі Саюз: «Эх, была дзяржава... Усе баяліся!»
І расхінаюцца ў душы пячоры, робіцца гулка ў галаве, і разумееш. Адтуль. Вось яно, падземнае рэха крышанага бетону і ржавага жалезьзя.
Пустата падземнага Купліна насьцярожвае. Гэтак жа, як і вайсковая форма старшыняў аблвыканкамаў, прызначаных генераламі. «Мы ответим на ПРО». Пра што гэта яны? Ды ўсё пра тое ж.
Яны ўсё яшчэ адкрытыя, гэтыя ўваходы ў пекла.
Яны пазяхаюць у чаканьні. Яны не зачыняюць сваіх кратовых ратоў.
Тое, што не пахавана, бясьсіла і бессаромна зеўрае ў неба. Разлагаецца. Заражае.
Велізарныя куплінскія катакомбы — гатовы музей для аблупленых ленінаў, гранёных шклянак, расстрэльных загадаў, крывавых сьцягоў, усіх выкапняў, помнікаў і сьведчаньняў той, яшчэ не пахаванай эпохі, калі чалавецтва вырашыла жыць бяз Бога.
23 сьнежня 2012 г.
LVII. МОВА ЛЮБОВІ
Калі я гавару мовамі
чалавечымі і анёльскімі,
а любові ня маю,
дык я — медзь звонкая або кімвал гулкі.
І да Карынфянаў 13:1
Размаўляеш па-беларуску — быццам цалуеш.
Павольна. Меладычна. Зь ціхай пяшчотай. Зь ненатольнай мяккасьцю. У плыні цеплыні, калі зацінае дыханьне... Вусны наліваюцца роднасьцю, пякуча спалучаюцца і балюча расстаюцца, насычаюцца смакам блізкасьці, растуляюцца, каб прыняць ласкавыя штуршкі языка, і час ад часу нецярплівае прыцмокваньне дзеканьня і цеканьня кроплямі падтаквае ў тахт: так, так, так крынічаць толькі сэрцы, якія б’юцца любоўю і каханьнем.
Чаму ж сёньня беларусы сплёўваюць сваю родную мову з рота як лішнюю сьліну?..
Ня любяць.
А можа, пытаньне ў іншым? Навошта Госпад даў краіне на скрываўленым скрыжаваньні мову настоль-
кі празрыстую, пяшчотную, мілагучную? Навошта ня рэзкую, гартанную, цьвёрдую, каб зь металам у канчатках або з прысмакам жоўці — а вось такую, дазваньня сьціплую, поўную ласкі, мяккую настолькі, што мяккі знак робіцца знакам яе якасьці?..
Беларуская — мова сэрца Еўропы.
Скрышталізаваная хрысьціянскім сярэднявеччам, яна загучала, калі мы яшчэ былі вольныя, у эпоху вялікага еўрапейскага абуджэньня. Мова першадрукароў Бібліі ва Ўсходняй Еўропе, мова евангельскіх місіянераў у Расеі, Прыбалтыцы, Украіне, Польшчы, афіцыйная мова цывілізацыі ВКЛ, сродак паразуменьня і дыпламатычных дачыненьняў ад Кракава да Масквы, ад Валахіі да Інфлянтаў...
Толькі мове любові, найчысьцейшай са славянскіх, было пад сілу сплавіць праваслаўе, каталіцтва, пратэстанцтва ў адным народзе, дасягнуць адной пасьпяховай уніі за ўсю гісторыю чалавецтва, перажыць зьнішчальныя войны і нянавісьць імперыяў— каб сьледам за Хрыстом раздаваць сябе, адрываючы па кавалках, суседзям. І гэта яна мігціць, пульсуе, пераліваецца і нават не патрабуе перакладу ў любові Міцкевіча, Сянкевіча, Манюшкі да Польшчы, Мсьціслаўца ды Сматрыцкага — да Ўкраіны, Дастаеўскага, Буніна, Глінкі — да Расеі.
Далікатная, трапяткая, самаадданая да самазабыцьця, яна спалучае шчымлівую яснасьць і ласкавую сьціпласьць, пакутлівасьць і ахвярнасьць, еўрапейскую вытанчанасьць і славянскую сілу.
У якой яшчэ мове так празрыста іграюць памяншальна-ласкальныя формы імёнаў — Кастусі, Міхасі, Андрусі, Марусі ды Алесі!.. У якой яшчэ мове так бруіць раскоша міленькіх да апошняй літаркі ўлюбёных суфіксаў, ад якіх уся гаворка прыпадабняецца да птушынага шчабятаньня?.. Унікальна поўнагалосая.
Другая ў Еўропе пасьля італійскай паводле сьпеўнасьці... Мігціць, прасьвечвае далёкая лёгкасьць і амаль незямная сьветліня — ці то казачнай эльфійскай, ці то нябеснай анёльскай.
Беларуская мова спалучае ў сабе ўсё багацьце пачуцьцяў, але любоў зь іх найбольшая.
«Мова наша сьвятая, бо яна нам ад Бога дадзеная» — патрыярх беларускага Адраджэньня пацэліў у самую сутнасьць.